Грамадства

Тры рэгіёны Брэстчыны далучыліся да праекта па супрацьдзеянню хатняму гвалту

Паводле статыстыкі, якая была агучана падчас адмысловага “круглага стала”, кожнае дзесятае тэлефанаванне на нумар 102 паступае ад ахвяр хатняга гвалту. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Такім людзям патрабуецца не толькі тэрміновая псіхалагічная дапамога, але і магчымасць некаторы час змяніць месца жыхарства. У Брэсце ўжо некалькі гадоў пры Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна існуе “крызісны пакой”. Але на працягу года тут бываюць толькі 8-10 жанчын, бо каб засяліцца ў такі пакой, трэба пераадолець шмат бюракратычных перашкодаў. Напрыклад, жанчына мусіць заключыць адмысловую дамову з Цэнтрам і прадставіць шмат даведак, што немагчыма, калі ахвяра хатняга гвалту раптоўна пакінула месца свайго сталага пражывання. Дапамагчы ў зборы адпаведных дакументаў можа міліцыя, але ахвяры ў некаторых выпадках неахвотна звяртаюцца ў праваахоўныя ворганы. Таму эксперты бачаць выйсце ў тым, каб максімальна спрасціць працэдуру засялення ў “крызісны пакой”.

Акрамя Брэста да праекта, які ажыццяўляецца па ініцыятыве Фонда ААН па народанасельніцтву і накріаваны на прадухіленне хатняга гвалту і забеспячэння гендэрнай роўнасці, далучыліся Кобрынскі і Камянецкі раёны. Праект прадугледжвае дадатковае абсталяванне “крызіснага пакоя” ў абласным цэнтры, адкрыцця такога пакоя ў Кобрыне, а таксама захады для больш даступнай псіхалагічнай і юрыдычнай дапамогі для ахвяраў гвалту.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ