Грамадства

Баранавічы: за гвалтоўныя дзеянні адносна вучаніцы 4-га класа прабачэння пакуль не папрасілі

Настаўніца музыкі СШ № 14 прымяніла гвалтоўныя дзеянні да вучаніцы адзінага ў горадзе беларускамоўнага 4-га класа Ясі Малашчанка за нежаданне слухаць афіцыйны гімн. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Маці дзяўчынкі Таццяна Малашчанка паведаміла, што інцыдэнт здарыўся яшчэ 13 верасня, калі настаўніца на ўроку музыкі распавядала пра афіцыйныя дзяржаўныя сімвалы.

– Мая дачка заявіла, што лічыць цяперашні гімн дрэнным, бо ў ім не спяваецца пра Бога, і назвала сваім гімнам спеў «Магутны Божа». А калі настаўніца пачала спяваць цяперашні гімн, то Яся закрыла вушы рукамі. Зусім нечакана настаўніца накінулася на Ясю і пачала адцягваць яе рукі ад вушэй і біць па руках, – паведаміла Таццяна Малашчанка.

Мама вучаніцы дадала, што калі ж даведзеная да слёз дзяўчынка паспрабавала выйсці з кабінета, то настаўніца пачала здзіраць з яе заплечнік, працягваючы біць па руках.

З моманта здарэння ўжо прайшло больш за тыдзень, але ніхто з адміністрацыі школы і нават настаўніца так і не папрасілі прабачэння ні ў Ясі, ні ў сям’і Малашчанкаў.

Сям’я Малашчанкаў вядомая ў Баранавічах не толькі тым, што раней мела невялікую гандлёвую краму “Вадзянік”, але і стварэннем у горадзе адзінага беларускамоўнага класа.

Яся Малашчанка пакуль не ходзіць на ўрокі музыкі.

Фота: Яся Малашчанка грае на флейце на адкрыцці турыстычнай аграсядзібы “Ліцьвінаў кут”

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ