Музыка

Гуцул Каліпсо: бальзам на сэрцы ад адкрытасці берасцейскіх людзей

Цёплыя лістападаўскія выходныя прынеслі ў рок-клуб “1 мая” канцэрт украінскага гуцул-хоп бэнд Гуцул Каліпсо. Арганізатарам драйвовага ўкраінскага пазітыву выступіў, як зрэшты і заўсёды, Зміцер Назараў.

У Берасце хлопцы з украінскага горада Чарнаўцы прыяджаюць ужо другі раз (першы раз – выступ на Men’s Fest 2012). Гурт існуе ўжо 10 гадоў. З беларускіх гарадоў выступалі толькі ў Берасці.

На пытанне, чаму не арганізуеце рэгі-тур па беларускіх гарадах, Багдан (вакаліст гурта) адказвае:

– Мы не супраць, але нас не запрашаюць.

Украінскае рэгі з невялікай духавой секцыяй: саксафон, трамбон, труба незвычайнае відовішча для спрактыкаванай берасцейскай публікі. Атмасфера ў клубе нагадвала хутчэй утульны музычны «кватэрнік», чым сольны канцэрт замежнага выканаўцы.

Багдан адзначае:

– Першы раз мы гралі на Men’s Fest. Выйшлі на сцэну і адразу страх. Не ведаеш, як публіка будзе цябе прымаць. Але ўжо на другой песні ўсе пачалі крычаць і пабеглі да сцэны. Вельмі было прыемна на сэрцы ад таго, што такія адкрытыя людзі. Аж, бальзам на сэрцы.

Ужо з першых гукаў хлопцы распачалі шалёныя танцы і гэтым запалілі берасцейцаў. Энэргіі двух вакалістаў хапіла на цэлую залу.

Ужо на другой кампазіцыі праход перад сцэнай быў запоўнены танцорамі. Гэта ўсё рэгі! Толькі лянівы застаўся сядзець цэлую гадзіну музычнага драйву. На кожнай песні Багдан зазываў: “усі танчуць, усі танчуць” і сам пры гэтым скакаў напоўніцу. Таму на песні сёмай ці восьмай энэргетыка гурта перадалася амаль усёй зале.

Хлопцы свае песні прысвячаюць «залатой моладзі», «людзям-офіснікам, якія вельмі многа сядзяць», дэпутатам, інтэрнатам, каханню i г.д.

На сярэдзіне выступу адзін са слухачоў высунуў прапанову праспяваць “медлячок”. Напэўна, стаміўся ад скокаў і энэргічных танцаў. На што атрымаў:

– Океан Эльзы прыедуць да вас і будзеце танчыць пад “медлячок

Гурт выклікалі “на біс” 2 разы. У другі раз слухач у мікрафон пагразіў украінскім хлопцам адпусціць без грошай, калі яны не заспяюць.

– Сябры, вам немагчыма адмовіць, – адказалі на гэта музыкі.

Пасля танцаў пад карпацка-гуцульскія матывы берасцейскія слухачы падзяліліся ўражаннямі з “Дзедзічам”:

– Трэба падтрымліваць як нашых беларускіх выканаўцаў, так і украінскіх.

Надзея:

– На канцэрце ўкраінскага рэгі першы раз. Наогул лічу, пакуль малады, пакуль ёсць магчымасць, трэба хадзіць на ўсё абавязкова. Трэба падтрымліваць як беларускіх выканаўцаў, так і ўкраінскіх. Першы раз чую групу ўжывую. У сетцы пазнаёмілася з творчасцю Гуцул Каліпсо, паслухала і вырашыла, што ісці трэба абавязкова.

Вольга:

– Шмат эмоцый, хочацца танчыць, жыць. Жывое выкананне гурту чую ўпершыню. Да канцэрту слухала іх у сеціве.

 Максім:

– Наогул, я жыву ў Менску, прыехаў на выходныя ў Берасце. Сябар запрасіў на канцэрт Гуцул Каліпсо. Люблю ўкраінскую музыку, слухаю яе, ездзіў на фэст “Захід”. Уражанні ад канцэрту добрыя, толькі памяшканне не тое, няма дзе патаньчыць. І трэба было больш рэкламаваць выступ украінскіх хлопцаў. Замала было людзей.

Дык чаму Гуцул Каліпсо?

Гуцул Каліпсо – гэта… “фармаванне нашага стылю музыкі адбывалася ў спалучэнні этнічнай культуры Карпат, дзе мы ўсе жывем, з гуцульскай плынню. Мы вырашылі, што назва будзе непасрэдна звязана з «гуцуламі».

А чаму «каліпсо»? Доўга думалі, і выпадкова, на касетным запісы пачулі выканаўцу – «Yellowman». Ён спяваў рэгі-каліпса, гуцул-каліпса. Мы гэта пачулі і вырашылі – гэта наша!  Інтуітыўна ўзялі назву. Потым ужо ў часопісе «Гукарэжысёр», дзе апісваліся стылі музыкі, бачым, напісана, “каліпса”. Пачалі чытаць і даведаліся, што стыль музыкі “каліпса” існуе даўно, яго можна назваць фальклорным. Ён вельмі падобны па тэматыцы да тэкстаў нашых песень – вострасацыяльны, крытычны, сатырычны, гумарыстычны.”

Чакаем шалёных і пазітыўных хлопцаў у Берасце яшчэ не раз.

Дадатковыя фотаздымкі ад Васіля Бруха:

Аўтар: Наталля ГАРАЙКІНА

Фотаздымкі: Васіль БРУХ

 

0 Comments

Пакінуць адказ