Анастасія – адна з тых асоб, якія здольныя перадаць матывацыю і энтузіязм іншым. Яна ператварыла сваё захапленне англійскай мовай у прафесійную дзейнасць, натхняючы і аб’ядноўваючы людзей праз размоўны клуб. Шлях да гэтага быў напоўнены нечаканымі паваротамі.
Да 15 гадоў Анастасія практычна не ведала англійскай мовы. Урокі ў школе не давалі вынікаў, правілы былі незразумелымі, і любая спроба засвоіць граматыку ператваралася ў хаос, распавядае дзяўчына. Але ўсё змянілася ў дзявятым класе, калі ў школу прыйшла новая настаўніца – Марыя Аляксандраўна. Яна здолела захапіць і зацікавіць сваіх вучняў, і Анастасія пачала паціху размаўляць, хоць і з памылкамі. Але, прызнаецца яна, радасць ад першых удалых спроб знайсці патрэбныя словы была велізарнай.
«Я пачала сядзець на розных моўных сайтах, размаўляла з іншаземцамі», – узгадвае Анастасія. Практыка праз перапіску, а пазней наведванне размоўных клубаў паглыблялі яе цікавасць да англійскай. Нягледзячы на тое, што спачатку навучання абрала зусім іншую сферу дзейнасці – хімічны факультэт у БДУ, – пасля першага курсу Анастасія зразумела, што яе сэрца належыць мовам. Дзяўчына прыняла смелае рашэнне і перавялася ў лінгвістычны ўніверсітэт.
«У лінгвістычным я пачала выкладаць ужо на другім курсе і з цягам часу адчула, што гэта менавіта тое, чым я хачу займацца», – кажа Анастасія з усмешкай. Гэта быў першы крок на шляху да стварэння свайго ўласнага размоўнага клуба. Ідэя з’явілася не раптоўна.
«Спачатку я хадзіла ў іншы клуб, дзе мне вельмі падабалася, і тады я падумала, што, магчыма, калісьці ствару свой уласны. Але потым гэтая ідэя сышла на другі план», – расказвае Анастасія. Усё змянілася, калі на апошнім курсе ўніверсітэта ёй спатрэбілася развіваць сябе як рэпетытара ў сацыяльных сетках.
«На аватарцы ў мяне было адфаташопленае фота на фоне Букінгемскага палаца, і гэта падштурхнула мяне да ідэі зрабіць клуб з мемамі і лексікай», – з усмешкай распавядае яна. Мемы сталі важнай часткай яе заняткаў. Анастасія заўсёды стараецца зрабіць навучанне цікавым, вясёлым і лёгкім, спалучаючы ўрокі і гумар, напрыклад, знаходзіць мемы і фаташопіць фота вучняў.
Кожная сустрэча клуба прысвечаная пэўнай тэме. Анастасія старанна адбірае лексіку, якая будзе карыснай і цікавай для ўдзельнікаў. Сустрэчы пачынаюцца з невялікага ўступу з актыўнасцямі на ўгадванне па карцінках ці фота, пасля чаго ідзе разбор новых словаў і фраз. І канечне ж мемы – незаменная частка ўсяго працэсу, бо менавіта яны дапамагаюць удзельнікам лепш запамінаць новыя выразы і атрымліваць асалоду ад навучання.
У цэлым у клуб прыходзяць людзі з узроўнем валодання мовай А2–В1, тлумачыць Анастасія. Гэта могуць быць як падлеткі, так і дарослыя, якіх аб’ядноўвае жаданне палепшыць свае размоўныя навыкі і проста добра правесці час. «Спачатку я думала, што яны ходзяць вывучаць новыя словы, але з часам зразумела, што многія прыходзяць проста паразмаўляць і павесяліцца», – кажа Анастасія. Людзі сустракаюцца, каб дзяліцца эмоцыямі і смехам, і кожная такая сустрэча – крок да мары зрабіць навучанне прыемным і даступным для ўсіх.
Клуб дапамагае ўдзельнікам расслабіцца і пераадолець страх гаварыць па-англійску. Анастасія заўважае, што ў некаторых пачаткоўцаў узнікаюць цяжкасці з гутаркай, але пасля некалькіх сустрэч яны адчуваюць сябе значна больш упэўнена. Кіраўніца заняткаў заўсёды імкнецца дапамагчы тым, каму цяжка, задаючы пытанні і накіроўваючы размову ў патрэбнае рэчышча.
«Маёй місіяй было паказаць, што вывучэнне новай лексікі і граматыкі можа быць лёгкім і цікавым, калі выкарыстоўваць сучасныя метады», – падкрэслівае Анастасія. Яна імкнецца вучыць не толькі новым словам, але і таму, як іх лепш запамінаць і адразу ўжываць на практыцы. Увесь працэс навучання павінен быць інтэрактыўным і жывым.
На пытанне пра будучыя планы Анастасія кажа пра жаданне ў перспектыве стварыць сваю школу англійскай мовы, а таксама адкрыць размоўны клуб з нямецкай. У яе шмат ідэй, і яна імкнецца рыхтаваць арыгінальныя матэрыялы, выкарыстоўваючы сучасныя сродкі навучання. Асаблівая мара – стварыць курс англійскай мовы на аснове якога-небудзь серыяла, дзе можна было б вучыцца праз дыялогі і сцэны.
І невялічкі бліц пытанняў і адказаў:
1. Кава ці гарбата?
Гарбата
2. Кот ці сабака?
Кот.
3. Экстраверт або інтраверт?
Інтраверт.
4. Дом ці кватэра?
Дом.
5. Адпачынак на моры ці ў гарах?
На моры.
6. Сава ці жаўрук?
Жаўрук.
7. Кніга ці фільм?
Кніга.
8. Любімае месца ў Берасці?
Сквер Іконнікава.
9. Жыццёвае крэда?
Давяраць сабе і сваёй інтуіцыі.
Падпісвайцеся на старонку Анастасіі, каб сачыць за навінамі клуба.