Гісторыя

20 нечаканых фактаў к 140 годдзю Алаізы Пашкевіч

Яна пачынала свой творчы шлях агітацыйнай паэзіяй, а скончыла — тонкай элітарнай прозай. І як сапраўдная паэтка выявілася менавіта ў прозе. Марыла пра ўзаемнае каханьне, але так і не знайшла яго. Таму заглушала свой боль у рэвалюцыях, бясконцай вучобе, падарожжах, акторскай ігры, рэдактарскай працы, акіяне грамадзкіх справаў. Заўсёды і з усімі размаўляла ТОЛЬКІ па-беларуску.

 

47[1]

1) Змалку не хацела быць хатняй гаспадыняй

Паводле старэйшага брата Войцеха:

«Бабка /вучыла/ унучку ручным работам, але яна імі неахвотна займаецца, ня мае да іх «ніякае здольнасьці». Адзінае што любіла гатаваць — гэта дранікі.

2) Любіла расказваць казкі жахаў і выдумляць містычныя гульні

Любімы занятак у дзяцінстве — гуляць «…у цыганоў, ксяндза-казнадзея ды розных варажбітоў», а таксама палохаць малодшых сясьцёр гісторыямі жахаў:

«…бывала, як навыдумляе розных страхаў, у якія і сама верыла, — дык дзеці ажно да бабкі ўцякалі на ратунак!»

3) Будучы каталічкай, перавагу аддавала ўніяцтву

«Унія для беларусаў была б крэпкай падпорай, бо лацінскае духавенства ў нас на нішто».

Ёсьць зьвесткі, што яна пераклала на беларускую мову ўкраінскі уніяцкі малітоўнік, але тэкст пакуль ня знойдзены.

4) Была вельмі ганарлівая і не прымала чужой дапамогі

5) Дражніла свайго мужа-літоўца — Стэпонаса Кайрыса «гіргуном»

«Жартам нас, летувісаў, называла «гіргунамі».

6) Захаплялася рэвалюцыйнай дзейнасьцю папа Гапона.

Натхнялася яго адозвамі, калі пісала верш «Хрэст на свабоду». Для параўнаньня, у Гапона: “Бомбы и динамит, террор единичный и массовый над твоим отродьем и грабителями бесправного люда, народное вооруженное восстание, — все это должно быть… непременно. У яе: «Тагды Гапон у грамаду бяжыць, крычыць: «Трэба ладу, трэба шроту, бомбаў, стрэльбаў, трэба біць нам гэтых шэльмаў..!»

7) Ад царскага перасьледу хавала рэвалюцыянэраў у вар’ятні

Працавала мэдсястрой ў Нова-Вілейскім шпіталі для вар’ятаў, у палатах якога хавала паплечнікаў па барацьбе. А ў падземным тунэлі трымала шапірограф, на якім друкавала праклямацыі.

8) Была прафэсійнай масажысткай

Масажам зарабляла на ўрокі акторскага майстэрства, якія брала ў легендарнай польскай акторкі Ірэны Сольскай.

9) Грала ў п’есах Антона Чэхава

Выступала як акторка ў трупе Ігната Буйніцкага, дзе сярод шматлікіх сцэнічных вобразаў: «…рыхтуе ролю Наталкі ў спэктаклі „Сватаньне“ па Чэхаву…»

10) Не трывала алькагольныя застольлі

Адзін раз у жыцьці дазволіла, каб пры ёй пілі, калі адзначалі выхад першага нумару «Нашай долі». Паводле ўспамінаў Францішка Умястоўскага: «…Ня ведаю, скуль узялася гарэлка і закуска, наліўшы чаркі, нягледзячы на косыя погляды Цёткі, якая не цярпела п’ючай кампаніі, мы духам асушылі іх за Будучыню Бацькаўшчыны…»

11) Любімы адпачынак — марыць і частавацца каўбасой пад сьпевы салаўёў

Па ўспамінах украінскага навукоўцы Івана Свянціцкага: «Цётка прыходзіць да мяне ў музэй, ужо надвечар: „Дзядзька, пойдзем слухаць салаўёў, у мяне ёсьць беларуская кілбаса“. Пайшлі ў… парк, знайшлі месца каля гайка, людзі снуюць парамі і гуртамі, салавейкі тут і там цёхкаюць і заліваюцца. Цётка глядзіць у зорнае неба, жуе кілбасу і марыць».

12) Захаплялася творчасьцю Мікэлянджэла

Паводле ўспамінаў жонкі паэта Ёнаса Білюнаса: «Вельмі вялікае ўражаньне на нас зь Лізаю зрабілі „Піета“ Мікэлянджэла, якую мы бачылі ў саборы сьвятога Пятра, фрэскі пляфона Сыкстынскай капэлы ў Ватыкане. Асабліва запомніліся „Страшны суд“, „Сатварэньне Адама“, „Сатварэньне жанчыны“. … Моцна запала ў памяць і скульптура прарока Майсея ў царкве Сан П’етра ў Рыме».

13) Мела кепскія здольнасьці да моваў, што выклікала камічныя непаразуменьні

У Рыме, на канцэрце Каруза: «…усе елі апэльсіны, цукеркі, кідалі паперу і шалупіньне на падлогу, хрумсталі, перашкаджалі слухаць. Ліза ня вытрымала, пачала абурацца, сарамаціць іх, але мовы ня ведала і рабіла гэта мімікаю і жэстамі. Жэсты былі эмацыйныя, выразныя, і гэта разьвесяліла публіку яшчэ больш. Хлопцы пачалі частаваць Лізу апэльсінамі, каб яна не пакрыўдзілася… Ліза злавалася, гразіла ім кулаком, але нічога не памагала…»

14) Пачуўшы песьню пра каханьне, гатовая была стаць на калені перад тым сьпеваком

«Мы… селі ў трамвай. Насупраць нас… аказаўся малады прыгожы італьянец. Убачыўшы нас, ён пачаў сьпяваць песьні аб каханьні. Сьпявае і ўсё глядзіць — як мы рэагуем. Сьпяваў ён вельмі добра, і скора Ліза прыйшла ў такое захапленьне, што пачала шаптаць мне: „Зараз стану перад ім на калені, перад яго талентам…“ … Тут хутка трамвай спыніўся, і італьянец, паслаўшы нам разьвітальны позірк, выйшаў…»

15) З усімі была на «ты»

«…Сваёй манэрай паводзін яна не ўжывалася ні ў якім таварыстве, зьвяртаючыся да мужчын „ты, дзядзенька“. Часамі яе праставатасьць здавалася напускною, бо ад прыроды ў яе была тонкасьць паводзін».

16) Жыла з мужам у розных пакоях

Паводле ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі: «У мяне склалася ўражаньне, што Цётка зьяўляецца хутчэй кватаранткай, чымся гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просьценька абсталяваны… Прымала яна… толькі ў гэтым пакоі… Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыцьцём…»

17) Танцавала толькі зь Янкам Купалам

«Яна… асабліва любіла свайго „Купалку“, як ласкава называла Янку. На вечарах у „Беларускай хатцы“ Цётка… танцавала… толькі з Купалам і толькі польку, бо іншых танцаў Янка ня ўмеў танцаваць і вучыцца не хацеў».

18) Пачынальніца ў Беларусі асацыятыўна-мадэрновай прозы, дзе галоўнае — не сюжэт, а паглыбленьне ва ўнутраны, не да канца асэнсаваны, таемны, як сон — сьвет пачуцьцяў і думак чалавека. Пазьней гэтую эстэтыку паглыбіў і распрацаваў Кузьма Чорны.

19) Марыла ажаніць Івана Луцкевіча

Нявестай яму бачыла Юліяну Мэнке: «…маё сардэчнае пажаданьне, каб вы злучыліся на ўсё жыцьцё, бо лепшай пары я для яго ня ведаю. Ён для цябе мае запраўды шмат сэрца і інтэрэсу… Я спадзяюся, што яшчэ пагуляю на вашым вясельлі!»

20) Лічыла, што галоўнае ў жыцьці — гэта каханьне

«…запраўднае каханьне — зьмест і асалода жыцьця!»

svaboda.org

Пакінуць адказ