Грамадства

Адміністрацыя прэзідэнта: Да Лукашэнкі даведзена, што Бяляцкі кампенсаваў шкоду

21 студзеня 2014 у Мінску праходзіла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі буйных беларускіх СМІ. Падчас яе дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай спытаў пра лёс палітвязня Алеся Бяляцкага. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”

bel-30

Ліпай патлумачыў, што прадстаўнікі грамадскасці даўно кампенсавалі шкоду, якую, як вызначыў суд, нібыта нанёс дзяржаве праваабаронца Бяляцкі.

«Гэты ўрон дзяржаве ўжо даўно пакрыты за кошт ахвяраванняў грамадзян, хоць у нашай краіне не раз выпускалі на волю бізнесменаў, якія выплацілі буйнейшыя кампенсацыі. Дый у суседняй Расіі Пуцін нядаўна вызваліў з няволі свайго заўзятага саперніка Міхаіла Хадаркоўскага, урон ад дзеянняў якога вымяраўся непараўнальна большай сумай — 500 мільёнаў долараў», — зазначыў Ліпай.

Лукашэнка зрабіў выгляд, што ўпершыню чуе гісторыю пра Бяляцкага і адразу ж даручыў намесніку кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандру Радзькову разабрацца ў пытанні. «Гэта сур’ёзны аргумент. Тут справа не ў палітыцы і не ў пазіцыі самога Бяляцкага. Клянуся вам, я яго не ведаў і не ведаю», — сказаў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, калі інфармацыя аб кампенсацыі шкоды пацвердзіцца, павінна быць разгледжанае пытанне пра ўжыванне да Бяляцкага амністыі.

З часу даручэння прайшло ўжо два месяцы. «Наша Ніва»  накіравала Аляксандру Радзькову запыт: якім чынам вы данеслі кіраўніку дзяржавы інфармацыю аб кампенсацыі шкоды, нанесенай Бяляцкім?

Адказ даў загадчык галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Станіслаў Буко.  Ён запэўніў, што «А.В.Бяляцкім кампенсавана вызначаная рашэннем суда шкода, нанесеная дзяржаве», а «інфармацыя па гэтым пытанні даведзена да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Аднак «у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам пры разгляданні пытанняў аб памілаванні або ўмоўна-датэрміновым вызваленні факт кампенсацыі шкоды разглядаецца ў комплексе з іншымі абставінамі, якія заслугоўваюць увагі», – удакладняецца ў адказе.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч пракаментаваў для «НН»  адказ Адміністрацыі прэзідэнта:

«Дзіўна, што ў дакуменце ўказаныя два шляхі вызвалення, калі існуе яшчэ адзін. Па-першае, Лукашэнка можа памілаваць чалавека з уласнай ініцыятывы. Гэта права прэзідэнта, замацаванае Канстытуцыяй. Аднак у нядаўняй заяве на выбарчым участку ён даў зразумець, што не будзе нікога вызваляць без прашэння аб памілаванні. Відаць, гэта такі «адказ Чэмберену». А прашэнне аб памілаванні Бяляцкі пісаць не будзе.

Па-другое, ёсць умоўна-датэрміновае вызваленне. Бяляцкага не выпусцяць умоўна-датэрмінова, бо ў яго шмат спагнанняў і ён мае статус «злоснага парушальніка». Зноў жа, Бяляцкі не прызнаў сваёй віны, а гэта абавязковы фактар для ўмоўна-дэтэрміновага. Па-трэцяе, застаецца закон аб амністыі. Хутчэй за ўсё, яго прымяркуюць да 3 ліпеня. Прынамсі, пра гэта казаў міністр унутраных спраў Шуневіч. Плануецца, што па амністыі выйдзе каля 2 тысячаў зняволеных. Аднак калі тэкст закона аб амністыі будзе адпавядаць 2012 году, Бяляцкі застанецца за кратамі, бо ў яго ёсць спагнанні і ён «злосны парушальнік» рэжыму пенітыцыярнай установы. Вядома, многія хацелі бы ўбачыць Бяляцкага на волі як мага хутчэй. Аднак па вялікім рахунку, вызваленне палітвязняў залежыць ад палітычнай волі кіраўніцтва Беларусі, а такой волі няма. Найбольшую ролю тут граюць знешнія фактары, а яны не суцяшальныя. На фоне сітуацыі вакол Крыма відавочна далучэнне Лукашэнкі да халоднай вайны супраць Захаду на баку Расіі, узмацненне антызаходняй рыторыкі. У такой сітуацыі наўрад ці можна спадзявацца на вызваленне палітвязняў. Унутры Беларусі няма фактараў, якія б прымусілі адпусціць палітзняволеных. Палітвязні збольшага застаюцца клопатам праваабаронцаў. Насельніцтва ў сваю чаргу ці абыякава да гэтай праблемы, ці проста не ведае аб існаванні палітвязняў».

Крыніца:  spring96.org

Пакінуць адказ