Культура

Хіп-хап па-беларуску

Пра беларускамоўнага рэпера Vinsenta я даведаўся два гады гады таму. Менавіта тады пачуў яго першую песню “Менск-Парыж”. А ўжо сення Зьміцер Папко (сапраўднае імя спевака) займае зайздросную нішу сярод беларускіх выканаўцаў.

Беларускі рэп-рух стаў даволі актыўна развівацца напачатку 2006 года. Ужо зараз мы можам назіраць шматлікія hip-hop і рэп-бэнды, а таксама такія маштабныя праекты як “Street Awards” і “Б.Р.А.Т.ИНФО”. Vinsent вельмі хутка вырваўся са звычайнай парадыгмы беларускіх рэпераў: яго песні адрознівала беларуская мова і прафесіяналізм. Стала бачна, што ён амбітны малады выканаўца і стаіць на галаву вышэй сваіх калегаў з усёй Беларусі.

Дарэчы, пасля трох першых песень ў яго творчасці было зацішша. Тады я ўжо пачаў думаць, што гэты рэпер стане адным са шматлікіх, хто прыходзіць і сыходзіць, пры гэтым, застаўшыся незаўважаным. Але я памыліўся. Ужо ў 2009 годзе Vinsent выпусціў свой першы альбом пад назвай “Пачатак” і гэта стала сапраўдным прарывам ў музычнай культуры краіны. Альбом атрымаў шматлікія рэцэнзіі і водгукі крытыкаў, песні з новай кружэлькі пайшлі на “ура”.

Потым была прэзентацыя альбома ў клубе “Гудвін”, сумесны з вядомым расійскім рэперам Krec канцэрт, выступы на тэлебачанні, радыё, артыкулы ў газетах… Vinsent зняў два кліпа, ўдзельнічаў ў шматлікіх конкурсах і нарэшце стаў не проста рэперам, а вядомым выканаўцам.

Спявак патрапіў у многія топы беларускіх выканаўцаў ніяк не звязаных з рэпам. Галоўнай якаснай зменай Vinsent’a можна назваць уваход у дзесятку лепшых музычных альбомаў беларускіх выканаўцаў за 2009 года па версіі папулярнага музычнага сайта “experty.by”. І ў рэшце-рэшт пачаў выступаць у розных гарадах краіны. Цікава, што з’явіўся рэальны попыт на беларускамоўны рэп-прадукт, не забруджаны палітычнымі лозунгамі і агітацыяй.

Vinsent проста робіць сваю працу. Ён не выклікае негатыўных эмоцый пры праслухоўванні песень. Творчасць выканаўца не звязана з надыходзячымі ці мінулымі выбарамі, адначасова не звязана і з палітычным кліматам у краіне. Менавіта па гэтай прычыне, Vinsent ёсць арыгінальным і непаўторным артыстам для Беларусі. Якраз гэты чыннік і ёсць тлумачэннем таго, чаму Vinsent цікавы дзяржаўным і недзяржаўным СМІ, чаму яго запрашаюць на дыскусіі “Ліберальнага клуба” і адначасова здымаюць перадачу пра новы альбом на тэлеканале “Лад”.

Наперадзе ў Vinsenta шмат планаў: выступы, запіс новых песень і… праца на тэлебачанні, праўда, з дадаткам “інтэрнэт”. Унікальны моладзевы праект КРОК.ТВ мае ўсе шанцы стаць вядомым на ўсю краіну, бо гэта крэатыўная альтэрнатыва сучаснаму тв.
Хочацца пажадаць артысту творчых поспехаў і перамогі ў намінацыі “Прарыў года” па версіі праекта “STREET AWARDS”. Спадзяюся, што Vinsent не расчаруе сваіх прыхільнікаў і надалей працягне сваю актыўную творчую дзейнасць.

Глеб Хамутоў

Пакінуць адказ