Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для ўсіх час. Калі не атрымоўваецца – папярэджвае. Так і павінна быць, скажаце вы. Але ж нагадайце, як часта гэта атрымоўваецца?
Гэтага сціплага хлопца з маленькай гітарай укулеле вы, верагодна, бачылі ў гісторыях інстаграма, на гарадскіх канцэртах. Павел – той чалавек, што стварае музычны настрой Берасця. Канцэртуе больш за 15 год, спачатку ў складзе музычнага гурта, а сёння – сольна. І да гэтай пары змагаецца са страхам сцэны. Кажа, што інтраверт, і кожны раз выхад на сцэну – гэта выклік самому сабе. Але… Яго пазнаюць на вуліцах і бяруць аўтографы. Гэта, канешне, прыемна. Бывалі і камічныя выпадкі, калі да Пашы падышоў высокі лысы мужчына са словамі: “Я вырас на тваіх песнях!” Прыглядзеўшыся, Павел зразумеў, што дзядзьке гэтаму не сорак гадоў, як падалося першапачаткова, а меньш за трыццаць.
Мы сустракаемся ва ўтульным памяшканні з музычнымі інструментамі. У хуткім часе тут, на вуліцы Савецкай, пачне працаваць сапраўдная музычная школа, адным з ініцыятараў якой і стаў Паша.
– Сёння можна назіраць дзве крайнасці, – адзначае Павел. – З аднаго боку, музычную адукацыю можна атрымаць у класічнай музычнай школе, дзе будзе сальфеджыа, гісторыя музыкі і гэтак далей. І навучанне доўжыцца семь год. Гэта ўсё вельмі важныя рэчы, але… цяжкія для ўспрымання, і гэта не тое, чаго хоча сучасная моладзь. Тым больш што наша школа разлічана на больш сталую аўдыторыю. Іншая крайнасць – калі гэтага “акадэмізму” няма зусім ці ён на мінімалках. Такі продаж караоке, эмоцый. Мне ж хацелася бачыць месца, дзе будзе баланс класічнага музычнага вывучання і сучасных тэндэнцый. Мы сабралі класную каманду, нашая мэта – паказаць чалавеку, як стаць артыстам. У перспектыве мы хацелі б аб’ядноўваць людзей у гурты, калі з’явіцца на гэта запыт. Мне будзе радасна бачыць іх на сцэне, а калі яны пачнуць пісаць свае песні, стане ўвогуле цудоўна. Тады можна ладзіць нейкія фестывалі. Раней існавала вельмі шмат гуртоў розных накірункаў, а зараз у нас – адныя каверы. Гэта бяда, гэта забівае ўсю творчасць, музыкі ўпіраюцца ў столю і не могуць рухацца далей. Я – за аўтарскія песні, я бачу ў гэтым сілу і культурніцкую моц нашага горада.
Пакуль ідуць апошнія прыгатаванні да адкрыцця школы. Для гэтага месца ў Паўла і іншых музыкаў вялікія планы. У хуткім часе тут з’явіцца вакальны клас, клас барабанаў, гітары. Магчыма, гэта будзе своеасаблівая музычная пляцоўка для рэпетыцый, кватэрнікаў, гуказапісу. Усе дысцыпліны разлічаныя пакуль на дарослых. Для дзяцей плануецца знайсці дзіцячага выкладчыка, які разумее тонкасці псіхалогіі і ведае падыход да малых. Размаўляючы пра школу, Павел ужывае займеннік “мы” і паясняе: гэта тыя людзі, якіх аб’ядноўвае музыка і нежаданне з’язжаць з Берасця.
– Многія мараць з’ехаць з невялікага горада. Але я год жыў у Пецярбургу, дзе папаўняў свае музычныя веды. І я вам скажу, што ў вялікімі горадзе значна больш адзінокіх людзей, такая адзінота ў талпе. Так, творчаму чалавеку бывае важна змяніць абстаноўку, апынуцца ў іншай атмасферы. Але часам разумееш, што сапраўднае жыццё тут і зараз. У Берасці я бачу жыццё. Я бачу тую вялікую колькасць ідэй, што нараджаецца. Гэта мая філасофія: не мае значэння дзе ты, – мае значэнне, хто ты.
У моладасці Павел выступаў разам з калектывам “The Fraiz”. Многія памятаюць гэты гурт па ўдзеле ў шматлікіх конкурсах і фестывалях. Адзін з самых яркіх выступаў калектыву адбыўся на дзень горада, калі гурт запрасілі выступіць для разагрэву перад канцэртам “Бі-2”.
Ёсць у Паўла мара, на жаль, недасягальная, пагутарыць з лідэрам “Red Hot Chilly Peppers” Энтані Кідісам – вельмі цікава, адкуль чэрпаць энергію, што столькі год б’е ключом на канцэртах ад гэтых ветэранаў сусветнага року.
У гэтым годзе Павел з сябрамі рэалізавалі два вялікія праекты. Першы – канцэрт “Эйфарыя” з удзелам сімфанічнага аркестра.
– Атрымаўся вельмі цікавы досвед. Калі мы пайшлі з прапановай да ўладаў і дырэкцыі тэатра, то адчулі іх сумненне, але нам паверылі. Вынік – чатыры канцэрты “sold out”. Спадзяюся, што ў гэтай музычнай прыгоды абавязкова будзе працяг. Але такія праекты забіраюць вельмі многа сіл.
Другі праект – серыя оўпэн-эйраў “Sonik Rave” летам у Берасці. Цікавы фармат: канцэрт на аўтамабільнай паркоўцы за гандлёвым цэнтрам “Galereya Grand”. Ізноў уладальнікі месца пайшлі насустрач. Ізноў маса добрых эмоцый і слоў падзякі… Для Паўла такія праекты – магчымасць паказаць гораду і музыкам альтэрнатыву каверам, якая будзе значна якасней і эфектыўней.
Што тычыцца ўласных планаў, тут у Паўла ўсё проста: працягнуць выпускаць свае песні. Ёсць мара зрабіць сольны канцэрт з жывым калектвам. Такія выступы вельмі падабаюцца людзям.
– Прыемна, што мяне клічуць выступаць не як кавершчыка, а ў якасці самабытнага артыста, просяць спець свае песні. У гэтым я бачу сэнс і ўласнае развіццё. Я люблю музыку і праз яе разумею гэты свет.
Зрабіць наш горад яшчэ лепш – гэта тое, пра што зараз думае Павел. А яшчэ ён упэўнены: важна заўсёды казаць сваім людзям, што яны значаць для цябе і свету. Толькі ў такім выпадку ў Берасці з’явяцца новыя творцы.
Невялічкі бліц:
1. Вечар ці раніца?
Раніца.
2. Музыка класічная ці сучасная?
Нельга параўноўваць, музыка адзіная.
3.Восень ці вясна?
Восень.
4. Кіно ці спектакль?
Кіно.
Глядзіце кліп і слухайце песню Ferenc – Хлопчык з палёў
- Падпісвайцеся на старонку Паўла.