Наша Мова

Навагодні падарунак за беларускасць

Беларусы Прагі даслалі навагодні падарунак Каміле Ляўчук, першакласніцы з Берасця, за яе прагу да беларускай адукацыі. Падарунак быў перададзены праз Агенцтва рэгіянальнага развіцця “Дзедзіч”. 

Учора кіраўнік АРР “Дзедзіч” Дзмітрый Шыманскі наведаў школу, дзе навучаецца Каміла і ў прысутнасці аднакласнікаў, настаўніцы і бацькоў дзяўчынкі перадаў ёй падарунак з Прагі і выказаў падзяку за яе імкненне вучыцца па-беларуску.

03

 

Каміла, дачка журналістаў Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай, летась скончыла беларускамоўны дзіцячы садок і перайшла ў першы клас пачатковай школы №34.

Каміла Ляўчук

Каміла Ляўчук

Бацькі прыкладалі шмат намаганняў, каб іх дачка працягнула адукацыю на беларускай мове. Але чыноўнікі паставілі ўмову – каб адкрыць беларускі клас, трэба набраць у яго хаця б 5 дзетак. Знайсці сярод першакласнікаў неабходнай колькасці пакуль не атрымалася. Нягледзячы на гэта, Каміла не губляе надзеі на беларускую адукацыю. Яна працягвае ўдасканальваць валоданне мовай, а таксама вядзе беларускамоўны відэаблог на Youtube, засвойвае Instagram.

Падарунак Каміле збіралі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Празе (Чэхія). Прадстаўніца дыяспары, Радана Малашчанка, адзначыла:

– Мы заахвочваем дзетак, якія прыхільна ставяцца да роднай мовы. У пазамінулым годзе ў прыватным парадку дасылалі пасылку Ялінцы з Магілёва. Цяпер сабралі  пасылку з цацкамі, лялькай, цукеркамі для Камілы Ляўчук з Берасця, каб так падзякаваць ёй за  тое, што хацела ісці ў беларускамоўны клас, за яе цягу да роднай мовы.

Радана Малашчанка паведаміла таксама, што мэта такіх падарункаў – заахвочваць іншых беларусаў да беларускасці і добрых справаў. Важна, каб іншыя дзеці бачылі, што Каміла атрымала падарунак за любоў да беларускай мовы, каб у іх таксама з’яўлялася цікавасць да беларушчыны.

– А для  дзяцей такія падарункі будуць у памяці на ўсё жыццё. Ялінка з Магілева была вельмі шчаслівая. Бацькі прысылалі нам падзяку. Вось і ўсё. Больш нічога нам не трэба,

– адзначае Радана.

Адзначым, што ў Берасці па-ранейшаму адсутнічаюць школы з беларускай мовай навучання. У Маскоўскім раёне Берасця існуе толькі адзін клас у пачатковай школе №34, у якім ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску. Навучаецца ў ім 5 чалавек.

02
06
04

Пакінуць адказ