Categories: Грамадства

Лепшая абарона – гэта нападзенне?

Менавіта такую стратэгію абралі праваахоўнікі Маладзечна, з якімі спрабуе судзіцца збітая маладая маці? паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Гэта гісторыя пачалася на Новы год у Маладзечанскім клубе «НЭО», дзе падчас адпачынку Алеся Садоўская ўбачыла, што ў яе знік тэлефон. Супрацоўнікі клуба па яе просьбе выклікалі міліцыю. Але праваахоўнікі паленаваліся скласці пратакол у святочны час і параілі звярнуцца ў РАУС пасля святаў. Просьбы маладой жанчыны дзейнічаць у адпаведнасці з законам іх толькі раззлавалі, і міліцыянты сталі паводзіць сябе задзірліва. Алеся запатрабавала паводзіць сябе карэктна ў адносінах да яе і прыстрашыла няветлівым супрацоўнікам скаргай у пракуратуру. Гэтыя словы на праваахоўнікаў паўплывалі непрадказальна – яны зацягнулі жанчыну за вугал будынка, дзе няма відэаназірання, пачалі збіваць яе, а пасля гвалтоўна запіхалі ў службовы аўтамабіль.

Пасля таго, як Алесю даставілі ў Маладзечанскі РАУС, катаванні не спыніліся. Супрацоўнікі міліцыі, разумеючы, што гэта справа ім так з рук не сыдзе, пачалі замятаць сляды і склалі 2 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да Алесі. Рэштку ночы  яна правяла ў РАУС у халоднай камеры, пры гэтым супрацоўнікі міліцыі яе абражалі і прыніжалі, доўгі час не давалі вады і ежы, ствараючы як фізічныя, так і псіхалагічна складаныя ўмовы для знаходжання.

На наступны дзень было разбіральніцтва ў судзе. “Яшчэ перад пачаткам працэсу да нас падыйшоў міліцыянт. Там было 20 чалавек, якія чакалі разгляду сваіх спраў. Кожнаму прапанавалі падпісаць паперу, дзе было напісана, што сваю віну прызнаю, але асаблівых тлумачэнняў, што гэта за дакумент, ніхто не даваў. Усе, акрамя мяне, гэту паперу падпісалі. Я сказала, што падпісваць не буду, таму што не лічу сябе ні ў чым вінаватай”, – кажа спадарыня Садоўская.

Тое самае Алеся паўтарыла і ў судзе. Суддзя Южык І.М. довады маладой маці зразумець не захацела, напрыканцы заявіўшы, што калі Садоўская будзе супраціўляцца, у яе могуць забраць малое дзіця, бо яна ноччу была ў клубе. Апроч таго, суддзя Южык прызначыла псіхіятрычную экспертызу для Садоўскай. У матэрыялах справы ёсць запіс, што ў суда маюцца звесткі пра тое, што Садоўская А.П. знаходзіцца на ўліку ў псіха-неўралагічным дыспансэры. Аднак у маладзечанскай медыцынскай установе Алесі далі даведку, дзе пазначана, што на такім уліку яна ніколі не знаходзілася. Адкуль у суда тады такія звесткі і чаму суд працягвае настойваць на экспертызе, незразумела. Выглядае на тое, што жанчыну хочуць запужаць, каб яна больш не адстойвала свае правы і прыняла пазіцыю праваахоўнікаў, прызнала сябе вінаватай.

Дарэчы, сярод шматлікіх заяваў па дадзенай справе, маюцца і скаргі ў адносінах да суддзі Южык. Адразу пасля гэтага суддзя патэлефанавала ў раённы аддзел адукацыі, каб ягоныя супрацоўнікі праверылі, у якіх умовах жыве дачка Алесі Садоўскай. Суддзя Южык пераконвала, што ў яе ёсць звесткі, што дзіця жыве ў недабранадзейнай сям’і. Цікава, што такі клопат аб дзіцёнку суддзя праявіла менавіта тады, калі ў адносінах да яе пачалася службовая праверка, раней лёс дзіцёнка яе не хваляваў. Дарэчы, падазрэнні суддзі Южык не апраўдаліся. У дзіцячым садку, куды ходзіць дачка Алесі Садоўскай, маладой маці далі вельмі станоўчую характарыстыку.

Трэці аргумент, які абвінаваўцы выкарыстоўваюць супраць Алесі, – алкагольнае ап’яненне. У пратаколе міліцыянтаў маецца запіс, што жанчына была моцна п’янай, неадэкватна паводзіла сябе ў грамадстве. Пасля начнога клубу Алесю спраўды прывозілі на экспертызу, аднак агляд не праводзілі. Супрацоўніца псіха-неўралагічнага дыспансэра запатрабавала, каб у яе прысутнасці міліцыянты не рабілі супрацьпраўных дзеянняў. Пры гэтым быў складзены падроблены пратакол агляду, дзе пазначаная адмова ад праходжання алкатэсту.

Паводле скаргі спадарыні Садоўскай Следчы камітэт Маладзечна праводзіў праверку. Выявілася, што ў пратаколах міліцыянтаў маюцца разыходжанні па часе  – затрыманне было ў 4 гадзіны раніцы, у пратаколе фігуруе 5 гадзінаў раніцы. Апроч таго, міліцыянты толькі пасля праверкі Следчага камітэта, пачалі вывучаць асобу абвінавачваемай – браць паказанні ў сведкаў, вывучаць відэаматэрыялы з начнога клуба, размаўляць з сябрамі і сваякамі Алесі.

Пасля таго, як гэта гісторыя ўпершыню з’явілася ў інтэрнэце, увага да асобы Алесі Садоўскай стала павышанай. Аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінаблвыканкама падрыхтаваў нават сваю версію разгортвання падзей. У паведамленні, якое не толькі з’явілася ў інтэрнэце, але было рэкамендавана для абавязковага распаўсюду ў дзяржаўных СМІ, апроч іншага, з’явілася інфармацыя, што Садоўская А.П. ужо прыцягвалася да адміністрацыйнага пакарання за хуліганства ў 2004 годзе. Але сама спадарыня Садоўская пра гэта нічога не ведае, напэўна, таму праваахоўнікі і не даюць падрабязнай інфармацыі, што за хуліганства яна здзейсніла ў 2004.

15 чэрвеня ў Маладзечанскі суд звярнуўся адвакат Алесі Садоўскай. Яму паведамілі, што ў бліжэйшы час дата паседжання прызначацца не будзе, а пазнаёміцца з матэрыяламі справамі можна ў любы час. Аднак у гэты ж дзень суддзя Южык раптоўна прыняла пастанову аб спыненні справы па сканчэнні тэрміну разгляду. Адвакат і яго падабаронная даведаліся пра гэта выпадкова ад сакратара суда. Апроч таго, стала вядома, што відэаздымкаў з начнога клуба ў матэрыялах справы няма, адпаведна, на судзе ў якасці доказаў іх таксама не разглядалі. Зараз спадарыня Садоўская разам з адвакатам рыхтуе скаргу ў Мінскі абласны суд з патрабаваннем спыніць справу праз адсутнасць правапарушэння. Адстойваць свае правы ёй дапамагаюць таксама праваабаронцы.

Крыніца: spring96.org

Darya

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

2 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago