Categories: Экалогія

Залессе знаёміць з таямнічымі совамі

Для тых, хто знаёмы з дзейнасцю ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», гэта быў чарговы савіны летнік. Для тых, хто не можа назваць сябе арнітолагам, гэта была магчымасць стаць бліжэй да птушак. 26 кастрычніка вёска Залессе сустракала людзей, неабыякавых да прыроды.

Камуфляж

Каб адчуць сябе часткай прыроды, прыгадаць свае першабытныя інстынкты, з’яднацца з наваколлем у адзіную прастору без адчування часу, трэба ехаць далёка за горад. Толькі тут у лясной глушы, дзе ледзь ловіць антэнка мабільніка, а ў вясковыя хаткі на 10 хвілін заязджае аўтакрама, можна пабачыць сапраўды дзікіх лясных жыхароў. І калі пашанцуе, нават пазнаёміцца з імі.

Савіны фэст, як эксперымент

У гэтым годзе ў рамках традыцыйнага летніку “Начныя жыхары ляСОЎ”, арганізаванага Брэсцкім абласным аддзяленнем «Аховы птушак Бацькаўшчыны» (далей АПБ), вырашылі правесці Савіны фэст. Як кажа ўладальнік аграсядзібы “Залессе” Сяргей СІДАРУК, “паколькі мерапрыемства часткова праходзіць на маёй тэрыторыі, я прапанаваў прыцягнуць да савінага лагеру больш увагі з боку грамадства і зрабіць свята для тых, хто цікавіцца аховай прыроды.”

У выніку на восеньскія выходныя ў Залессі сабралося каля 60 чалавек. Сярод якіх былі і непасрэдныя прадстаўнікі АПБ (дырэктар Віктар Фянчук, старшыня Брэсцкага аддзялення Дзяніс Табуноў, старшыня Заходне-Палесскага аддзялення Юрый Янкевіч), і прафесійныя арнітолагі, і заахвочаныя бёдуотчары*, і пачынаючыя шанавальнікі прыроды. Ехалі з Менску, Гродна, Брэсту, Масквы, Піцеру, Кіева. Ехалі машынамі, рэйсавымі аўтобусамі, цягнікамі і нават аўтаспынам.

*бёдуотчары – назіральнікі за птушкамі (ад англ. bird-птушка, watch-глядзець).

Сымбаль фэсту выбіралі нядоўга, Сяргей растлумачыў, што “па-першае, сава – птушка вельмі эфектная, і апошнім часам даволі папулярная ў дызайнерскіх рэчах. Па-другое, у нашых мясцінах водзіцца даволі шмат рэдкіх відаў соў. Штось ёсць такое таямнічае ў птушцы, якая вядзе змрочны лад жыцця”.

Пачынаецца Савіны фэст інфармацыйнымі прэзентацыямі ад лепшых птушкаведаў Берасцейшчыны. Мы даведаліся, што ў Беларусі сустракаецца 13 відаў соў. Самы вялікі з іх пугач, які дасягае 80 см у вышыню, а самы маленькі сычык вераб’іны, які лёгка змесціцца на далоні. Кожная сава мае свае знешнія асаблівасці. Дзюба, кіпцюры, вочы, і канечне, пёры ствараюць прыгожыя (і часам смешныя) ўборы.

“…першую пару соў я знайшоў на старых могілках”

У перапынку на абед арнітолаг, які мае досвед працы з іншаземнымі бёдуотчарамі, Дзяніс КІЦЕЛЬ дзеліцца сваімі ўспамінамі пра першае знаёмства з савой і пачуццямі ад таго, што робіць добрую справу:

“Я зацікавіўся птушкамі, калі быў школьнікам. Трапіўшы на з’езд АПБ, я пазнаёміўся з аднадумцамі і пачаў займацца птушкамі свядома. Паступова маё захапленне перарасло ў прыродаахоўную дзейнасць.

На сённяшні дзень мая цікавасць – совы. Людзей заўсёды прываблівае нешта незвычайнае, чароўнае. І вось калі крочыш уначы, адзін, па лесе… і чуеш крык савы – гэта тая асалода, якую я адчуваю падчас сустрэчы з савой. Неяк я блукаў у наваколлі свайго горада (Маларыта) і знайшоў першую пару соў вушатых, якія гнездаваліся на старых могілках. Потым штовечар мы з сябрамі хадзілі туды і назіралі, як гэтыя совы угукаюць, прыносяць корм маленькім… Мяне гэта скарыла! На усё жыццё.

Падчас навучання ва ўніверсітэце я збіраў інфармацыю па совах, якія выкарыстоўваюць штучныя гняздоўі. Гэта было патрэбна для распрацоўкі сістэмы прыцягнення відаў на асобныя тэрыторыі, дзе яны могуць быць карыснымі. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы совы могуць ратаваць пасевы. Такім чынам, працуюць біялагічныя метады змагання з грызунамі, без ужывання ядахімікатаў.

Шматлікія віды нашай дзейнасці досыць стомныя – ідзеш па балоце 10 км і цягнеш на спіне платформу для савы. Але калі бачыш плён сваіх цяжкасцяў! Вось совы пасяліліся на гэтым месцы, яны вывелі нашчадкаў, птушаняты разляцеліся, занялі новыя тэрыторыі. Я кожны дзень магу перажываць гэта зноў і зноў. І мая праца мне ніколі не надакучыць.

Я лічу, што пачынаць вывучаць прыроду няпозна ніколі. Дзе б мы ні жылі, прырода паўсюль вакол нас. Няўжо чалавеку не цікава самасцвердзіцца нават перад самім сабою, што ён ведае, па якой траве ходзіць, пад якім дрэвам сядзіць і якая птушка спявае ў яго над галавой.”

Разам з Дзянісам мы ўдзельнічаем ў збудаванні савінага доміку і працэсе кальцавання сініцы вялікай і адначасова атрымліваем веды пра тое, як па афарбоўцы пёраў даведацца пра пол птушкі ды яе ўзрост. Таксама падчас фэсту ёсць шанец набыць самаробныя “савіныя” сувеніры і палюбавацца фотавыставай. А гарачая “самаварная” гарбатка з абаранкамі, юшка ды наварысты плоў дадаюць моцы і настрою, каб працягваць птушыныя вячоркі.

“Каб стаць бёдуотчарам, дастаткова набыць бінокль і вызначальнік”

Сямён ЛЕВЫ (спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ) у гэтым годзе з’яўляецца лідэрам па колькасці пабачаных відаў птушак на Беларусі – 236 за год! Пры тым што ў нашай краіне на сёння афіцыйна зарэгістравана 325 разнастайных відаў. А літаральна 3 дні таму Сямён саступіў першае месца арнітолагу Івану Багдановічу ў рэйтынгу за ўвесь час назіранняў за птушкамі (зараз у Івана на рахунку 265 беларускіх птушак).

Сямён распавядае карысную інфармацыю для тых, хто мае жаданне далучыцца да бёдуотчараў:
“У свеце бёдуотчынг зараз вельмі папулярны. Аматары птушак з Велікабрытаніі і ЗША марнуюць вялікія грошы, каб прыехаць у экзатычную краіну і папоўніць асабісты спіс пабачаных відаў. Напрыклад, знакаміты бёдуотчыр англічанін Том Галік бачыў больш за 9 тысяч відаў птушак, а на Зямлі ўвогуле налічваецца 10 тысяч відаў.

У Беларусі таксама ёсць некалькі відаў, якія цікавы для назірання не толькі еўрапейскім, але і бёдуотчарам усяго свету. Перш за ўсё гэта чаротаўка вяртлявая, у асноўным яна сустракаецца толькі ў Беларусі, Украіне і Польшчы. Таксама цікавяць такія віды, як арлец вялікі, кугакаўка барадатая, сініца белая, кулік-марадунка, разнастайныя віды дзятлаў.

Каб стаць бёдуотчарам, не трэба купляць шмат абсталявання, як для рыбалкі ці палявання. Дастаткова набыць бінокль і вызначальнік (кніга з апісаннем птушак). Некаторыя бяруць яшчэ фотаздымач ці глядзельныя трубы, якія дазваляюць бачыць аб’екты на вялікай адлегласці.

Птушак увогуле можна назіраць у любым месцы, у любы час. Яны актыўныя і ўначы, і ўдзень. Жывёл, канечне, таксама можна знайсці і ўбачыць, але яны трапляюцца на вочы значна радзей. А птушкі заўсёды побач з чалавекам. І яны захапляюць сваёй здольнасцю лётаць, сваімі спевамі, сваёй яскравай афарбоўкай!”

 

Калі вы раптам пабачыце рэдкую птушку (ці палічыце яе рэдкай), вам трэба звярнуцца ў спецыяльную арніта-фауністычную камісію, каб вашы назіранні не згубіліся. Зрабіць гэта проста: на сайце birdwatch.by запаўняеце спецыяльную картку з вашымі назіраннямі і дасылаеце яе на зацвярджэнне камісіі. Вялікай перавагай будзе фотаздымак птушкі! Бо бывае, што па адной прыкмеце, бачнай на фота, можна вызначыць від птушкі.

А калі назбіраеце ў сваю скарбонку 100 відаў птушак на тэрыторыі Беларусі, можна смела запісвацца ў Клуб 200 пры АПБ. Клуб дапамагае яго сябрам хутка абменьвацца інфармацыяй пра рэдкіх птушак і пра тыя месцы, дзе іх можна пабачыць.

Столькі карысных ведаў пра прыроду сёння! І гэта толькі цягам аднадзённага Савінага фэсту. А тым часам сонца ўжо схіляецца да долу… Спахмурнела… Самы час збірацца шукаць кугакаўку барадатую – сымбаль Белавежскай Пушчы і, канечне, самога Залесся

Аўтар: Вольга Малафеечава
Фота арганізатараў і аўтара

dzedzich

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago