Будзь актыўным

Наша мова – “МоваНанова”

Многія чулі, але не шмат людзей адважваецца і знаходзіць час каб наведаць (безкаштоўныя!) курсы “МоваНанова” у нашым горадзе. Што гэта такое, з чаго ўсё пычыналася і навошта “Мове” валанцеры – на гэтыя, і не толькі, пытанні, адказала Воля Малафеечава – адзін з арганізатароў курса роднай мовы.

Раскажы крыху пра ініцыятыву “МоваНанова”.

Воля: “МоваНанова” – гэта бясплатныя курсы беларускай мовы для ўсіх узростаў. Кожны занятак – гэта новая тэма, дзе можна пашырыць свае веды ў граматыцы і папоўніць свой слоўнікавы запас, а таксама магчымасць пазнаёміцца з цікавымі творчымі асобамі з нашага горада (і не толькі), якія размаўляюць па-беларуску.

8TbWjhJDaVc[1]

З чаго ўсё пачыналася?

Воля: У Берасці курсы пачаліся ў красавіку 2014 года. За год працы мы некалькі разоў мянялі месца правядзення заняткаў, але галоўнае, што не згубілі прыхільнікаў роднай мовы. У новым сезоне нават пачалі працаваць асобныя курсы для дзетак. Мне падаецца, што зараз на занятках ствараецца вельмі ўтульная і сяброўская атмасфера. Нашыя студэнты самі прапануюць ідэі для развіцця “МоваНанова”. Так, напрыклад, у нас з’явіўся беларускамоўны букросінг, прайшлі майстар-класы па саломапляценню і выцінанцы.

– Апішы самы цікавы момант з тваёй працы на курсах.

Воля: Цяжка вылучыць нейкі адзін яскравы момант, але большую зваротную рэакцыю звычайна выклікаюць заняткі, звязаныя з традыцыйнымі святамі, альбо прыезд знакамітых гасцей. І сапраўды прыемна, калі потым сустракаеш нашых студэнтаў на вуліцы, і яны пачынаюць размаўляць па-беларуску.

– Навошта “Мове” валанцёры. І калі нехта адгукнецца, то чым ён (яны) будуць займацца?

Воля: Вядома, больш увагі мы надаем арганізацыі саміх заняткаў. Клапацімся пра гасцей і тэхнічную падрыхтоўку. Між іншым таксама важна здымаць заняткі на фота і відэа, апрацоўваць матэрыялы, потым выкладаць іх у сацсеткі, таксама ладзіць цікавыя беларускамоўныя кампаніі, пашыраць кола арганізацый, якія прапануюць зніжкі за карыстанне беларускай мовай. У гэтым мы і чакаем дапамогі ад валанцёраў.

– Паспрабуй апісаць ідэальнага валанцёра…

Воля: Для нас ідэальны валанцёр – гэта перш за ўсё чалавек неабыякавы да беларускай мовы і гатовы падзяліцца з намі сваімі талентамі і вольным часам 🙂

Для ўсіх, хто зацікавіўся гэтай ініцыятывай, просім далучацца да суполкі ў VK і наведваць самі курсы, якія праходзяць па суботах у “Прастора КХ” (Халтурына, 2).

 

Дзяніс Трацюк

 

Пакінуць адказ