Грамадства

Даследчыкі Беларусі сустрэліся ў Коўна

Сёння ў літоўскі горад Коўна (Каўнас) з’ехаліся каля 450 навукоўцаў з 22 краін свету – ЗША, Італіі, Нямеччыны, Брытаніі, Грузіі, Украіны, Польшчы, Расіі, Малдовы і г.д., каб абмяркаваць вынікі сваёй працы па даследванням Беларусi за год.

 

UnmkMxNSbfo

Кангрэс – эта найбуйнешая акадэмічная і экспертная падзея году, якую традыцыйна ладзіць Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”. Праца навуковых секцыяў і панэляў будзе адбывацца ў сцянах Vytautas Magnus University (універсітэт Вітаўта Вялікага).

У фокусе ўвагі навукоўцаў апынецца не толькі непасрэдна Беларусь, але і ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Шырокая праблематыка – ад эканомікі, палітыкі, міжнародных стасункаў да гісторыі, лінгвістыкі ды праблем культуры – будзе разглядацца цягам трох дзён.

У межах Кангрэсу адбудзецца наданне Прэміі даследчыкам за найлепшую навуковую публікацыю па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычныя навукі, гуманітарныя навукі. Шорт-лісты прэтэндэнтаў на перамогу ўжо абвешчаныя.

Шмат увагі на сёлетнім Кангрэсе будзе нададзена пытанням бяспекі ў рэгіёне, паведаміў дырэктар “Палітычнай сферы” Андрэй Казакевіч. Гэта звязана з працэсамі, якія адбываюцца на пост-савецкай прасторы – падзеямі ва Украіне і агульным павышэннем напружнасці паміж Расіяй і Захадам. Дадзенай праблеме будуць прысвечаны некалькі навуковых панэляў. Пытанні еўразійскай інтэграцыі і пытанні міграцыі ў Беларусі і ў нашым рэгіёне таксама апынуцца ў цэнтры ўвагі даследчыкаў.

Ужо добрай традыцыяй для Кангрэсу стала праца асобнай секцыі, прысвечанай гісторыі Вялікага княства Літоўскага, якая збярэ найлепшых гісторыкаў для буйных дыскусій і гэтым разам. Як і раней, будуць працаваць секцыі, прысвечаная пытанням развіцця эканомікі, новай і найноўшай гісторыі, мовы, культуры, літаратуры, рэлігіі, інтэлектуальных традыцый у Беларусі.

Міжнародная пляцоўка чакае для палемікі спецыялістаў практычна ўсяго спектра сацыяльна-палітычных і гуманітарных дысцыплінаў – як для абмеркавання, так і для атрымання інфармацыі.

Праца Кангрэса прадоўжыцца да 4 кастрычніка.

Даведка:

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці. Гэта самая прадстаўнічая штогадовая акадэмічная і экспертная падзея, у якой бяруць удзел усе асноўныя аналітычныя цэнтры даследванняў палітыкі, грамадства і культуры Беларусі. Кангрэс – выдатная магчымасць распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену меркаваннямі і ідэямі, усталявання нефармальных сувязяў з прадстаўнікамі экспертнай і акадэмічнай супольнасці Беларусі ды іншых краін.

Дзяніс Каляда

 

YItFIEgAGUs

mxUWgiwbZPw

nSWjPxCMC5Y

vKosKXffYVQ

GvE3dheu1L4

yoVmq1qkcUI

Пакінуць адказ