Грамадства

4 ідэі для вясновай велапрагулкі ў межах Берасцейскага раёна

Мы з камандай падабралі для вас некалькі месцаў побач з Берасцем, якім вясновая адліга асабліва да твару. Таму што ўсё яшчэ кароткі светлавы дзень і прахалодны вецер – не падстава спыняць падарожнічаць, а адсутнасць аўтамабіля – не прычына праводзіць усе выходныя ў горадзе.

Ну што, пагналі з намі?

 

Скокі (10 км ад Берасця, 50 хвілін на веласіпедзе)

У вёсцы Скокі, за пару кіламетраў ад Берасця, знаходзіцца адрэстаўраваны палац XVIII стагоддзя ў стылі барока.

Раскошны палац на месцы старога драўлянага дома з’явіўся ў Скоках у 1770-я гады, калі гаспадаром быў Марцэлій Нямцэвіч. Тады ж маёнтак абзавёўся французскім рэгулярным паркам, алеі якога выводзілі проста да ракі Лясной.

Бадай, самым вядомым прадстаўніком роду з’яўляецца Юльян Нямцэвіч – гісторык, пісьменнік, адзін з аўтараў Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 года. Падчас паўстання 1794 года Юльян быў ад’ютантам Тадэвуша Касцюшкі.

Сядзіба ў Скоках можа пахваліцца не толькі гучнымі гаспадарамі, але і гасцямі. У розны час сюды зазіралі Міхал Клеафас Агінскі, Адам Міцкевіч, Напалеон Орда.

Ракавіца (21 км ад Берасця, 1 гадзіна 30 хвілін на веласіпедзе)

Там знаходзіцца капліца-пахавальня роду Талочка.
Гэтая капліца была пабудавана ў стылі неаготыкі, у 1908 (1907) годзе, стараннямі апошняга ўладальніка сядзібы Тэадора Талочка.

Яго бацька, Ян Талочка, быў удзельнікам паўстання 1863 года, свой радавод вёў з 1329 года ад князёў Вялікага Княства Літоўскага. Тут у капліцы, у 1935 годзе, быў пахаваны родны брат Тэадора – Станіслаў Талочка.

У 60-х гадах мінулага стагоддзя была зроблена спроба разбурыць капліцу-пахавальню. Атрымалася паваліць толькі верхавіну капліцы з дапамогай троса, і то з другога разу, потым трос парваўся і капліца так і стаіць па сённяшні дзень з разбураным верхам.

Ужо ў нашы дні стараннямі настаяцеля касцёла ў Камянцы Яна Васілеўскага і пляменніцы Станіслава Талочка Сафіі, капліца-пахавальня была адрамантаваная.

Чарнаўчыцы (16 км ад Берасця, 1 гадзіна 15 хвілін на веласіпедзе)

Тут мы ўбачым аднанефны касцёл узведзены да 1595 года на сродкі рэфарматара Нясвіжа Мікалая Крыштафа Радзівіла.

Храм хоць і належыць готыка-рэнесанснай эпосе, але па сваіх кампазіцыйных і пластычных асаблівасцях з’яўляецца ўжо прадвеснікам новага стылю – барока. Чарнаўчыцкі храм абавязкова заслугоўвае кругавога агляду, пры якім адкрываюцца яго шматпланавыя, прасторава структураваныя бакавыя фасады і вытанчаны галоўны фасад, завершаны франтонам з рытмічна ўпісанымі ў яго прастакутнымі і круглымі плоскімі нішамі. Арганічна дапаўняе архітэктуру Траецкага касцёла стройная і адначасова манументальная вежа-званіца, уключаная ў агароджу.

Грымяча (28 км ад Берасця, 2 гадзіны 45 хвілін на веласіпедзе)

Апошняя кропка – не для пачаткоўцаў. Але паехаць туды варта. У Грымячы знаходзіцца сядзіба Пузынаў.

Сядзіба ў Грымячы магла б стаць адной з самых цікавых славутасцяў рэгіёну, але пакуль і былы сядзібны дом, і сад знаходзяцца ў занадта дрэнным стане, каб масава прымаць турыстаў.

Сядзіба была пабудавана ў другой палове XIX стагоддзя. Вядома, што ў 1857 годзе ўладальнік гэтых месцаў жыў у драўляным доме, значыць, гісторыя каменнага сядзібнага дома пачынаецца яшчэ пазней.
Аднапавярховы мураваны палац у стылі класіцызму з’явіўся пры Адольфе Марціне, суддзі Берасцейскага павету, які ў 1870-х набыў гэтыя землі. Але сядзіба служыла роду нядоўга. Пасля Марціна яна перайшла ў валоданне яго сыну Юзафу Пузыну, які пасля вучобы ў Варшаве захацеў застацца там. У 1933 годзе Пузын прадаў палацавы комплекс. Пасля продажу спачатку ў будынку ўладкавалі школу, а пазней сталі выкарыстоўваць яго як піянерскі лагер.

З таго часу, як лагер быў зачынены, будынак толькі разбураўся.
Некалькі гадоў таму яго прадалі на аўкцыёне. Рэстаўрацыйныя работы вядуцца пакуль не вельмі актыўна.

І хоць сядзіба не ў лепшым стане і зачынена плотам, самыя смелыя знойдуць спосаб яго абыйсці (справа ад сядзібы плот змяняецца сеткай, у якой дастаткова праломаў) і разгледзець не толькі саму сядзібу, але і яе вянок: шыкоўную чыгунную шрубавую лесвіцу.

Пакінуць адказ