Сённяшняя школа выхоўвае безыдэйнае пакаленне. Па-другому можна сказаць, што ў беларускіх школах па сённяшні час яшчэ савецкае выхаванне.
Расказвае Андрэй, педагог‑арганізатар адной з менскіх школ.
– У чым сэнс працы педагога‑арганізатара?
– Мая галоўная задача — арганізацыя ў школе мерапрыемстваў. Напрыклад, канцэртаў, прысвечаных афіцыйным святам. Праводзім конкурсы, віктарыны. Таксама ў мае абвязкі ўваходзіць праца з актывам школы — членамі БРСМ, піянерамі, акцябратамі…
– Акцябратамі?!
– Так, у сучаснай школе ёсць акцябраты. Cпачатку спрабавалі ўжываць назву «спадкаемцы». Бо, маўляў, павінны захоўваць багатую гістарычна‑гераічную спадчыну краіны. Аднак не прыжылося. Ужываюць звыклы тэрмін — акцябраты. Толькі ў нашага аналага зорачка без Леніна, дый дзецям распавядаюць легенду пра добрага хлопчыка Акцябронка, які ўсім дапамагаў…
– І вераць?
– Школьнікі зорачку не носяць: у акцябраты прынялі, а чаму менавіта зорачка — не паяснілі.
– А як жа піянеры без Леніна?
– Тут праблема. Кіраўніцтва школы само не можа даць ідэалагічнае азначэнне піянеру. Як у тым анекдоце: «Мама, у школе сказалі, што піянер — гэта той, хто не лаецца матам, дапамагае старэйшым, аберагае прыроду. Дык нашто мне ўступаць у піянеры, калі я і так усё гэта раблю?»
Але структура піянерскай дружыны — як у савецкія часы. Важатым абавязкова павінны быць прадстаўнік БРСМ. Нават «цімураўцы» існуюць.
– Пра ініцыятывы піянераў і БРСМ столькі пішуць!
– Мерапрыемствы, якія праходзяць у школе, павінны адбывацца нібы па ініцыятыве БРСМ, піянераў, акцябратаў. Хаця звычайна гэта на паперы. Мне трэба аформіць дзесяць тэчак, якія будуць асвятляць жыцце нашай піянерскай дружыны. А як звязаць школьныя мерапрыемствы з піянерамі? Гэта ўжо мае праблемы. На першым месцы ў школе паперы, а дзеці — як удасца.
– Ці ёсць у школе «беспартыйныя»?
– Усяго ў школе 750 вучняў. 250 з іх уваходзяць у дзіцячыя і падлеткавыя арганізацыі. Дзецям нецікава слухаць пра тое, як прэзідэнт у дзяцінстве прасаваў піянерскі гальштук. Леніна Лукашэнкам у гэтай сітуацыі не заменіш, як ні круці…
– Ці ладзяцца ў школе мерапрыемствы, скіраваныя на прапаганду беларускай культуры?
– Такіх мерапрыемстваў школа ўвогуле не ладзіць. Я сам у паўсядзенным жыцці карыстаюся беларускай мовай. Калі пры найме на працу падпісваў кантракт, першае, пра што запыталіся — ці не ўваходжу ў БНФ (страшная такая абрэвіятура для савецкіх начальніц) і ці не збіраюся прапагандаваць сярод дзяцей «антыдзяржаўныя ідэі».
Наша Ніва.