Ёсць спосаб вывучэння моў, вакол якога лунае больш за ўсё легенд. Гэта мнематэхнікі, ці ўменне запамінаць інфармацыю (ў нашым выпадку – замежныя словы) пры дапамозе вобразаў і асацыяцый. Напрыклад, большасць моўных курсаў сцвярджаюць, што вы навучыцеся запамінаць больш за 100 слоў за адну гадзіну і зможаце хутка засвоіць мову. Ці праўда гэта? Я прысвячу мнематэхнікам даволі разгорнуты артыкул, каб раздзяліць міфы і рэальнасць. Варта сказаць, што эксперыменты я праводзіла на сабе, таму не прэтэндую на ўніверсальнасць атрыманых вынікаў.
Дазволю спойлер: сутнасць гэтага раздзела будзе заключацца ў тым, што мнематэхнікі працуюць, аднак гэта не выратаванне ад усіх бед. Так, за 1 гадзіну можны вывучыць 100 новых слоў. Але каб навучыцца трымаць іх у сваёй памяці, разумець у маўленні і лёгка ўспамінаць, спатрэбіцца больш часу, намаганняў і цярплівасці.
Эксперымент на кошках кубках і чылійцах
Пра мнематэхнікі ў мяне ёсць даволі прыгожая тэорыя. У той момант, калі вырашыла паспрабаваць гэты падыход на сабе, я вучыла гішпанскую. У мяне быў слоўнік трох тысяч найбольш распаўсюджаных слоў гішпанскай мовы. Абставіны склаліся так, што прыкладна 2000 з іх я ўжо так ці інакш ведала і пазнавала. Таму зрабіла копію старонак слоўніка і маркерам вылучыла незнаёмыя. Справа заставалася ў малым – вывучыць гэтую тысячу за тыдзень. Калі верыць папулярным прагнозам, для гэтага неабходна было прысвячаць 1,5 гадзіны на дзень. Я якраз на тыдзень паехала да бацькоў, таму можна было сказаць, што ўсе зоркі дзеля гэтага моўнага эксперыменту сышліся ідэальна.
Пад рукі трапіўся стары дзіцячы кубак з суворым пажарным і тэлефонам 03. Я нарэзала шмат белых паперак, якія потым мусілі стаць карткамі, склала іх у кубак і ў панядзелак распачала справу.
Дарэчы, само па сабе выдумляць асацыяцыі даволі захапляльна (я апішу гэта пазней). Фантазіруеш нешта, часам атрымоўваюцца даволі смешныя вобразы. Бацькі крыху са здзіўленнем глядзелі, як я кружуся па сваім пакоі, бармычу нешта пад нос і часам смяюся (хоць яны звыклі). Наогул, аўтары кніг па мнематэхніках рэкамендуюць выкарыстоўваць пабольш гумару ў вобразах. Гэта насамрэч працуе, атрымоўваецца весела! Дзесьці я бачыла рэкамендацыю выкарыстоўваць эратычныя вобразы, я спрабавала, але мне хутка надакучыла фізіялагічная неразнастайнасць.
Я дзейнічала так: выпісвала са слоўніка 10 слоў, вучыла іх, паўтарала і пачынала наступную порцыю з 10 слоў. Праз гадзіну – паўтарэнне ўсяго, што вывучыла. Праз некаторы час яшчэ адзін падыход да снарада, але карацей – на паўгадзіны ці хвілін 40. У першы дзень я вывучыла якраз сотню слоў, але на гэта сышло больш за гадзіну, пакуль звыкала да методыкі (пакуль паперкі нарэзаць, пакуль словы выбраць – гадзіны дзве атрымалася). На другі-трэці дзень было ўжо пад 150 засвоеных слоў.
Абавязковая ўмова – паўтарэнне вывучанага. Я перамешвала словы і глядзела, ці змагу іх перакласці з гішпанскай на рускую і наадварот. Звычайна на наступную раніцу з усяго стосіка на 100-150 слоў не могла ўспомніць 2-3, то бок вельмі круты вынік (imho). Наогул, як правіла, забываліся тыя словы, пад якія кепска выдумляліся вобразы.
Паралельна ў мяне быў сябар па скайпе, з яком мы гутарылі па-гішпанску. Я помню свой вялізны кайф, калі чула ў яго маўленні новыя словы і сама ўзгадвала толькі што вывучаныя. Не магу сказаць, што гэта адбывалася абсалютна натуральна, зусім неабавязкова словы аўтаматычна з’яўляліся ў момант, калі было неабходна. Мне падаецца, мозгу ўсё ж патрэбны пэўныя дадатковыя імгненні, каб непрамым шляхам праз асацыяцыі знайсці ў сваіх “адсеках” гэтыя словы. Але варта адзначыць, што ўспаміналіся яны менавіта на замежнай мове без усялякіх уяўных малюнкаў.
На чацвёрты-пяты дзень эксперыменту я адчула нейкую аграменную стомленасць ад такой інтэнсіўнай асацыятыўнай працы. Мой мозг ужо адмаўляўся праходзіць працэдуру абавязковага паглынання чарговай сотні слоў. Часткова гэта адбівалася і на плёне ў працы, не звязанай з замежнымі мовамі. Даволі шмат энэргіі сыходзіла менавіта на пошук асацыяцый. На пяты-шосты дзень я падчапіла нейкую прастуду, што здараецца са мной толькі ад стомы. І ў нядзелю я махнула рукой і не стала давучваць дзве сотні слоў, што засталіся.
Час майго бацькоўскага візіта сышоў. Я сабрала вывучаныя карткі ў кубак з брудным дзядзечкам пажарным і чамусьці не захацела ўзяць гэты скарб разам з сабой (так, канешне, даволі безадказнае рашэнне). Вярнулася я да бацькоў праз некалькі месяцаў і адразу вырашыла паўтарыць словы з кубка. Цяжка апісаць словамі тое здзіўленне, калі зразумела, што не помню практычна нічога: ні слоў, ні асацыяцый. З гэтай безлічы картак я змагла ўзгадаць толькі тыя словы, якія свядома выкарыстоўвала і чула ў размове з чылійцам ці на якія мэтанакіравана звяртала ўвагу, калі чытала кніжку на гішпанскай ужо пасля эксперыменту. Гэта было літаральна некалькі дзясяткаў слоў. Мне было прасцей прыдумаць новыя апорныя асацыяцыі, чым узгадаць ранейшыя. Карацей, мозг хутка праглынуў 800 слоў і не менш хутка выплюнуў іх, пераканаўшыся, што я не выкарыстоўваю іх інтэнсіўна.
Эксперыменты на школьніках
Але гэта яшчэ не ўс гісторыя з мнематэхнікамі. Праз некаторы час я выкладала ангельскую для дзевяцікласнікаў. Вырашыла ім распавесці пра мнематэхнікі ў цэлым (ці мала, спатрэбіцца) і патрэніравацца на дзясятку слоў. Гэта былі даволі складаныя словы, не аб’яднаныя адной тэмай. Я растлумачыла, што і як трэба рабіць. Атрымалася больш-менш нядрэнна ва ўсіх, нават слабых вучняў. Правільнасць напісання запаміналі не заўжды добра, але агулам словы ўзнавіць у памяці маглі. Я не помню, праз колькі дзён у нас буў наступны ўрок: праз два, ці чатыры, але на наступнай сустрэчы большасць слоў згубілася ў памяці. З дзясятка слоў усёй групай мы змаглі ўзгадаць 3-4. Інакш кажучы, гісторыя паўтарылася. Мне падаецца, ключавы момант – гэта матывацыя, ці жаданне ведаць і помніць гэтыя словы.
Калі вы карыстаецеся мнематэхнікамі, запомніць словы лёгка. Нашмат складаней – потым іх не забыць. Калі часам вы вырашыцеся на такі самы эксперымент, то вось некалькі рэкамендацый:
- старайцеся выкарыстоўваць новыя словы ў размове з носьбітам мовы;
- чытайце кнігі і мэтанакіравана адзначайце (напрыклад, падкрэслівайце алоўкам) тыя словы, якія вы нядаўна вывучылі;
- ці слухайце аўдыёзапісы, шукайце і адзначайце ў іх новыя словы;
- не імкніцеся вывучыць адразу шмат слоў (калі, канешне, вы не ў сітуацыі, дзе гэта прынцыповае пытанне). На маім прыкладзе вы ўжо ведаеце, як не трэба рабіць. Не стамляйце сябе празмерна амбіцыйнымі мэтамі, інакш унутры будзе супраціў. А яшчэ, калі вы за кароткі час засвоіце 1000 новых слоў, трэба улічыць, што даволі шмат часу будзе сыходзіць на іх паўтарэнне;
- прыдумляйце сітуацыі і фразы з гэтымі словамі. Напрыклад, вы бераце картку і ўяўляеце сітуацыю, калі вы маглі б сказаць гэтае слова. Калі магчыма, прагаворвайце фразу ўслых. Так вы зможаце паўтараць не толькі лексіку, але і граматыку.
Мае высновы наконт мнематэхнік
Чалавек, які ведае 500 слоў (што дастаткова для таго, каб вольна размаўляць), не роўна чалавек, які ведае мову. Калі вы ахвяруеце 50 гадзін для вывучэння 5000 слоў, гэта не значыць, што за некалькі тыдняў вы авалодаеце мовай.
У мнематэхніках няма ніякага падвоху, яны сапраўды дазваляюць перапрацаваць даволі вялікія аб’ёмы інфармацыі. Але вывучаныя вялізнай партыяй словы без дадатковых намаганняў надоўга ў памяці не затрымаюцца.
Я часта выкарыстоўваю такія прыёмы, каб запомніць, напрыклад, коды сваіх банкаўскіх картак (хоць там крыху іншы прынцып), але адносна рэдка ў замежных мовах. Звычайна ў мяне няма мэты вывучыць мову суперхутка, таму я аддаю перавагу больш павольным, але грунтоўным падыходам. Хоць пры выкарыстанні любой методыкі падчас доўгіх брэйкаў словы і правілы забываюцца. Што тычыцца картак, то я звычайна раблю карткі з цэлымі фразамі (звычайна з аўдыёкурсаў): гэта дазваляе паўтараць не толькі словы, але і канструкцыі.
І яшчэ адна перасцярога: не найлепшая ідэя пачынаць вывучэнне мовы з завучвання слоў, калі вы не ведаеце, як іх прагаворваць. Вам, хутчэй за ўсё, будзе складана пазбавіцца ад моцнага акцэнту ў памылак і прамаўленні.
Старайцеся як мінімум паслухаць, як гэтыя словы прамаўляюць прафесійныя дыктары. Лепш за ўсё, калі словы начытаныя акцёрамі, а не згенераваным штучным голасам. Для ангельскага вымаўлення можна выкарыстоўваць Oxford Dictionary, яшчэ прафесійная начытка брытанскага і амерыканскага варыянтаў ёсць у ABBYY Lingvo (нямецкае, французскае і гішпанскае вымаўленне таксама даступнае). Для нямецкай я рэкамендую выкарыстоўваць аўтарытэтны Duden ці www.dict.cc (вельмі карысны рэсурс, там ёсць і іншыя мовы, дзе фразы і словы начытваюць носьбіты), а ў французскай на першых ролях Larousse. Сярод машынных варыянтаў самым папудярным з’яўляецца translate.google.com.
А цяпер пра самі мнематэхнікі: інструкцыі
Найбольш папулярны спосаб запамінання – гэта методыка апорнага слова. Яна грунтуецца на тым, каб да замежнага слова (возьмем самая простае house на ангельскай) падабраць сугучнае рускае ці беларускае слова (напрыклад, ангельскае house гучыць падобна да “хáос”). Затым вы ўяўляеце сабе вобразы абодвух слоў і сумяшчаеце іх у пэўнай сітуацыі (яна можа быць даволі кур’ёзнай, нават дзіўнай – так прасцей запомніць). Напрыклад, вы ўяўляеце касмічны хаос, з каторага (замест планеты Зямля) ўзнікае ваш дом. Яшчэ адзін прыклад. Па-ангельску каўнер – гэта collar. Гучыць падобна да напою “кола”. Вы можаце ўявіць, як якому-небудзь мінаку выліваеце за каўнер бутэльку колы.
Неблагое пакрокавае апісанне такога метада ёсць у кнізе Васільевай Е.Е. і Васільевай В.Ю. “Сакрэты запамінання слоў і няправільных дзеясловаў ангельскай мовы”. Яны прапануюць такі план:
1) выбірайце 10-20 замежных слоў і знайдзіце іх пераклад. Не выкарыстоўвайце словы, якія ідуць адзін за адным па алфавіце, бо яны будуць даволі падобнымі і можна будзе лёгка пераблытаць вобразы;
2) спачатку ўявіце сабе вобраз замежнага слова.
Напрыклад, намалюйце сабе ва ўяўленні гэты самы дом ці каўнер. Выкарыстоўвайце першы вобраз, які прыйдзе ў галаву. То бок вы можаце ўспомніць свой дом ці ўявіць вялізную вілу на беразе мора. Што гэта ні было б, выкарыстоўвайце той самы першы вобраз.
Прадмет, то бок канкрэтны назоўнік, намаляваць даволі проста. Калі гэта абстрактны панятак, можаце выкарыстоўваць сімвал ці сітуацыю. Напрыклад, вы хочаце запомніць нямецкае слова Verantwortung. З чым у вас асацыюецца адказнасць, якая сітуацыя? Напрыклад, адказны работнік плённа працуе ў апошнюю ноч перад здачай праекта. Ці які сімвал можна падабраць да гішпанскага слова “пакора” (humildad)? Напрыклад, можаце намаляваць сабе манаха;
3) падбярыце сугучнае рускае слова ці некалькі слоў. Звычайна хапае максімум трох, часцей 1-2 дастаткова. Натуральна, слова не мусіць супадаць на 100% па гучанні.
У выпадку з кароткімі collar ці house усё проста і даволі відавочна, але ёсць вельмі падобныя па гучанні лсовы. Скажам, калі вы стараецеся вывучыць нямецкае Verantwortung (чытаецца як “фэрантрвортунг”), тады можна прыдумаць фразу ФЕРмер АНТон ВОР, дзе першыя склады літар будуць паўтараць часткі замежных слова. Па меркаванні аўтараў кнігі, для слова можна падабраць падобны па гучанні сказ overcrowded (а ў вас крадуць?).
Спачатку гэтая сістэма падаецца мудрагелістай, але да яе хутка звыкаеш. Часта можна сустрэць ужо гатовыя асацыяцыі для розных слоў. Напрыклад, ёсць сайт для ангельскіх слоў – zapominalki.ru/dictionary. Я бачыла кнігі з найбольш распаўсюджанымі словамі многіх еўрапейскіх моў.
4) злучыце два вобразы. Гэта можа быць як дынамічная сітуацыя, так і статычны малюнак;
Напрыклад, дом (house) у касмічным хаосе можна ўявіць як нерухомую карцінку. А вылітая за каўнер (collar) кола – гэта хутчэй анекдатычная сітуацыя. Не бойцеся прыдумляць вар’яцкія сітуацыі. Чым весялей, тым больш эмацыйна адгукнецца ваш мозг. Вы божаце больш дэтальна намаляваць сітуацыю: вось мінак з колай за каўнерам бяжыць за хуліганам… Калі вы прадумляеце сітуацыю і сугучных слоў некалькі, устаўце іх у карцінку паслядоўна. Уявіце вялізную ферму, узгадайце знаёмага вам Антона з фермерам у камбайне; ён крадзе нешта, але з-за сваёй адказнасці (Verantwortung) мусіць усю ноч малаціць зерне.
Спачатку можа быць складана падбіраць словы, потым прыдумляць асацыяцыі, але агулам гэтаму хутка вучышся. А яшчэ такая праца часткова трэніруе фантазію і ўяўленне;
5) уяўляючы перед вачыма карцінку, некалькі раз скажыце ангельскае слова ўслых. Рускі ці беларускі сугучны аналаг прамаўляць не варта, можаце проста ўтрымліваць слова ў галаве.
6) прычытайце замежнае слова ўслых. Напрыклад, калі вы запаміналі 10 слоў, прачытайце ўсе адно за другім. Уважліва паглядзіце, як яно пішацца. “Сфатаграфуйце” ў сваёй памяці гэтае слова.
7) Потым напішыце вывучанае слова на паперы, як вы яго запомнілі, і параўнайце з арыгіналам. Калі зрабілі памылкі, перапішыце нанова;
8) нарэшце, зрабіце невялікія карткі, дзе з аднаго боку будзе замежнае слова, а з іншага – пераклад. Пераблытайце карткі і патрэніруйцеся перакладаць з замежнай на родную мову, а пасля наадварот.
Калі звыкнуць, то на адно слова сыходзіць каля 20-30 секунд. Метад даволі просты, але не забывайце пра “тэхніку бяспекі”, якая апісвалася раней. Абавязкова ў канцы свайго ўрока паўтарыце ўсе вывучаныя словы, а не толькі 10 апошніх. Праглядайце карткі перад сном і раніцай. А абавязкова ўжывайце словы ў сваіх размовах.
Яшчэ адзін папулярны падыход – метад Цыцэрона. Ён заснаваны на тым, каб вы запаміналі якую-небудзь знаёмую для вас прасторавую паслядоўнасць (напрыклад, размяшчэнне прадметаў у вас ў пакоі па гадзіннікавай стрэлцы: ложак, столік, кніжная шафа, акно, пісьмовы стол, стул ды інш). А потым “прыкручвайце” вобразы слоў да гэтай паслядоўнасці. Добрае апісанне можна знайсці ў адным з блогаў на Хабры – habrahabr.ru.
Яшчэ некалькі мнематычных прыёмаў і фішак:
- запамінаць словы, выкарыстоўваючы вобраз таго чалавека, ад якога вы гэта слова даведаліся (гэта можа быць як рэальны чалавек, так і герой фільма ці кнігі). Гэта дазваляе звязаць слова і сітуацыю і запомніць яго крыху надзейней;
- набіраць слова ў пошуку па малюнках, каб было прасцей знайсці вобразы. Асабліва добра, калі нічога не прыдумляецца;
- спампоўваць субтытры да фільма, падкрэсліваць незнаёмыя словы, вучыць іх адзін за адным, а потым ужо глядзець фільм у арыгінале без субтытраў. Такі прыём дазваляе адразу выкарыстоўваць вывучанае. Хаця, хутчэй за ўсё, прыйдзецца паглядзець фільм некалькі разоў, каб гэта падзейнічала;
- запамінаць словы праз іншую замежную мову. Калі вы валодаеце, скажам, французскай і вучыце ангельскія словы, можна прыдумляць адпаведнікі праз гучанне французскіх слоў. Не ўпэўнена, што так прасцей, але некаторыя так робяць;
- у memrize для шматлікіх моў ўжо прапанаваны варыянты асацыяцый.
І ўсё ж…
Так выкарыстоўваць мнематычныя тэхнікі ці не? Калі бег па пакоі з ідыёцкімі асацыяцыямі ў галаве і дурной усмешкай самі па самі для вас задаволенне, то навошта адмаўляцца ад яго…