МоладзьКультура

Беларусам паказалі дыктатуру

Без сумневу, фільм “Галодныя гульні” у мясцовым пракаце варта было б забараніць. Хаця б за адну сцэну, дзе раз’юшаны натоўп, на які наступаюць шэрагі АМАПа з шчытамі і дубінкамі, ускідае над галовамі далоні з сімвалічнымі знакамі з пальцаў. 

 Але – не забаранілі. Беларусы даведаліся пра тое, як выглядае дыктатура ва ўяўленні галівудскіх рэжысёраў. Камічна, недарэчна і зусім нястрашна.

“Галодныя гульні” – фільм-сенсацыя, фільм-загадка. Якімсьці цудам карціна не самага знакамітага рэжысёра, якая не мае зорак у акторскім саставе, карціна, на выраб якой было выдаткавана ўсяго  78 млн. $,  стала самым паспяховым фільмам амерыканскага праката 2012г. Толькі за прэм’ерны ўікэнд яна сабрала 155 млн $. За усю гісторыю кінематографа толькі два фільма былі фінансава больш паспяховымі: “Гары Потэр” і “Цёмны рыцар” (фрагмент сагі пра Бэтмэна). Дык гэта Гары Потэр! Гэта Бэтмэн! А тут – экранізацыя кнігі не надта вядомай за межамі ЗША пісьменніцы Сьюзэн Колінз.

Па продажы квіткоў “Галодныя гульні” ўчыстую перамаглі фільмы, якія сталі брэндамі ў мас-культуры, – “Код да Вінчы” і “Змярканне”.

Праўда ў Менску, а тым больш, у Берасці, ажыятажа вакол квіткоў не было – ніякіх папярэдніх замоў, анлайн-даставак і продажаў месцаў у чарзе, што назіралася ў Амерыцы, тут не спатрэбілася. Скажам проста: беларусы сустракаюць “Галодны гульні” абыякава. У зале сядзелі ў асноўным маладыя парачкі, для якіх галоўным было знайсці цёмнае месца для невербальных зносін.

І вось фільм. Неяк знянацку на экране пачалі распавядаць пра мяцеж, пратэстах і іх задушэнні. Словы “рэвалюцыя”, “вулічныя беспарадкі для беларускага вуха гучаць адметна. Іх можна ўспрыймаць з нянавісцю ці з асцярогай, але абыякава адносіцца да іх, будучы беларускім тэлегледачом, немагчыма.

А тут з экрана распавядаюць пра пратэсты ў Амерыцы будучыні, якія былі жорстка прыдушаны, стабільнасць – адноўлена, нацыя зноў аб’яднаная, але для гэтага апазіцыянерам давялося заплаціць жорсткую плату. Тыя населеныя пункты, якія калісьці паўсталі, пасля задушэння рэвалюцыі абавязаныя вылучаць па адной дзяўчыне і аднаму хлопцу для ўдзелу ў тэлешоў, дзе з 24 удзельнікаў ў выніку бойкі застаецца толькі адзін. Працэс смяротнай гульні ператвараецца ў маштабнае тэлешоў, за якім сочыць уся краіна.

Такім чынам, гэта фільм не пра дыктатуру. Гэта фільм пра тэлебачанне. Пра яго пошласць, безгустоўшчыну, пра яго дзікія правілы і атыгуманныя законы.  Пра яго налепленыя вейкі і густы мэйк-ап.

Галоўных герояў – звычайную пару падлеткаў (вядома, закаханых), трэнеры вучаць быць “селебрыці”. Галоўнае правіла – падабацца гледачам.

 Складана сказаць, што адчувалі тыя, хто прыйшоў на дзённы сеанс “Галодных гульняў”: калі яны шукалі “выціскання слёзаў” накшталт “Тытаніка”, то гэтай ролі фільм не выканаў. Калі яны шукалі антытаталітарнага фільма, то ўражанняў, аналагічных “V значыць вендэта” братоў Вачоўскі”, карціна не пакінула.  Некаторыя сюжэты з Інтэрнэта (напрыклад, пра задушэнне пратэстаў ў Расеі) пакідаюць больш яскравыя антыўтапічныя ўражанні.

Што да “Галодных гульняў” як здзеку з тэлебачання, то, каб узрушыцца ў дзесяць разоў больш моцнымі эмоцыямі на гэты конт, беларусам дастаткова застацца дома і ўключыць адзін з мясцовых каналаў.

Паводле: Віктар Марціновіч, БелГазета 

Пакінуць адказ