Берасцейшчына адзначае 140-годдзе першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана, які нарадзіўся ў мястэчку Моталь, што ў Іванаўскім раёне.
Урачыстасці ўжо адбыліся ў Берасці ды Моталі, а ў Пінску, дзе вучыўся і працаваў будучы лідар Ізраіля, праходзяць вечары памяці. У планах ёсць усталяванне мемарыяльнай дошкі.
Краязнаўца Эдвард Злобін адзначыў, што ў горадзе над Пінай адбылося станаўленне першага прэзідэнта Ізраіля, як асобы і навукоўца:
– У нашым горадзе Хаім Вейцман атрымаў першую адукацыю, якая дазваляла яму ісці далей і мець магчымасць паступіць у такую салідную вучэбную ўстанову як універсітэт. У самім Пінску адбылося станаўленне яго і як навукоўцы, і як асобы, і як грамадскага дзеяча ў будучым.
Хаім Вейцман (1874-1952) завочна аказаў уплыў і на беларускі нацыянальны вызвольны рух. Ён займаўся выхаваннем дзяцей пінскай сям’і фабрыкантаў Лур’е. Ягоны выхаванец Ісак Лур’е (1890-1933) прыняў удзел у стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і з 1919 па 1921 год прадстаўляў яе інтарэсы ў Капенгагене, а пасля ў Берліне ды Гданьску.