Грамадства

Грамадзяне і НДА выступаюць супраць знішчэння балотаў

Аргкамітэт грамадскай кампаніі «У абарону беларускіх балот» звярнуўся з афіцыйным зваротам, які датычыцца рэалізацыі Пастановы Саўміна РБ № 794 .Паводле праваабарончага цэнтра “Вясна”.

У калектыўным тэксце грамадскія арганізацыі Беларусі выказваюць пратэст супраць распрацоўкі балотных тэрыторый у межах ахоўваемых заказнікаў.

Аўтары зварота спасылаюцца на даследаванні навукоўцаў НАН, у прыватнасці Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах. Паводле высноў даследчыкаў, калі балоты перааруць, страты ў экалогіі будуць несуразмерныя эканамічнай выгодзе па здабычы торфу.

Складальнікі звароту заўважаюць, што прынцып «экалогія важнейшая за эканоміку» закладзены і ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, а менавіта ў Законе «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях».

Супраць знішчэння балотаў выступаюць таксама мясцовыя жыхары прылеглых тэрыторыі. Пры зборы подпісаў у абарону заказніка «Вецярэвічы» ў Пухавіцкім раёне сельскія жыхары згадвалі не толькі пра журавіны і лекавыя травы, якія яны збіраюць на балоце, але і пра падзенне ўраджая ў суседніх вёсках, дзе ўжо прайшла меліярацыя.

Улады пакуль ігнаруюць настойлівыя звароты ад грамадзян. Па загадзе Мінаблвыканкама Пухавіцкі райвыкам да 19 красавіка павінен быў вывесці з заказніка частку зямель для іх распрацоўкі, якую будзе ажыццяўляць Старобінскі торфабрыкетны завод. Парадокс у тым, што на складах прадпрыемства ляжаць тысячы тон прадукцыі, якую яны не могуць рэалізаваць.

Збор подпісаў у абарону заказніка “Вецярэвічы” арганізаваны і онлайн. Актыўную пазіцыю па гэтым пытанні займаюць таксама беларускія НДА – 90 арганізацыі выступілі за захаванне балот.

Агулам супраць асушэння балот-заказнікаў сабрана каля 20 тысяч подпісаў. Разам са зваротам яны былі накірваныя ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, Савет Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства энергетыкі, Мінскі абласны выканаўчы камітэт.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ