Categories: Моладзь

Як жыць, калі ты “валанцёр галаўнога мозгу”. Ганка Барадзіна дзеліцца досведам

“На Беларусі людзі ўвесь час працавалі талакою – “прыйдзі памажы – прыйду памагу” – і ніхто за гэта грошай не прасіў, не называў сябе валанцёрам. Гэта нармальнае жыццё”. Паводле Ганкі, ідэі валанцёрскай працы блізкія людзям, што жывуць у шчыльнай суполцы. Для яе пытанне “бясплатнай працы” – хутчэй магчымасць рабіць тое, да чаго ляжыць душа. “Чым глядзець серыялы, лепш адпачыць па-іншаму”. Сама Ганка “адпачывае” за перакладамі TED-прамоваў , арганізацыяй кінапаказаў, адукацыйнай дзейнасцю.

У Міжнародны дзень валанцёра, 5 снежня, яна распавяла, як удаецца атрымліваць асалоду ад жыцця, што напоўнена валанцёрскай працай.

Валанцёрства – не рабства

“Калі вы хочаце знайсці людзей, што будуць рабіць тое, што вам трэба, ды яшчэ і бясплатна, то гэта не пра валанцёрства. Гэта нейкае рабства ўжо, – смяецца Ганка ў адказ на пытанне пра пошук валанцёраў. — Я зусім не так гэта ўспрымаю. Хутчэй гэта магчымасць даць людзям шанец рабіць тое, што яны заўсёды хацелі, але не рашаліся, ці не мелі магчымасці”.
Пры такім раскладзе валанцёрства дае магчымасць рэалізаваць свае мары, стаць часткай суполкі і атрымліваць асалоду ад жыцця — ад таго, што можаш падзяліцца і падтрымаць бліжніх. “Гэта хутчэй хобі, спосаб адпачынку ад асноўнай работы, альтэрнатыва нейкім серыялам і магчымасць “злавіць кайф”.
“Калі бываюць такія дні, што здаецца, ўсё задзяўбала і нічога не хочацца рабіць, то заўжды выручае TED. Думаю, вось зараз кайфану, а потым пачну працаваць. Часам гэта складаныя пераклады, але ад гэтага так робіцца добра!”

За такім адпачынкам апошнімі гадамі Ганка пераклала на беларускую больш за 70 прамоваў.

Валанцёрства за “вартыя ідэі”

Уласна тое, што “ідэі вартыя распаўсюду” загучалі па-беларуску, таксама вынік яе валанцёрскай дзейнасці. Калі Ганка пачынала працаваць у TED-камандзе, беларускай мовы ў спісе даступных для перакладаў не было. А Калі на пэўную мову ніхто раней не перакладаў, то немагчыма проста узяць і пачаць.

Было доўгае ліставанне з арганізатарамі і ў выніку ўсё атрымалася. Потым больш людзей сталі цікавіцца TED, пачалі рабіць TEDх-мерапрыемствы у Мінску, Гродне, іншых гарадах.
“Уся праца каманды TED – валанцёрская. Ні пераклады, ні арганізацыйная праца не маюць аплаты. Праўда, ёсць шэраг бонусаў, але іх не варта разглядаць як форму аплаты. “Няма такога, што за пэўную колькасць перакладаў нешта будзеш мець. Ніхто ніколі не ведае, якія бонусы можна атрымаць і гэта класна”. Падарункам для Ганкі стала леташняя паездка на TED-саміт у Канаду, дзе збіраліся перакладчыкі прамоваў з цэлага свету.

“Пачала і панеслася”

Першым досведам, калі “ўсвядоміла сябе валанцёрам” стала для Ганкі праца ў студэнцкім валанцёрскім клубе: “Ставілі казкі, спектаклі, паказвалі іх у дзіцячых дамах, сацыяльных прыютах”. А адным з самых вялікіх праектаў стаў год валанцёрства ў Румыніі, куды яна паехала праз EVS –Еўрапейскую валанцёрскую службу. “Там сапраўды асноўную частку часу ты працуеш бясплатна. Але я ўсё роўна так гэта не ўспрымала. Мне здаецца, што людзі каторыя валанцёраць, робяць гэта дзеля задавальнення, таму і не патрабуюць за гэта матэрыяльнай платы”.

Сваё задавальненне дзяўчына знаходзіць у тым, каб вучыцца і перадаваць карысныя веды людзям: “Я бачу сябе як паўправаднік, які набраўся чагосці і раздае гэта рознымі спосабамі – праз працу на сайце Adukacyja.info, у праектах са сталымі і падлеткамі, пераклады, кінапраглады ды іншае”.

“У Гродна прыехала як апантаны чалавек”

“Ужо пад час працы ў Румыніі стала задумвацца, да чаго хачу дайсці праз гэты праект. У выніку, выйшла з яго з разуменнем што рабіць далей”. Валанцёрства за мяжой дало шмат планаў — практычна на кожную літару алфавіту. Планам “а” было вяртанне ў родны Бабруйск каб “падымаць цаліну” – стварыць арганізацыю, праводзіць розныя актыўнасці для горада.
Другой літары алфавіту адпавядалі планы звязаныя з Гродна: “Тут класна, ёсць ужо арганізацыя, сябры і горад прыгожы”. У выніку здзейсніўся “план Б”: Ганка напісала калегам, знайшла працу, па-валанцёрску займалася з аўстрыйскімі валанцёрамі, што праз EVS прыехалі да нас – дапамагала ім вучыць беларускую мову, працавала са сталымі ва Універсітэце Залатога Веку.

Валанцёрскі Гродна

Зараз еўрапейскія валанцёры прыязджаюць у Гродна штогод. І гэта таксама вынік працы Ганкі. Тут ужо працавалі маладзёны з Аўстрыі, Люксембургу і Польшчы. Сёлета прыехаў юнак з Францыі.

Акрамя падтрымкі замежных валанцёраў Ганка з не меншым задавальненнем працуе і для мясцовых. “Разам са студэнтамі УЗВ праводзім міжпакаленчыя кінапаказы, арганізавалі прагляд фільмаў з розных краін свету, для тых, хто хоча размаўляць на замежных мовах, праводзім TEDх-сустрэчы, стварылі Tandem evenings. Яго, да слова, прыдумала Вольга Галецка з Польшчы, што пасля года валанцёрства засталася жыць і працаваць ў Гродне”.
Хочаш размаўляць на замежнай мове? Прыходзь на Tandem Evenings in Hrodna!

Што да цяжкасцяў у валанцёрскай працы, то Ганка адзначае — часта людзі падыходзяць да чужой працы па-спажывецку: “Мы прызвычаены так – нехта падкінуў ідэю, мы ўзялі і робім. Чакаем, што іншыя таксама будуць так рабіць, але гэта рэдка адбываецца. Людзі, нават калі маюць ініцыятыву, часта займаюць больш спажывецкую пазіцыю. Кшталту “калі што, я на падхваце”. То бок, згодны нешта рабіць, але не браць на сябе адказнасць”.

“Добры дзядзя не прыедзе”

“Калі людзі пачынаюць ныць, кажу ім, што апроч сябе няма на кого спадзявацца. Калі самі не хочаце нешта зрабіць, арганізаваць свой вольны час, то ніхто гэта не зробіць. Добры дзядзя не прыедзе, каб вырашыць нашы пытанні, трэба браць ініцыятыву ва ўласныя рукі». Дома ў Ганкі вісіць натхняльны постэр ад віртуальнай гераіні Люсі. “Маленькі дэпрэсіўны горад — выдатная магчымасць развіць свае арганізатарскія здольнасці”.

Гэта, уласна, не камень у агарод Гродна. Акурат для Ганкі гэты горад ні разу не дэпрэсіўны. Проста гэта гатовы адказ на частыя пытанні пра адсутнасць цікавых падзей у жыцці. Тут усё проста – хочаш мець – зрабі сам.

“Валанцёрства – гэта калі сам гатовы прыплочваць за магчымасць працаваць”

Калі чалавек разгублены, не можа зразумець, у чым яго пакліканне ў гэтым жыцці, то псіхолагі раяць падумаць, якую б працу ён хацеў рабіць, калі б не трэба было зарабляць на жыццё. Прыкладна такое азначэнне валанцёрства абрала для сябе Ганка.

“Мне здаецца, сэнс валанцёрства ў гэтым – рабіць не толькі ва ўмовах, калі табе не будуць плаціць, але нават і пагадзіцца за атрыманую асалоду прыплочваць. Прынамсі я сапраўды гатова так рабіць, каб удзельнічаць у тым, што мяне цікавіць”.

Са словаў Ганкі, валанцёры – гэта тыя, што найперш хочуць рабіць “дзвіжуху”, а ўжо пасля ўсведамляюць, што, аказваецца, гэта яны паваланцёрылі. Валанцёры – гэта нейкія апантаныя людзі”.

HRODNA.LIFE

pirozhok

Share
Published by
pirozhok

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

4 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

2 тыдні ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

3 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

3 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago