У выданні Belarus Press Photo за 2011 год, КДБ знайшла матэрыялы экстрэмісцкага зместу. Паводле праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Фотажурналістка і суарганізатарка конкурсу Belarus Press Photo Юлія Дарашкевіч паведаміла 4 красавіка ў Facebookу, што ў выданні Belarus Press Photo за 2011 год, партыя якіх была канфіскаваная 12 лістапада 2012 года на памежным пераходзе “Каменны лог”, КДБ знайшла матэрыялы экстрэмісцкага зместу.
У лісце КДБ, які прыводзіць Хартыя97, паведамляецца, што ў фотаальбоме “змяшчаюцца наўмысна скажоныя, не адпавядаючыя рэчаіснасці выдумкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь”.
“Падборка матэрыялаў фотаальбома ў сукупнасці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народа з уласнымі выдумкамі і высновамі аўтара, што з пункту гледжання сацыяльных нормаў, прынятых у грамадстве і маральнасці, прыніжае нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, прымяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый “, адзначаецца ў лісце.
21 лютага 2013 года на запыт прэс-службы Беларускай асацыяцыі журналістаў прадстаўнікі Ашмянскай мытні, паведамілі, што 41 асобнік фотаальбома перададзены прадстаўнікам Камітэту дзяржаўнай бяспекі. І вось у КДБ прыйшлі да высновы, што выданне з’яўляецца экстрэмісцкім па змесце.
Юлію Дарашкевіч і Вадзіма Заміроўскага, якія перавозілі альбомы ў Беларусь, выклікаюць на 17 красавіка у суд у Ашмяны.
Крыніца: spring96.org