Культура

10 фактаў пра Васіля Быкава

10 цікавых фактаў пра Васіля Быкава ад МоваНанова.Bykau_Vasil

1. У школу Васіль Быкаў пайшоў у 6 гадоў — хацеў вучыцца. Галоўныя захапленні ў дзяцінстве — чытанне кніг і маляванне.

2. У кастрычніку 1943 г., пасля заканчэння Саратаўскай артвучэльні, Быкаў трапіў на фронт. У 1944 г. адбылася гісторыя, якая лягла ў аснову аповесці «Мёртвым не баліць» і з-за якой родныя атрымалі «пахавальны ліст» — быццам лейтэнант Васіль Быкаў загінуў і пахаваны ў сяле Вялікая Севярынка Кіраваградскай вобласці Украіны.

3. У 1947 г., пасля дэмабілізацыі з войска, Быкаў прыехаў у Гродна, дзе спачатку працаваў мастаком, затым уладкаваўся на працу ў газету «Гродненская правда», дзе і апублікаваў першыя апавяданні.

4. Быкаў пісаў у адным з лістоў у другой палове 1950-х: «Чым больш я бачыў розных людзей і характараў, тым усё больш мацнела ў мяне перакананне ў вялікай вартасці душы беларуса. Можа на чыю думку здасца беларускі характар і мяккаваты, і не такі бойкі і спрытны розум, як у іншых, і не дужа энергічная натура — мне ж здаецца, што мы можам толькі захапляцца гэтай ягонай душой. Мы не можам ганарыцца (гэта не ў нашай натуры), мы сціпла нясем у сабе свае якасці — яны не блішчаць, не бразгацяць, а іншым здаецца, што іх і няма ў нас. Але гэта не так…»

5. Першую вядомасць Васілю Быкаву прынеслі аповесці «Жураўліны крык» (1959), «Трэцяя ракета» (1961), «Альпійская балада» (1963).

6. У 1965 г. напісана аповесць «Мёртвым не баліць», якая пасля публікацыі ў часопісе «Новый мир» была забаронена ў СССР амаль на дваццаць гадоў. Яшчэ падчас першапублікацыі ў творы цэнзурай было зроблена каля 200 купюр. Упершыню аповесць была выдадзена без цэнзуры ў 2014 г. біёграфам Быкава С. Шапранам.

7. У 2014 г. выйшла без цэнзуры і падрыхтаваная С. Шапранам аповесць «Сотнікаў»: тут былі вернуты каля 100 скарачэнняў і аўтарская назва — «Ліквідацыя»; была ўзноўлена і гістарычная справядлівасць — Сотнікаў стаў беспартыйным.

8. Яшчэ адна хрэстаматыйная аповесць Быкава — «Абеліск» — прысвечана настаўніку беларускай мовы і літаратуры Міколу Пашкевічу, які памёр ад анкалогіі ў 35-гадовым узросце. У адным з лістоў да Пашкевіча Быкаў пісаў: «Трэба трываць. Увогуле ўсё чалавечае жыццё — трыванне і пераадоленне, узнагароды, асалоды і шчасце рэдка перападаюць яму ў жыцці і яшчэ радзей таму, хто іх сапраўды заслугоўвае. Але што зробіш! Так ужо ўладкавана на гэтым свеце і ўладкавана не намі, а задоўга да нас».

9. «…нацыянальную прыналежнасць пiсьменнiка вызначае перш за ўсё мова ягоных твораў, затым — нацыянальнасць яго персанажаў. З першага майго апавядання я пiшу па-беларуску, вялiзная бальш­ыня маiх персанажаў — людзi Беларусi, — гаварыў В. Быкаў. — Намеру рабiцца расійскiм празаiкам у мяне не было нiколi, хапiла розуму зразумець, што расійская мова не для мяне, народжаны беларусам — беларусам застанецца».

10. Першы Музей Васіля Быкава з’явіўся ва Украіне — у школе ў сяле Вялікая Севярынка. Музеі Васіля Быкава таксама створаны ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна і ў Ждановічах, пад Мінскам; у Гродне Музей Быкава створаны і апякуецца ветэранамі Другой сусветнай вайны.

movananova.by

Пакінуць адказ