У Мексіцы з канца верасня набіраюць моц маштабныя пратэсты, якія распачаліся пасля знікнення 43 студэнтаў, што ехалі на акцыю супраць рэформы сістэмы адукацыі.
Падазрэнні ўказваюць, што зніклыя студэнты былі забітыя праз сувязі мясцовых уладаў з наркакартэлямі.
Студэнцкія пратэсты не спыняюцца ўжо болей месяцу і сталі адным з галоўных выклікаў для мексіканскага прэзідэнта Энрыке Пенья Ньета, бо ўдзельнікі пратэстаў часам літаральна раструшчваюць дзяржаўныя адміністрацыі, якія сустракаюць на сваім шляху.
Прычынай для новай хвалі пратэстаў стала знікненне групы студэнтаў з 43 чалавек мужчынскага педагагічнага каледжу імя Раўля Ісідора Бургаса. 26 верасня студэнты разам з выкладчыкамі захапілі тры аўтобусы і накіраваліся ў горад Ігуала, каб прыняць удзел у акцыі пратэсту супраць рэформы сістэмы адукацыі. Але па дарозе аўтобусы былі абстраляныя невядомымі. Чацвёра студэнтаў былі забітыя, большасць разбегліся, але 43 чалавекі затрымала паліцыя.
Аднак на наступны дзень паліцыя абвергла затрыманне і адмаўляе яго дагэтуль. Лёс жа 43 студэнтаў застаецца невядомым.
Пад ціскам грамадскасці адбываецца расследаванне, якое выкрывае ўсё новыя факты пра сувязь уладаў і крыміналу, што шакуюць мексіканцаў і ўвесь свет. Адзін з затрыманых удзельнікаў наркакартэля прызнаўся ў забойстве 17 студэнтаў. Кіраўнік наркакартэля ўцёк, але выявілася сувязь яго з мэрам. Былі арыштаваныя 22 афіцэры паліцыі за гвалт у дачыненні студэнтаў. З сваёй пасады сышоў губернатар штата Герэра, дзе знаходзіцца горад Ігуала.
Праз паказанні затрыманых было знойдзенае масавае пахаванне з парэшткамі 28 цел, але тэсты ДНК не паказалі сувязі з забітымі. Пазней былі знойдзеныя новыя пахаванні, па якіх цяпер праходзяць экспертызы.