Аўтары скаргі заўважаюць, што мясцовыя ўлады ў сваім лісце праігнаравалі запыт жыхароў аб зробленых захадах наконт рамонту тратуараў і дваровай тэрыторыі, што знаходзіцца ў незадвальняючым стане. Паводле Правабарончага цэнтра “Вясна”.
У чэрвені 2013 года жыхары дома №28 па вуліцы Валгаградскай у Брэсце накіравалі калектыўны зварот у гарвыканкам з нагоды аварыйнага стану пад’яздных дарог, разбураных тратуараў у двары, адсутнасці дзіцячай пляцоўкі. Акрамя таго, жыхары гэтага дома звярталі ўвагу на тое, што ў адпаведнасці з дамовамі найму жылых памяшканняў і дамовамі аб аказанні жыллёва-камунальных паслуг яны штомесяц робяць плацяжы, аднак сапраўднага тэхнічнага абслугоўвання няма. Пры гэтым невядома, куды накіроўваюцца сродкі, што пералічваюцца на адаведны рахунак жыллёва-камунальнай службы.
У адказе гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні Мікалая Бясько паведамлялася, што дваровая тэрыторыя каля згаданага дома знаходзіцца ў належным стане і што дзіцячая пляцоўка прыведзена ў парадак, а далей нагадваецца, што “ў адпаведнасці з Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі жыхары абавязаны трымаць у чысціні і парадку жылыя памяшканні, не пакідаць смецце ў кабінах ліфта і на дваровай тэрыторыі”.
Жыхары дома абураны такім адказам, бо яны сцвярджаюць, што і без гэтага напаміну выконваюць свае абавязкі. У той жа час у адказе гарадскіх уладаў нічога не гаворыцца аб прынятых захадах наконт рамонту тратуараў і дваровых пад’язных дарог, якія знаходзяцца ў нездавальняючым стане. “Мы лічым, што атрыманы адказ з гарвыканкама з’яўляецца фармальнай адпіскай, бо да цяперашняга часу пад’язныя дваровыя дарогі і тратуары знаходзяцца ў разбураным стане і ніякіх мер па ліквідацыі гэтых разбурэнняў службамі ЖКГ не прымаюцца”, – кажа Тамара Прылоўская, якая з’явілася ініцыятарам скаргі наконт дзеянняў гарвыканкама. Аўтары скаргі лічаць, што ўлады парушылі заканадаўства аб зваротах грамадзян і не прынялі захады для поўнага, аб’ектыўнага і ўсебаковага разгляду ранейшага калектыўнага звароту.
Крыніца: spring96.org