Грамадства

У Брэсце ўзяліся за анархістаў

У Брэсце на кватэрах у чатырох анархістаў 6 верасня адбыліся ператрусы, нагодай для якіх стаў муляж выбуховай прылады, знойдзены яшчэ 8 лютага бягучага года ў сметніцы на вуліцы Янкі Купалы.Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Была ўзбуджана крымінальная справа, якой займаецца следчы Маскоўскага РАУС лейтэнант Несцярук.

Вынікам ператрусаў стала канфіскацыя сістэмных блокаў і флэшак, а таксама выклік на допыты ў КДБ.

На думку актывіста кампаніі “Гавары праўду” Валянціна Лазарэнкава, да якога па дапамогу звярнуліся анархісты, ідзе звычайнае запалохванне моладзевых актывістаў, каб знізіць іх палітычную і грамадзянскую актыўнасць падчас выбарчай кампаніі.

Па словах Лазарэнкава, ніхто з чатырох маладзёнаў, у каго правялі ператрусы, не жыве ў мікрараёне, дзе знайшлі муляж выбуховай прылады. Двух з іх – Юрыя Міляўскага і Аляксандра Казлянка – Лазарэнкаў добра ведае. Яны жывуць побач з ім, і пастаянна з ім стасуюцца. Нічога дрэннага пра гэтых маладзёнаў Лазарэнкаў сказаць не можа. Вядома яму толькі тое, што хлопцы стаяць на пазіцыях антыфашыстаў, за што не раз цярпелі ад пераследу як прыхільнікаў фашысцкай ідэалогіі, так і сілавых структур.
Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ