У суботу, 6-га верасня, стартаваў ІІ сезон берасцейскіх модных курсаў беларускай мовы “МОВА НАНОВА”. Каля 50 берасцейцаў рознага ўзросту правялі суботні вечар разам з новымі вядоўцамі: філолагам і журналістам Інай Хоміч і экскурсаводам Вольгай Малафеечавай.
Напачатку занятку дзяўчыны-вядоўцы раздалі абяцаныя падарункі-нататнікі шасці гасцям, якія прыйшлі ў сапраўдных вышыванках.
Воля падзялілася з жыхарамі Берасця як сёлета ўпершыню пабачыла Браслаўскія азёры. А Іна распавяла, як летнія дзянькі прайшлі ў агародзе разам з бульбай і бабуляй. І нездарма дзяўчыны распавядалі пра свае прыгоды летам, бо тэма першага занятку курсаў – адпачынак. Маленькая Каміла, гадоў шасці, падзялілася, як упершыню лётала ў Балгарыю. Адзін хлопец распавёў пра свае ўражанні ад сталіцы бандэраўцаў. Таксама ў зале прагучала і знаёмства з новымі людзьмі, наведванне музычных фэстаў, сустрэчы з бабулямі і дзядулямі, а хтосьці ўпершыню сеў на ровар.
Пасля ўспамінаў яскравых момантаў берасцейцам прапанавалі гульню – “Ланцужок адпачынку”. Усе падзяліліся на 5 каманд па 10 чалавек і стваралі за 7 хвілін сваю гісторыю адпачынку. Адзін чалавек адказваў на адно з 10-ці пытанняў: хто, дзе, што, калі, з кім, як доўга, колькі разоў за лета, як дорага, на чым, як актыўна, як наконт яшчэ раз. Самыя крэатыўныя гісторыі атрымалі падарункі “МОВА НАНОВА”.
Пасля крэатыву была хвілінка тэорыі ад філолага Іны. Усе разам вывучалі і перакладалі назоўнікі.
Для тых, хто не трапіў на першы занятак, змяшчаем пераклады некаторых назоўнікаў:
дорожная пыль – дарожны пыл
бесконечная степь – бясконцы стэп
игривый котенок – гуллівае кацяня
зрительный зал – глядацкая зала
подкрашенная бровь – падфарбаванае брыво
маленький поросенок – маленькае/малое парася
Далей Іна нагадала пра ўласныя назоўнікі і, што Берасце будзе ніякага роду, Буг з’яўляецца славянскай назвай і змяняецца па склонах. А вось рака Місісіпі не змяняецца і жаночага роду. Наступнае заданне як раз і тычылася ўласных назоўнікаў. Берасцейцам трэба было прачытаць шмат незнаёмых назваў рэк, азёр, гарадоў, дзяржаў і вызначыць іх род. Цікава, але берасцейцы – сапраўдныя гіёграфы.
Апошняе заданне – стварыць звязны расповед з назваў беларускіх рэк, балот, азёраў, палескіх гарадоў. Усе каманды падыйшлі да задання неабыякава і з ціквасцю. Прагучалі гісторыі пра русалку, шлях з вараг да грэкаў, адпачынак на возеры, каханне на балоце, а адзін хлопец стварыў сапраўдны верш пра палескія гарады.
Прыемна адзначыць, што ўсе госці гаварылі на беларускай мове ці толькі спрабавалі выказвацца. Атрымлівалася ўдала.
Другая гадзіна курсаў пачалася са знаёмства з гасцямі. Таццяна, сапраўдны падарожнік, распавяла пра карысныя сайты для падарожнікаў, пра сваю першую вандроўку ў Еўропу, пра 25-ты дзень народзінаў у Вероне і што такое аўтакэмпінг.
Напрыканцы курсаў да “МОВА НАНОВА” завітаў беларускі паэт і выканаўца ўласных песен – Алесь Камоцкі. Вясёлы, энэргічны і шчыры дзядзька Алесь праспяваў некалькі песень па ірландскіх матывах, прывёз дыскі і ўласныя кніжкі. Лічыць, што ірландскія песні спакойныя і лірычныя, можа таму так падабаюцца Алесю. Беларускі паэт добра ведаў Рыгора Барадуліна, абяцаў у наступны раз прыехаць да берасцейцаў з кнігай Барадуліна “Навошта”.
Пазнаёміцца з творчасцю беларускага паэта можна на яго ўласным сайце – Алесь Камоцкі.
Пасля 2-х гадзін курсаў беларускай мовы Дзедзіч запытаў у берасцейцаў пра іх уражанні ад занятку, ці сябруюць з беларускай мовай і што дадуць ім такія заняткі:
Першы раз прыйшла на курсы, вельмі спадабалася, было весела і цікава, шмат чаго новага пазнала, давялося нават выказацца. Добра, што кожны жадаючы магчымуць сказаць некалькі слоў. Я буду далей наведваць курсы “МОВА НАНОВА”.
Іна падзялілася, што ў жыцці не размаўляе на беларускай мове, бо людзі не разумеюць яе.
У дзяцінстве мама купляла мне беларускія кнігі. Яны мала каштавалі, але з добрымі ілюстрацыямі. Маленькай я вельмі добра размаўляла на беларускай мове, сам насам з кнігамі. У школе не было з кім пагаварыць. А потым дзіцячыя кнігі не цікава было чытаць, а дарослыя кнігі чытала на расейскай мове. Вельмі хочацца, каб беларускіх слоў стала больш у маім жыцці.
Воля распавяла, што беларускамоўных сяброў у яе няма, больш знаёмыя гавараць па-руску.
Першы раз даведалася пра “МОВА НАНОВА” ў фэйсбуку. Сустрэчы праходзілі ў Менску, я марыла, каб у Берасці таксама пачалі праводзіць такія курсы.
Калі гаварыць пра новы сезон, вельмі зручнае новае месца заняткаў. Раней было цяжка дабірацца да курсаў. І, канешне, вядоўцы ў гэтым сезоне лепей за мінулых.
Вядоўца і саарганізатар Воля Малафеечава падзялілася з чытачамі Дзедзіча пра планы на наступныя заняткі:
Сёлета святкуецца 500 год Аршанскай бітвы. У кожным горадзе, дзе ёсць курсы “МОВА НАНОВА” будзе праходзіць занятак, прысвечаны гэтай тэме. Мы таксама яе не прапусцім і 13 верасня будзе госць, якому можна будзе задаць пытанні па аршанскай бітве і наогул па гісторыі.
Прыходзьце ўсе неабыякавыя да беларускай мовы 13-га верасня, а 17 гадзіне ў кавярню “Le Phare”, вуліца Леніна 50, насупраць Берасцейскага акадэмічнага тэатру драмы. Тэма заняткаў – Аршанская бітва, 500 год.
Аўтар тэксту: Наталія Гарайкіна
І напрыканцы фотарэпартаж ад Васіля Бруха:
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…