Грамадства

Улады высяляюць сям’ю да канчаткова судовага разбіральніцтва

Беспаспяховымі былі захады сям’і Гадуноў давесці праз судовыя інстанцыі, што рашэнне гарвыканкаму пра непрыдатны стан дома №18 па вуліцы Герояў абароны Брэсцкай крэпасці, неабгрунтаванае.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, разбіральніцтва вакол будынка, які знаходзіцца зусім побач з цэнтральным гарадаскім паркам Брэста, цягнецца не адзін год. У выніку Уладзіміру Гадуну так не ўдалося пераканаць суд, што драўляны дом, дзе жыве ягоная сям’я, не знаходзіцца ў аварыным стане, а мясцовыя ўлады проста намагаюцца атрымаць участак зямлі ў вельмі прывабным месцы, які можна прапанаваць інвестарам за добрыя грошы.

Уладзімір Гадун працягвае абскарджваць судовыя рашэнні, што былі вынесеныя на карысць гарвыканкаму, але прадстаўнікі ЖЭС праявілі нецярплівасць і, выклікаўшы судовых выканаўцаў і міліцыю, 12 ліпеня паспрабавалі паскорыць прымусовае высяленне сям’і Гадуноў (замест уласнага будынку ўлады прапанаюць кватэру ў аддаленым мікрараёне Брэста). Адзінае, што ўдалося гаспадару дому пасля перамоваў у гарвыканкаме, гэта дамагчыся адтэрміноўкі высялення на адзін тыдзень.

Як распавёў Уладзімір Гадун, акрамя зваротаў ва ўсе судовыя інстанцыі ён пісаў лісты і ў Генеральную пракуратуру, і спрабаваў пераканаць, што рашэнне наконт непрыдатнага стану для пражывання ў згаданым будынку, не мае падставаў. Так, Гадун сцвярджае, што яго жытло цалкам прыгоднае, бо забяспячана вадой, газам, ацяпленнем, каналізацыяй. Акрамя таго, дом знаходзіцца побач з гарадскім паркам, дзіцячымі і медычнымі ўстановамі. Усяго гэтага бракуе ў мікрараёне Паўднёвы, куды ўлады спрабуюць прымусова перасяліць сям’ю Гадуноў.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ