Наша Мова

Запрашаем на цыкл бясплатных экскурсій па Брэсце

З 8 лістапада стартуе серыя бясплатных экскурсій “Я быў тут” па горадзе Брэсце.

Мерапрыемствы пройдуць у межах кампаніі “Наша мова”, яны закліканы распавесці шырокай публіцы пра гісторыю развіцця беларускай мовы і літаратуры на Берасцейшчыне, аб малавядомых славутасцях і цікавых фактах з гісторыі горада.

“Экскурсіі будуць праводзіцца адзін раз у месяц, — кажа Алена Каховіч, прадстаўнік кампаніі “Наша мова”, гід, які правядзе экскурсію 8 лістапада. — Першая сустрэча будзе больш агульная, скажам так, аснова асноў гісторыі і славутасцяў Брэста”.

А ўсяго такіх мерапрыемстваў запланавана шэсць, па розных маршрутах і з рознымі экскурсаводамі — спецыялістамі ў сваёй галіне, якія захопяць удзельнікаў цікаўнымі гісторыямі.

Да ўдзелу запрашаюць усіх жадаючых. Месца збору для першай культурнай прагулкі — скрыжаванне вуліц Міцкевіча і Савецкай, ля пітных фантанчыкаў.

Экскурсіі спадабаюцца ўсім, хто хоча больш даведацца пра багатую гісторыю аднаго з найстарэйшых гарадоў Беларусі, пазнаёміцца з яго культурным жыццём (былым і сучасным), убачыць культавыя будынкі і даведацца пра таленавітых людзей, якія жылі і тварылі ў гэтых месцах.

Цікава будзе і берасцейцам, і гасцям Брэста!

Калі: 8 лістапада (нядзеля) у 13:00.

Дзе: г. Брэст, скрыжаванне вул. Міцкевіча і вул. Савецкая.

Удзел бясплатны!

Даведка:

Кампанія “Наша мова” стартавала ў Берасці ў 2014 годзе. Яна прыцягнула вялікую колькасць удзельнікаў у свае крэатыўныя праекты: стварэнне паштоўкі “Кахай па-беларуску”, “Берасцейскі вершнік”, конкурс “Фотамаўленне”, Акцыя “Мова дзеткам” і іншыя. У 2015 годзе кампанія працягвае праводзіць цікавыя конкурсы і мерапрыемствы і тым самым прыцягваць берасцейскую моладзь да актыўнага жыцця.

mova

Пакінуць адказ