Categories: Культура

Ці ведаюць беларусы пра сваю культуру?

Што думаюць беларусы наконт сучасных беларускіх “зорак” і чорнага спісу, якога афіцыйна не існуе? Як ставяцца да 75% беларускай музыкі ў эфіры? Ды увогуле, што ведаюць беларусы пра сваю культуру?

Гэта апошняя частка апытання, што было праведзена грамадскай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і лабараторыяй сацыялагічных даследаванняў “Новак” увесну 2012 года. Першыя дзве часткі (вынікі можна паглядзець тут і тут) былі прысвечаныя беларускай мове і гістарычнай памяці. Тэма апошняй часткі апытання – становішча беларускай культуры.

За апошні год 62% беларусаў ніводнага разу не былі нават у кінатэатры, 74% не наведалі ніводнай выставы, 69% не схадзілі ў тэатр і 59% не былі на канцэрце. Больш за 50% насельніцтва нашай краіны за год не наведалі наогул ніводнага культурнага мерапрыемства.

Пры гэтым на просьбу назваць самае яркае культурнае мерапрыемства, якое яны наведалі, 64% дарослых беларусаў не знайшлі што адказаць. Другім па папулярнасці стаў адказ “канцэрты” (9,0%), далей ідуць “Дажынкі” (3,8%), замыкае гэтую тройку адказ “тэатр” (3,3%).

Чым выкліканае такое бязрадаснае становішча з наведваннем культурных мерапрыемстваў і іх ацэнкай? На просьбу назваць прычыны, з якіх яны не наведваюць тэатраў, галерэяў, выставаў і г.д., 30% апытаных спаслаліся на тое, што ў іх не хапае грошай, 36% сказалі, што не маюць дастаткова часу, а 9,0% паведамілі, што культурныя мерапрыемствы не выклікаюць ніякай цікавасці.

Аднак пры ўсім гэтым, калі рэспандэнтам задалі пытанне “У якіх грамадскіх акцыях вы б хацелі ўзяць удзел?” большасць рэспандэнтаў (43%) адказалі “культурных”. За гэтым адказам з вялікім адрывам ідуць мерапрыемствы “па абароне правоў спажыўцоў” (21%) і “сацыяльныя” (19,5).

На пытанне “У якіх мерапрыемствах вы хацелі б браць удзел і ці хацелі б, каб іх было больш?” 54% назвалі канцэрты, 35% — фестывалі, а 27,5% — фільмы пра гісторыю краіны.

Мы вырашылі даведацца таксама і пра знакамітую квоту ў 75% беларускай музыкі. Што думаюць нашыя суграмадзяне? Ці значыць гэта, што прынамсі палова гэтай музыкі мусіць быць на беларускай мове? 54% сказалі, што мяркуюць іначай, але 22% пагадзіліся з гэтым сцверджаннем, пры гэтым амаль такая ж колькасць рэспандэнтаў не змагла вызначыцца з адказам.

Што да іншых “дзяржаўных захадаў”, дык пра знакамітыя “чорныя спісы” выступоўцаў, якіх афіцыйна не існуе, чуў толькі 21% беларусаў, астатнія знаходзяцца ў няведанні.

Адносна папулярызацыі беларускай культуры толькі 17,6% беларусаў лічаць, што дзяржава робіць дастаткова ў гэтай галіне, 39,2% лічаць, што хутчэй дастаткова, 26,4% — хутчэй недастаткова і 7,4% — зусім недастаткова.

Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” праводзіць шмат мерапрыемстваў па ўсёй краіне з удзелам музычных гуртоў, бардаў, пісьменнікаў. Мы апыталі беларусаў на веданне людзей, што сёння ствараюць незалежную беларускую культуру. Выявілася, што вядомасць гэтых людзей не такая малая, нягледзячы на тое, што пра іх не пішуць дзяржаўныя СМІ. Так, Лявона Вольскага ведае амаль 23% беларусаў, Уладзіміра Пугача – 15%, Змітра Вайцюшкевіча — 10,4%. Сярод гуртоў найбольш вядомыя “Ляпіс Трубяцкой” — 68%, J:Морс — 45% і “Крамбамбуля” — 37%, “Без білета” — 31,5%. Адносна пісьменнікаў: Рыгора Барадуліна ведае 63% беларусаў, Ніла Гілевіча — 60 %, а Уладзіміра Някляева — 45,5 %.

За дваццаць гадоў існавання незалежнай беларускай дзяржавы нашыя культурныя дзеячы стварылі цікавыя і адметныя культурныя прадукты, сучасныя і разнапланавыя. Аднак доступ да гэтай культуры мае толькі невялікі адсотак нашых суграмадзянаў, якім даводзіцца прыкладаць намаганні, каб пазнаёміцца з ёй: вышукваць у афішах рэдкія канцэрты ў асноўным на прыватных пляцоўках, шукаць у інтэрнэце кнігі. На думку кампаніі “Будзьма беларусамі!” гэта звязана перш-наперш з дзяржаўнай палітыкай па папулярызацыі сучаснага нацыянальнага культурнага прадукту. Большасць творчых здабыткаў музыкаў, пісьменнікаў, мастакоў папросту ігнаруюцца тымі, хто мусіў бы рупіцца пра іх папулярызацыю, перавага ж аддаецца калектывам і творцам, чыя эстэтыка засталася ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя.

Darya

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

5 дней ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

2 тыдні ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

3 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

3 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

4 тыдні ago