Медыя

6 пытанняў пра смяротную кару ў Беларусі

Праваабаронцы праводзяць Тыдзень змаганьня за адмену сьмяротнай кары ў Беларусі, апошняй краіне Эўропы, у якой прымяняюць такі від пакараньня.

5 кастрычніка ў межах «Тыдня супраць сьмяротнага пакараньня» адбудзецца прэзэнтацыя супольнага дакладу Праваабарончага цэнтру «Вясна» і Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) «Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі: забойства на (не)законных падставах».

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе смяротная кара як пакараньне прадугледжаная законам і актыўна ўжываецца. Сьмерцю ня могуць караць жанчын, а таксама мужчын, якія ўчынілі злачынствы ва ўзросьце да 18 год ці былі на дзень вынясеньня прысуду ва ўзросьце 65 і болей год.

Вытрымкі з дакладу, якія дэманструюць праблему захаваньня ў Беларусі гэтага пакараньня:

1. За што каралі сьмерцю 80 год таму і цяпер?

«Савецкія ўлады на тэрыторыі сучаснай Беларусі шырока ўжывалі сьмяротную кару для падаўленьня палітычнага іншадумства. Сьмяротная кара ўжывалася ў савецкі пэрыяд у якасьці пакараньня ня толькі за забойства, але і за эканамічныя злачынствы, такія як выраб фальшывых грошай, хабарніцтва і спэкуляцыя, а таксама за злачынствы супроць дзяржавы і контрарэвалюцыйныя дзеяньні, у прыватнасьці, за дзяржаўную здраду і шпіянаж».

«Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая ў 1994 годзе, захавала сьмяротнае пакараньне за асабліва цяжкія злачынствы «да яго адмены».

«У частцы пытаньня аб сьмяротным пакараньні рэфэрэндум 1996 году насіў кансультатыўны характар, і Канстытуцыя Беларусі ўсё яшчэ не выключае магчымасьць увядзеньня мараторыю ці поўнай адмены сьмяротнага пакараньня».

2. Якая працэдура сьмяротнай кары?

«Пра тое, што працэдурныя пытаньні выкананьня сьмяротнай кары аднесеныя да сакрэтнай інфармацыі, наўпроставага ўказаньня не існуе. Але факты кажуць пра тое, што зьвязаныя з выкананьнем сьмяротнай кары працэдуры і практыка засакрэчаныя, інфармацыя пра дзейнасьць расстрэльных камандаў, працэдура расстрэлу, пахаваньне ды іншае яўна рэгулююцца некімі актамі дзяржаўных органаў, недасяжнымі грамадзкасьці».

Расстрэльны пісталет

Расстрэльны пісталет

3. Чаму Беларусь не выконвае рашэньні ААН па скаргах «сьмяротнікаў»?

«Неабходна падкрэсьліць, што рашэньні ААН Беларусь усё больш адкрыта ігнаруе. Гэтак, ігнаруюцца ня толькі рэкамэндацыі мэханізмаў ААН па правах чалавека, але і рашэньні Камітэту правоў чалавека, Працоўнай групы па адвольных затрыманьнях ды іншыя. Беларускі МЗС афіцыйна заяўляў, што рашэньні КПЧ па індывідуальных скаргах не абавязковыя для выкананьня. Ніводнае з рашэньняў КПЧ па індывідуальных скаргах не было выкананае. Нават сьмяротныя прысуды выконваліся, хоць індывідуальныя звароты па гэтых справах былі зарэгістраваныя ў КПЧ і паводле іх былі распачатыя тэрміновыя працэдуры, пра што беларускія ўлады былі праінфармаваныя належным чынам».

4. Колькі пакарана сьмерцю з 1991 году?

«Дакладная лічба пакараных сьмерцю ў Беларусі застаецца невядомай. Дзякуючы нястомнай працы праваабаронцаў і журналістаў беларускае грамадзтва і міжнародная супольнасьць усё ж валодаюць некаторай інфармацыяй аб прывядзеньні ў выкананьне сьмяротных прысудаў. Паводле зьвестак зь Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, у пэрыяд з 1994 па 2014 год былі асуджаныя да сьмяротнай кары 245 чалавек. Праваабаронцы лічаць, што з моманту здабыцьця незалежнасьці ў 1991 годзе і да сёньняшняга дня лічба пакараных сьмерцю ў краіне складае каля 400 чалавек».

Глядзець у высокім разрозьненьні

5. Чаму з 1999 году — зьніжэньне колькасьці пакараных?

«На падставе прыведзенай інфармацыі можна зрабіць выснову пра тое, што лічба сьмяротных прысудаў заўважна зьменшылася пасьля ўвядзеньня ў 1999 годзе ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь пажыцьцёвага пакараньня — як альтэрнатыўнага сьмяротнай кары за асабліва цяжкія злачынствы».

6. Хто на чарзе на сьмяротным канвэеры?

«У 2016 годзе да сьмяротнай кары былі асуджаныя ўжо тры чалавекі: Генадзь Якавіцкі (асуджаны 5 студзеня 2016 году Менскім абласным судом), Сяргей Хмялеўскі (асуджаны 15 лютага 2016 году Менскім абласным судом) і Сяргей Вострыкаў (асуджаны 19 траўня 2016 году Гомельскім абласным судом).

4 кастрычніка, за дзень да прэзэнтацыі дакладу, Вярхоўны суд Беларусі адхіліў апэляцыйную скаргу Сяргея Вострыкава. Такім чынам, цяпер у сутарэньнях «Валадаркі» чакаюць свайго апошняга дня ўжо 4 вязьні, з улікам Івана Куляша, якога асудзілі на сьмерць 20 лістапада 2015 году.

У прэзэнтацыі дакладу возьмуць удзел Джым Казанс, намесьнік кіраўніка прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Рэспубліцы Беларусь; Саша Кулаева, кіраўніца аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH; Фляранс Бэліўе, прафэсар права, намесьніца Генэральнага сакратара FIDH; Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі».

svaboda.org

Пакінуць адказ