Еўраклуб

У CouchSurfing з’явілася суполка для тых, хто гаворыць па-беларуску ці вывучае беларускую

Добрая навіна ад generation.by! У CouchSurfing з’явілася суполка якая аб’ядноўвае беларускамоўных вандроўнікаў ва ўсім свеце!

Першая суполка для тых, хто гаворыць па-беларуску ці вывучае беларускую мову, з’явілася ў самай папулярнай у свеце сацыяльнай сетцы для вандроўнікаў у пачатку верасня. Праз яе можна пазнаёміцца з замежнікам, што вывучае беларускую, а, можа быць, нават і пажыць у ягонай хаце.

Фота: Юля Сакалоўская

Фота: Юля Сакалоўская

«Каб размаўляць па-беларуску, патрэбны высілак. Ідэя дадзенай суполкі — зрабіць такі высілак больш лёгкім. Беларусы цяпер жывуць паўсюль, у дадатак ёсьць беларускамоўныя немцы, італьянцы, японцы… Чаму б і нам самім не скарыстацца нашай гасьціннасьцю і жаданьнем гаварыць па-беларуску?!!», — гаворыцца ў апісанні суполкі «Беларуская — Belarusian — Bielaruskaja».

Цяпер у суполцы сябры, большасць з іх нарадзіліся ў Беларусі, але зараз жывуць у самых розных крапках свету: ад Каліфорніі да Даніі. Ёсць і некалькі беларускамоўных замежнікаў.

«Калі падарожнічаеш, можа прыдацца знайсьці чалавека, які гаворыць па-беларуску: ці то гэта Менск, ці Бангкоr, — бо так прасцей, ці мо каб скарыстацца яшчэ адной нагодай удасканаліць мову, ці каб дапамагчы іншаму гэта зрабіць», — піша блог «Беларусы ў Вялікабрытаніі».

Акрамя супольнага вывучэння беларускай сэрвіс CouchSurfing дазваляе дапамагчы людзям, якія падарожнічаюць, знайсці месца для таго, каб спыніцца бясплатна, і заадно пазнаёміцца з мясцовым жыццём. Верагодна, беларускамоўныя ўдзельнікі суполкі значна больш ахвотна дапамогуць з пошукам такога месца.

Цяпер CouchSurfing аб’ядноўвае некалькі мільёнаў чалавек з практычна ўсіх краінаў свету. Большасць з іх гаворыць па-ангельску. Напрыклад, у парыскай групе, як і ў групе Беларусь, амаль усе паведамленні пішуцца па-ангельску ці дублююцца на ангельскую.

Пакінуць адказ