Грамадства

Міжнародная назіральная місія прызначыла Прадстаўніка па становішчы СМІ

5 лістапада Міжнародная назіральная місія  Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі аб’явіла аб прызначэнні Прадстаўніка па становішчы СМІ і свабоды выказвання меркаванняў. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Гэтая новая пасада была створана для таго, каб каардынаваць працу маніторынгавай групы Місіі па гэтай тэме, адказваць за фарміраванне рэкамендацый да ўладаў Рэспублікі Беларусь і міжнародным міжурадавым арганізацыям і іншым актараў і дамагацца сістэмнага паляпшэння сітуацыі ў сферы свабоды выказвання меркаванняў у краіне.

Рашэннем Кіраўніка Місіі Прадстаўніком па становішчы СМІ і свабоды выказвання меркаванняў была прызначаная Таццяна Пячончык, украінская журналістка і актывіст, якая мае 6-гадовы вопыт работы ў галіне абароны і прасоўвання свабоды СМІ і свабоды выказвання меркаванняў.

Таццяна Пячончык з’яўляецца членам Міжнароднай Федэрацыі журналістаў і актывістам Незалежнага медыя-прафсаюза Украіны. З 2007 года каардынавала адмысловы праект «Правы чалавека» ў найбуйнейшым ўкраінскім навінавым агенцтве УНІАН, а ў 2012 годзе разам з калегамі заснавала некамерцыйную арганізацыю «Цэнтр інфармацыі па правах чалавека», якой у дадзены момант кіруе. Цэнтр займаецца пытаннямі свабоды слова ў Украіне і бяспекі журналістаў, блогераў і медыя-актывістаў. Вакол яго таксама была сфарміравана Журналісцкая сетка па правах чалавека, якая каардынуе кампаніі салідарнасці, адукацыйныя мерапрыемствы і абмен інфармацыяй.

29 кастрычніка, незадоўга да прызначэння Прадстаўніка Місіі па становішчы СМІ, у Мінску адбылося затрыманне журналістаў, якія асвятлялі мірную акцыю памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, якое ў чарговы раз прадэманстравала наяўнасць сістэмных праблем са свабодай выказвання меркаванняў у Беларусі і неабходнасць у дадатковых намаганнях па іх вырашэнню. Нагадаем, што Місія ў сваіх заявах і аналітычных аглядах неаднаразова нагадвала праваахоўным органам Беларусі аб неабходнасці правядзення выразнага размежавання паміж удзельнікамі масавых мерапрыемстваў і журналістамі, якія іх асвятляюць, і заклікала іх да прыняцця мераў па абароне журналістаў і садзейнічанню ім у ажыццяўленні іх прафесійнай дзейнасці.

«Мы пастаянна атрымліваем трывожныя сігналы датычна працы калегаў у Беларусі і хацелі б ім дапамагчы. Я гатовая збіраць інфармацыю і глыбей вывучаць сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі, а таксама ўсяляк прасоўваць гэтую тэматыку ў сваёй краіне і іншых дзяржавах. Буду рада, калі мая праца ў якасці Прадстаўніка Місіі дапаможа хоць трохі палепшыць умовы працы журналістаў у Беларусі і будзе садзейнічаць падтрымцы свабоды выказвання меркаванняў у гэтай краіне”, – заявіла Т.Пячончык ў сваім матывацыйным лісце.

Запрашаем усіх зацікаўленых выказаць сваё меркаванне з нагоды таго, чым у першую чаргу павінен займацца Прадстаўнік Місіі па становішчы СМІ і свабоды выказвання меркаванняў, запоўніўшы форму апытання на сайце Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ