Грамадства

У Бярозаўскім раёне адбыўся сход сяльчан, нязгодных з ліквідацыяй свіней

Каля сельвыканкама ў вёсцы Сялец 13 жніўня адбыўся народны сход, арганізаваны вяскоўцамі, на якім прысутнічала 150 чалавек.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, з запрошанага кіраўніцтва былі старшыня Сялецкага сельвыканкама Уладзімір Хілько, намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Данута Гардзеева, выконваючы абавязкі сельгасупраўлення Аляксей Жоўцікаў і галоўны ветурач раёна Генадзь Белавешкін. Запрошаныя адпаведныя супрацоўнікі з Брэсцкай вобласці і работнікі пракуратуры раёна і вобласці запрашэнне праігнаравалі.

Галоўная мэта сходу – дабіцца адмены рашэння Бярозаўскага райвыканкама ад 5 жніўня аб ліквідацыі свіней да 15 жніўня з прыватных падворкаў у 17 вёсках, якія трапілі ў 5-кіламетровую зону бліз невялікіх фермаў вёсак Сашыца і Хойнікі, або дабіцца адтэрміноўкі рашэння для таго, каб мець магчымасць абскардзіць у вышэйшых інстанцыях. Сяльчане спасылаюцца на тое, што раён не ўваходзіць у 40-кіламетровую буферную зону ад эпіцэтра эпідэміі, а фермы маюць малое пагалоўе і не адпавядаюць санітарна-гігіенічным патрабаванням фермаў.

Трэба адзначыць, што падтрымкі ў прысутных чыноўнікаў людзі не знайшлі. Тыя патрабавалі падпарадкавацца рашэнню, а потым ужо скардзіцца. Паабяцалі данесці кіраўніцтву раёна патрабаванні людзей, якія пазначаны і ў пратаколе сходу.

Людзі рашуча настроены абараняць сваю ўласнасць, бо для большасці свінагадоўля дапамагае выжыць пры пенсіі або заробку ў паўтары мільёны рублёў.

Данута Гардзеева запэўніла, што кампенсацыя крыху больш за 18 тысяч рублёў за кілаграм і 600 тыс. рублёў за галаву да 30 кілаграм будзе выдадзена з бюджэта на другі дзень пасля здачы. Але людзі не паверылі, паколькі ў акце аб утылізацыі пункт аплаты адсутнічае, і яго адмовіліся туды ўнесці нават па патрабаванню людзей. Аляксей Жоўцікаў сказаў, што адказных за аплату няма.

Людзі настроены рашуча змагацца за сваю прыватную ўласнасць. Яны збіраюцца абскарджваць Пастанову райвыканкама ў аблвыканкаме, пракуратуры і судах.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ