Будзь актыўным

«Чаму не дапамагчы, калі ёсць час?»

Пра клоўнатэрапію, занядбаныя дзіцячыя прытулкі і тое, чаму дзяўчына не пераехала ў Мінск, распавяла студэнтка Настасся Стасюк, валанцёрка «Акадэміі дабравольніцтва».

nascia-600x400[1]

Клоўнатэрапія ад «Акадэміі дабравольніцтва»

Клоўнатэрапіяй для дзетак у абласным шпіталі займаюцца людзі з «Акадэміі дабравольніцтва». Акадэмія нарадзілася ў БрДУ ім. Пушкіна з ініцыятывы выкладчыцы. Настасся – адна з тых, хто стала ўдзельнічае ў акцыях Акадэміі. Яна бачыць, як валанцёрству можна не толькі аддаць, але яшчэ і атрымліваць ад яго:

«Некаторыя дзеці ляжаць у шпіталі па месяцу, і калі ты прыходзіш, яны літаральна расцвятаюць, усміхаюцца, запрашаюць яшчэ. Гэтыя эмоцыі – іх радасць, дзіцячую непасрэднасць – нішто табе не заменіць. Праблемы адступаюць. Шмат якім дзецям не хапае цеплыні і клопату».

Часам валанцёры ходзяць і да старэйшых людзей, да ветэранаў: «Так крыўдна зрабілася за аднаго дзядулю… Ён адзінокі, ледзьве перасоўваецца. Была акцыя Чырвонага крыжа, і мы прынеслі прадукты. Яму было нават цяжка іх раскласці».

Не рэшыш задачу – у Бучымлю адправім

Дзяцей, якія растуць і выхоўваюцца ў Камянецкім раёне, настаўнікі пужаюць: «Не рэшыш задачу – у Бучымлю адправім». Бучымляй называюць школку ў аднайменнай вёсцы, пабудаванай у сямідзесятыя гады. Яна прытуліла дзетак з праблемамі інтэлектуальнага развіцця і з АРА (апорна-рухальны апаратам). На гэты водшыб не дабрацца ні аўтобусам, ні цягніком – толькі на аўто. Вось такім месцам больш за ўсё патрэбна дапамога.

Сама Настасся час ад часу наведвае інтэрнат, які знаходзіцца ў Пружанскім раёне, п. Сонечны. Там патрэбныя сродкі асабістай гігіены, вопратка. Рады салодкаму, таму што дзяржаўнае харчаванне не прадугледжвае такога.

Калі б з’явіўся спонсарскі мільён замежнай валюты, Настасся выкарыстала б яго для дапамогі дзецям у такіх месцах: «Па вобласці шмат прытулкаў, якімі не займаюцца. У Кобрынскі шмат ездзяць, а астатнія…»

Не разумею людзей, якія праходзяць побач з тым, хто ўпаў

Настасся, будучы выхавацель-псіхолаг, даведалася пра валанцёрства выпадкова на другім курсе. Цяпер яно займае адно з першых месцаў у жыцці.

«Я лічу, што валанцёрства – гэта вельмі важна. Усе мы людзі, і ўсім рана ці позна патрэбная дапамога. Ніколі не разумела людзей, якія праходзяць побач з тым, хто ўпаў. Чаму не дапамагчы, калі ёсць час? Ці нават калі няма – пяць хвілін нічога не зменяць», – лічыць Настасся.

Людзі заліплі ля кампутара

Калі маеш жаданне, то ў Берасці цалкам можна рэалізавацца. Ды й паўсюль. Настасся прыводзіць прыкладам свой універсітэт, дзе людзі ведаюць пра беларускамоўны праект «Бацькі.бай».

У Берасці шмат арганізацый. Чаго вартыя адныя ініцыятывы Алега Голаса, арганізацыя «Наследие», «Экапатруль», «За вела-Брэст». Але практычна паўсюль сустракаеш адных і тых жа людзей.

Не з’яўляючыся грамадска актыўным, можна проста пахадзіць па кавярнях, наведаць «воднік» – Палац водных відаў спорту. Але людзі заліплі ля кампутара, «чамусьці яны выбіраюць сядзець дома, іх вельмі складана выцягнуць і зацікавіць, яны безыніцыятыўныя», – дадае Настасся. – «Тое ж сеціва: навошта ісці некуды, калі ўсё можна паглядзець і дома? Але з іншага боку, кінатэатр – месца, дзе можна развеяцца і змяніць абстаноўку».
Мы разумелі, што не асілім Менск… І я ні разу не пашкадавала аб гэтым

Ці паехала б дзяўчына ў Мінск? «Пакуль не. Мне падаецца, я яшчэ тут не ўсё зрабіла. Я яшчэ бачу, што тое, што мы робім, дае вынікі. Хочацца людзям дапамагчы яшчэ чым-небудзь», – кажа яна.

У Менск ездзіць можна, а жыць лепш у Берасці. Берасце дзяўчыне больш па душы: яно менш, камфортней і тут утульней.

«Тое, чаго няма нідзе, апроч Берасця – мае сябры. Мне вельмі пашанцавала, што я іх сустрэла. Пераезд у гэты горад даў мне шмат як у плане станаўлення асобы, так і ў грамадскіх пачатках (Настасся родам з Пружанскага раёну – АМП.) Мы з маці разумелі, што не асілім Менск, што жытло дарагое. І я ні разу не пашкадавала аб гэтым», – кажа Настасся.

ampby.org

Пакінуць адказ