Адукацыя

На вучобу ў іншую краіну: як адаптавацца

Наперадзе хвалюючая падзея – вучоба ва ўніверсітэце іншай краіны. Вялізны, доўгі і і стамляючы шлях: вывучэнне замежнай мовы, афармленне дакументаў і доўгае чаканне адказу на заяўку – ужо пройдзены. Самы час адчуць эйфарыю ад ад’езду, які няўмольна набліжаецца!

Хутка вы апынецеся далёка ад дому і зменіце свой звыклы лад жыцця, прыстасоўваючыся да новых абставін. Таму трэба падрыхтавацца не толькі да вучобы, але і да паглыблення ў іншае асяроддзе. Звычайна адаптацыя да вучобы ці жыцця за мяжой займае прыкладна ад аднаго да трох месяцаў. Што можна зрабіць, каб гэты перыяд прайшоў лягчэй?

адапт 3

Важна ведаць мову звычайную і жыццёвую

Шмат універсітэтаў прапануюць праграмы на ангельскай, бо яны пасуюць вялікай колькасці студэнтаў. Калі ж у абранай краіне дзяржаўная мова іншая, то не адсоўвайце далёка вывучэнне мясцовай мовы. Многія студэнты шкадуюць, што не надалі ёй асаблівай увагі, спадзеючыся, што там, на месцы, адразу і хутка яе засвояць. Аднак звычайна вольны ад вучобы час студэнты бавяць не за вывучэннем мовы. Калі ж вы ўжо валодаеце дастатковым ці хаця б мінімальным узроўнем да ад’езду, яна лёгка ўдасканаліцца там дзякуючы асяроддзю.

Быць на пульсе падзей

Калі вы цікавіліся навінамі і культурным жыццём раней, то працягвайце рабіць гэта і пасля прыезду, але цяпер ужо двойчы. Сачыце, што адбываецца і ў роднай краіне, і ў той, куды завіталі вучыцца. Глядзіце навіны, чытайце мясцовыя газеты ці папулярныя інтэрнэт-рэсурсы. Вы будзеце ўдасканальваць мову, а таксама зможаце з лёгкасцю падтрымаць размову пры абмеркаванні апошніх падзей. У хуткім часе вы станеце адчуваць сябе не па-за грамадствам, а сярод яго.

Завесці сяброўскія стасункі

Магчыма, вы паедзеце разам з кім-небудзь са сваіх знаёмых ці сустрэнеце іх ва ўніверсітэце. Сяброўства са студэнтамі з вашай краіны можа дапамагчы адчуваць сябе больш спакойна і ўпэўнена ў новых абставінах. Але не імкніцеся знаходзіцца ва ўласнай зоне камфорту шмат часу, пакідайце яе межы.

адапт

Разам з досведам адукацыйным, прафесійным вы атрымліваеце і жыццёвы. Сябры сярод мясцовых жыхароў адчыняць для вас усе асаблівасці жыцця ў новай краіне і погляд на яе знутры.

Адчуць сябе “сваім”

Часцей за ўсё адбываецца так, што пазаўніверсітэцкі час мясцовыя студэнты і “прыехаўшыя” бавяць асобна. Каб змяніць гэтую сітуацыю, трэба шукаць агульныя інтарэсы і смела ісці на кантакт. Даведайцеся, якія серыялы ці тэлешоў даспадобы мясцовай моладзі, якой музыкай яна захапляецца, мажліва, ёсць папулярныя хобі менавіта ў жыхароў гэтага горада. Моладзь ва ўсім свеце падобная, таму інстарэсы “сталых” студэнтаў будуць цікавымі і для вас. Слухаючы такіх жа выканаўцаў, гледзячы такія ж тэлеперадачы, вы значна паменшыце дыстанцыю паміж вамі.

Успрымаць усё такім, як ёсць

Калі вы апынаецеся ў новым месцы, тым больш вельмі жаданым, напачатку яно здаецца неверагодна прыгожым, цікавым і цудоўным. З часам, назіраючы за ўсім навокал, вы заўважыце, як паводзіны людзей тут і іх лад жыцця адрозніваюцца ў параўнанні з вашай краінай. Нязвыклае і незразумелае падаецца дзіўным, абсурдным, а часам і смешным. Не спяшайце закатваць вочы ці іранізаваць. Паспрабуйце зразумець і ўспрыняць асяроддзе такім, як яно ёсць, без лішняй крытыкі.

Людзі гэтай краіны выхоўваліся і вучыліся інакш, глядзелі невядомыя нам мультфільмы, раслі на сваіх кніжках, спявалі іншыя песні і адзначалі святы па-свойму . Але агульнага у нас значна больш, чым адрозненняў. Бо яны, як і мы, здольныя спачуваць, імкнуцца дапамагчы, перажываць праз свае праблемы. Яны таксама любяць весяліцца, смачна паесці і душэўна паразмаўляць.

Сумаваць разам – так весялей

Студэнцкі час сумным не бывае – гэта амаль што аксіёма. Але час ад часу трапляюцца выключэнні, напрыклад, калі ты далёка ад дому. Скайп, вайбер, сацыяльныя сеткі дазваляюць падтрымліваць цесную сувязь з роднымі і сябрамі. Але нягледзячы на гэта студэнтам хочацца апынуцца дома, хаця б на пару хвілінак. Вакол вас таксама будуць людзі, якія некалькі месяцаў будуць вучыцца ў чужой краіне, і ім вядомы вашы адчуванні. Не заставайцеся адзін на адзін са сваімі перажываннямі, выпусціце іх. Раскажыце сваім новым сябрам пра сваю краіну, любімыя месцы роднага горада, пра сям’ю і блізкіх сяброў.

Менавіта тое, што вы з іншай краіны, робіць вас унікальным. Будзе файна, калі вы загадзя купіце маленькія сувеніры і паштоўкі з прыгожымі краявідамі роднай мясціны.

адапт 2

Працягвайце падтрымліваць свае інтарэсы

Якія заняткі былі для вас звыклымі, любімымі і неабходнымі? Напрыклад, неад’емная частка вашага жыцця – гэта ранішнія прабежкі, басейн, заняткі танцамі альбо паходы у тэатр? А можа, вы любіце завітаваць у кнігарні ці бібліятэкі, бываць на канцэртах жывой музыкі, катацца на ровары? Шукайце такую магчымасць і тут, выпрабоўваючы звыклыя заняткі на новым месцы.

Слухаць тых, у каго ўжо ёсць досвед вучобы за мяжой

Вам дапамогуць настроіцца на патрэбны лад парады людзей, якім давялося вучыцца ва ўніверсітэтах іншых краін. Можна пашукаць на інтэрнэт-прасторах студэнтаў менавіта тых вучэбных устаноў, куды вы збіраецеся ехаць. Вось, што вам параяць некаторыя з іх.

Мікалай (вучыцца ў Германіі): “Калі вы толькі ў пачатку шляху – падрыхтоўка да моўных экзаменаў, падача дакументаў, жадаю змагацца да канца і не збочваць з яго. Шукайце аданадумцаў, людзей, хто ўжо вучыцца там, куды вы жадаеце паступіць: сацыяльные сеткі робяць гэта вельмі простай рэччу. Канешне, самая вялікая праблема для вучобы за мяжой – гэта фінансаванне. Шукайце стыпендыі, гранты, якіх заўсёды даволі шмат, як і шанцаў.

А чалавеку, які ўжо паступіў і набыў квіток, пажадаю быць упэўненым у сабе, адкрытым да новага і намагацца пазбягаць сілы прыцягнення ў “рускамоўны клуб”, бо гэта хучэй за ўсё будзе цягнуць назад ў плане ўдасканалення моўных навыкаў і вучобы”.

Дар’я (навучалася семестр ў Венгрыі па абмену): “Мая галоўная парада – вельмі шмат знаёміцца з самых першых дзён, кантактаваць з людзьмі, запрашаць іх хадзіць разам на выставы, у кіно, у кафэ і г.д. Так вы як мага хучэй трапіце ў атачэнне аднадумацаў і зможаце разам правесці свой незабыўны абмен”.

Браць ўсё ў свае рукі

Якім будзе гэты час, праведзены ў іншай краіне, залежыць пераважна ад вас саміх. Не варта чакаць, што з вамі пазнаёмяцца ці загавораць, хтосьці будзе клапаціцца пра тое, каб вы бавілі час весела, прыдумляць для вас цікавыя заняткі. Дзейнічайце і рабіце крокі да гэтага самі!

adukacyja.info

Пакінуць адказ