“Кірмаш праектаў” адбудзецца ў Брэсці 25 кастрычніка і будзе прысвечаны музычным праектам.
“Кірмаш праектаў” — гэта публічныя прэзентацыі ў фармаце “маланкавай размовы”, месца сустрэчы таленавітых, прадпрымальных, актыўных людзей, якія жывуць цікавымі культурніцкімі ідэямі, маюць або хочуць займець досвед у іх рэалізацыі, адкрытыя да пашырэння сваіх прафесійных ведаў і кола знаёмстваў. Некалькі “Кірмашоў” ужо прайшлі ў розных гарадах краіны пад эгідай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. На іх былі прадэманстраваныя дзесяткі праектаў самых розных культурніцкіх накірункаў.
У цэнтры ўвагі наступнага, берасцейскага “Кірмаша” , што адбудзецца 25 кастрычніка, — музыка. А значыць, у пошук абвяшчаюцца:
- Грамадска значныя музычныя праекты, падзеі, канцэпцыі, стратэгіі (напрыклад, фармавання музычнай, стылёвай адметнасці ўстановы) і іншае. Вітаюцца як гісторыі “праходу” праекта праз агонь, ваду і медныя трубы, так і ідэі, якія толькі-толькі нарадзіліся і якія не зашкодзіць “абкатаць” у коле калег, аднадумцаў і многіх пакуль не ідэнтыфікаваных”, але ўжо неабыякавых людзей.
- Аўтары музычных праектаў: музыкі, арганізатары канцэртаў, арт-дырэктары, кіраўнікі навучальных музычных установаў і многія іншыя, хто ідзе па жыцці з музыкай.
- Шырокая публіка. Асаблівыя прыкметы: зацікаўленасць у паляпшэнні якасці і росце колькасці музычных падзей.
Фармат: “маланкавая размова” — гэта некалькі 5-хвілінных прэзентацый, створаных загадзя ў PowerPoint, Prezi.com і г.д. “Кірмаш праектаў” уключае таксама абмеркаванне прадстаўленых праектаў і галасаванне за найлепшы.
Навошта такая сустрэча? Адмыслоўцам у музычнай сферы “Кірмаш праектаў” будзе карысны, каб падзяліцца цікавым, каштоўным досведам, атрымаць ацэнку калег, пачаткоўцам — прадставіць новыя ідэі і, галоўнае, знайсці партнёраў для іх рэалізацыі! Гледачы (сярод якіх таксама будзе нямала адмыслоўцаў) могуць натхніцца творчым арганізацыйным запалам, даць парады, узяць удзел у рэалізацыі таго ці іншага культурніцкага праекта.
Каб стаць удзельнікам “Кірмашу праектаў”, неабходна да 21 кастрычніка ўключна даслаць на электронную скрыню [email protected] прэзентацыю, у якую абавязкова ўключыць:
— назву прэзентацыі*;
— сутнасць прэзентацыі (што менавіта вы хочаце прадставіць: праект, стратэгію, кампанію, канцэпцыю і г.д.)*.
Для праектных ідэй і канцэпцый:
— мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны);
— фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;
— калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;
— якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).
Для рэалізаваных праектаў таксама:
— вашыя поспехі і цяжкасці ў рэалізацыі;
— як вы бачыце развіццё праекта ў будучыні.
Для канцэпцый ці стратэгіі:
— апісанне: сутнасць, бачанне;
— мэтавыя аўдыторыі.
Больш падрабязна пра падрыхтоўку прэзентацыі для “Кірмашу праектаў” можна даведацца тут. Таксама з усімі пытаннямі звяртайцеся да каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Брэсцкім рэгіёне Зміцера Назарава (тэл: +37529 3139860, +37529 7273097).
Крыніца: budzma.org