Развіццё грамадства вызначаецца тым, як людзі ставяцца да жывёлаў і людзей з абмежаваннямі. На жаль, у Беларусі ступень адказнасці за тых, каго мы прыручаем, яшчэ не дасягнула таго ўзроўню, каб лічыць сябе высокадухоўнай нацыяй. Але ж паступова мы да гэтага ідзем.
Мэта валанцёрскага праекта, пра які мы сёння распавядзем, у тым, каб падарыць людзям і жывёлам крышачку больш шчасця. Pet-à-Porter– гэта не проста праект па пошуку дома для бяздомных катоў ды сабак. Гэта ідэя пра тое, што кожная жывёла, як і чалавек, мае сваю індывідуальнасць і шарм. І мэта праекта паказаць гэту ўнікальнасць.
Аўтаркамі ідэі сталі дзве Каці – Кацярына Саванеўская і Каця Багатава. Першая адказвае за арганізацыйную працу, маркетынг, другая – за работу з валанцёрамі і арганізацыю фотасесій. Але жорсткай мяжы тут, безумоўна, няма.
– Справа ў тым, што сёння трэба паказваць “тавар тварам”. Так узнікла ідэя дзеля больш эфектыўнага пошуку дома для бяздомных жывёлаў рабіць для іх прафесійную фатасесію. Мы знайшлі некалькі фатографаў, якія пагадзіліся бясплатна рабіць здымкі і першы час проста перадавалі кадры валанцёрам для распаўсюджвання. Але хутка прыйшло разуменне, што патрэбна адзіная база нашых “падапечных”. Так у студзені з’явіўся акаунт у Інстаграм, дзе мы публікуем усе выявы.
Праца такім чынам ускладнілася. Жывёлы звычайна знаходзяцца ў розных валанцёраў, і цяпер трэба своечасова адсочваць іх лёс. Калі кацейка ці сабачка знайшоў сабе дом, аб гэтым аператыўна робіцца нататка. Бывае, што жывёла становіцца часткай сям’і валанцёра і застаецца з ім. Ёсць і зусім казачныя гісторыі:
– Аднойчы мы дамаўляліся на фотасесію сабакі, а прынеслі коціка, – распавядае Кацярына Саванеўская. – Проста сабака паспеў знайсці свой дом да здымкаў. А потым, пасля публікацыі фота, кацяня таксама адправілася жыць у новую сям’ю.
Некаторым людзям літаральна шанцуе на кранальныя гісторыі. У адной з вёсак недалёка ад Берасця жыве сям’я, што займаецца прыгатаваннем пачастункаў для жывёлаў. І два разы з розніцай у некалькі месяцаў да іх прыбіваліся вельмі слабыя і худыя сабакі. Нават для таго, каб іх пафатаграфаваць, людзі спачатку адкармлівалі жывёл. Увогуле пакуль не было гісторый, каб жывёла зноў апынулася на вуліцы – ён альбо застаецца ў валанцёра, альбо ўрэшце знаходзіць дом.
– Аддаваць жывёл без фідбэку – няправільна. Сёння, напрыклад, многія хочуць узяць малое кацяня. Вясной на іх павышаны попыт. Але малое вырастае, і што тады? Валанцёры спрабуюць кантактаваць з новымі гаспадарамі, час ад часу цікавяцца, як у іх справы. І заўсёды папярэджваюць: калі нешта пайшло не так, лепей вярнуць малое, чым выкідаць яго на вуліцу. У нас ёсць задумка пашырыць праект і ладзіць дадатковую фотасесію жывёлы з сям’ёй. Такім чынам, мы зможам пабачыць, як нашыя падапечныя адаптуюцца ў хатнім атачэнні. Але пакуль гэта даволі сырая ідэя.
За паўгады да праекта далучылася даволі вялікая колькаць людзей. Калі ў пачатку пагадзіліся рабіць здымкі 19 фатографаў-валанцёраў, то сёння іх колькасць амаль у два разы большая. Гэта толькі на карысць праекту – таму што трэба састыкаваць у адным месцы, у адзін час і фатографа, і валанцёра, які даглядае жывёлу. Таму пашыраная база фатографаў – на плюс. Самі фатографы таксама пранікаюцца ідэяй і становяцца амаль валанцёрамі. У лютым фатографка пабачыла двух бяздомных сабак у парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў. Яна зрабіла некалькі здымкаў, але куратараў у іх не было. Пасля публікацыі фотаздымкаў высветлілася, што гэтых малых многія ведалі, мясцовыя іх падкармлівалі. І пасля публікацыі жывёлы хутка знайшлі сабе дом.
Сёння праект працягвае свае існаванне і набірае новыя абароты. У акаўнце Pet-à-Porter– больш за 500 падпісчыкаў. І гэта ўсё жывая аўдыторыя. Спадзяемся, ён будзе існаваць да таго часу, пакуль у горадзе не застанецца ніводнага бяздомнага сабакі ці ката. Аднойчы гэта можа адбыцца…
Падпісвайцеся на старонку праекта ў інстаграм.
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…