Тэатр – месца нараджэння эмоцый і сапраўднай магіі. У свеце мастацтва, дзе кожны крок – выклік, а кожная роля – магчымасць, Яўгенія Гадун знайшла свой шлях праз мноства творчых захапленняў. Яна актрыса і рэжысёрка Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, шматгранная і таленавітая асоба, чыё імя ўжо даўно стала вядомым у тэатральных колах.
Нягледзячы на тое, што з дзяцінства Яўгенія не марыла стаць актрысай, яе жыццё заўсёды было звязана з творчасцю. Дзяўчына займалася харэаграфіяй, хадзіла ў мастацкую школу, любіла граць у КВЗ, удзельнічала ў розных канцэртах. Пасля правалу на экзаменах у Менскі лінгвістычны ўніверсітэт яна цвёрда вырашыла, што яе сапраўдны шлях – гэта мастацтва, і праз год паступіла ў Дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, што стала пачаткам яе тэатральнай кар’еры.
Спачатку Яўгенія ўладкавалася педагогам па акцёрскім майстэрстве ў тэатральную школу ў Менску, потым папоўніла рады Драматычнага тэатра Беларускай Арміі. Пазней, апроч тэатра, Яўгенія паспрабавала сябе і на тэлебачанні, выступаючы вядучай навін на канале “Беларусь 4”. Але сапраўдны запал адчула ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, дзе яна рэалізавала свае творчыя амбіцыі.
У скарбонцы Яўгеніі ўжо ёсць дзве пастаноўкі. Рэжысёрскім дэбютам стаў спектакль “Кошт задавальнення” па матывах твораў А. П. Чэхава. Гэтая іранічная драма закранае тонкія тэмы шлюбных адносін і адрасавана дарослай аўдыторыі. Другой рэжысёрскай працай стаў жаночы паэтычны stand-up “Актрысы ў кулісах”. У планах на будучыню – казка для падлеткаў, камедыя для дарослых і нават спектакль для самых маленькіх гледачоў.
У творчай працы вельмі важна злавіць натхненне, і да нашай гераіні яно прыходзіць з самых розных крыніц: «Мяне натхняе Бог! Каханне, сям’я, людзі, якія мяне атачаюць! Мяне натхняе добрая класічная літаратура, усё ж нельга без кніжак выратавацца. І абавязкова мяне натхняе музыка».
Гаворачы аб любімых рэжысёрах, актрыса згадвае такіх майстроў, як Леў Додзін, Пётр Фаменка і Юрый Бутусаў, выказвае захапленне беларускімі калегамі – Таццянай Самбук і Яўгенам Карнягам. Любімых акцёраў у Яўгеніі шмат, але асабліва яна выдзяляе Яўгена Міронава, Сяргея Бязрукава, Яўгена Цыганава і Алега Табакова. Ментальная сувязь з вялікімі тэатральнымі дзеячамі натхняе яе працягваць сваю справу і рухацца наперад, нягледзячы на асабістыя цяжкасці і ўнутраныя перажыванні.
Патрапіўшы ў тэатр, Яўгенія засвоіла, што акцёры – тонкія натуры. Гэтае ўсведамленне дапамагае ёй беражліва ставіцца да людзей і іх унутранага свету.
“У кожнага акцёра пад капялюшам – свая сцэна, дзе разгортваюцца драмы, часта больш складаныя, чым тыя, што даюцца ў тэатрах”.
Тэатр для Яўгеніі – гэта не проста месца для выступаў, а ўнікальная з’ява, здольная ўздзейнічаць на духоўны пачатак чалавека. Эмацыйная сувязь з акцёрам на працягу спектакля дае магчымасць гледачу адчуць нешта большае. Падобныя пачуцці, як яна лічыць, застаюцца актуальнымі для ўсіх пакаленняў, бо “тэатр вечны”. Рэжысёрка пераканана, што нават тыя, хто прыходзіць у тэатр з моды, несвядома паддаюцца яго магіі. І менавіта гэтая магія робіць тэатр вечным.
«Мне здаецца, сцэна тэатра вяртае сваё права быць уладаром думак. Цяпер людзі ахвотна дзеляцца сваімі тэатральнымі ўражаннямі праз сацыяльныя сеткі, многія падпісаны на тэатральныя блогі. Гэта, дарэчы, дапамагае і нам, акцёрам і рэжысёрам, паводле водгукаў мы карэктуем сваю працу».
Праца ў тэатры нялёгкая, і Яўгенія не ўтойвае: «Цяжка нават растлумачыць, колькі намаганняў стаіць за акцёрскай працай, з выгляду даступнай і лёгкай. Для тых, хто хоча звязаць жыццё з тэатрам, магу сказаць: тэатр трэба любіць!»
Самай незвычайнай і даволі складанай роляй для Яўгеніі стала роля Пятра Іванавіча Бобчынскага ў спектаклі “Рэвізор” па Гогалю (рэж. М. В. Дударава).
«Гэта было вельмі цікава! Для актрысы такая роля ў скарбонцы вельмі важкая. У мяне быў грым, вусы, бакенбарды, накладка-таўшчынка на цела і г.д. Роля цалкам на пераўвасабленне».
Актрыса вельмі ўдзячная за гэты досвед, які дазволіў ёй пашырыць свае прафесійныя межы.
Яўгенія рэкамендуе берасцейцам паглядзець такія спектаклі як “Алеся”, “Бацькі і дзеці”, “Моцарт і Сальеры”, “Мышалоўка”. Ну і, канешне ж, варта наведаць рэжысёрскія працы самой Яўгеніі.
Нягледзячы на вопыт, Яўгенія перад выхадам на сцэну заўсёды злёгку хвалюецца, але пасля спектакля адчувае сапраўднае задавальненне, нібы пасля размовы з блізкім сябрам. Як і ў большасці акцёраў, у Яўгеніі ёсць свой рытуал: «Перад выхадам заўсёды хрышчуся! Калі паспяваю, то чытаю кароткую малітву».
Сёння Яўгенія Гадун працягвае працаваць у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы і натхняе іншых сваім прыкладам. Назіраючы за творчасцю Яўгеніі, немагчыма не захапляцца яе запалам да тэатра, да людзей, да свету мастацтва. Яе энтузіязм і імкненне ўдасканальваць сябе штурхаюць яе наперад, адкрываючы новыя грані творчасці.
І невялічкі бліц пытанняў і адказаў:
1. Кава ці гарбата?
Кава.
2. Кот ці сабака?
Кот.
3. Экстраверт або інтраверт?
Экстраверт.
4. Дом ці кватэра?
Дом.
5. Адпачынак на моры ці ў гарах?
На моры.
6. Сава ці жаўрук?
Сава.
7. Кніга ці фільм?
Кніга.
8. Любімае месца ў Берасці?
Вакзал.
9. Жыццёвае крэда?
Калі Бог на першым месцы, то ўсё астатняе будзе на сваіх месцах.
- Інстаграм старонка Яўгеніі Гадун: https://www.instagram.com/evgeshagodyn?
- Інстаграм старонка Брэстскага акадэмічнага тэатра драмы: https://www.instagram.com/brestdramatheatre?
- Сайт Брэстскага акадэмічнага тэатра драмы: https://bresttheatre.info/