Беларуская мова, на жаль, даўно не мае магчымасці развівацца “нармальна”. Ужо некалькі стагоддзяў яе існаванню замінаюць суседнія мовы.
Праўда, хіба нельга знайсці мову, якая зусім не зведала чужога ўплыву, але ў нашым выпадку гэты ўплыў значна большы, чым гэта звычайна бывае. Найбольш відавочна ён праяўляецца ў лексіцы.
Гэта не толькі яўныя запазычанні – паланізмы, русіцызмы і да т.п., уплыў гэты праяўляецца і ўскосна. Пра такі ўскосны ўплыў, праілюстраваны асобнымі прыкладамі, і пойдзе ніжэй гаворка.
Рожа
У цяперашніх слоўніках гэтая кветка падаецца як “ружа”. На тое, што гэта паланізм, паказвае прыраўнанне гэтага слова да такога ж у іншых славянскіх мовах, ды і спосаб яго напісання ў польскай мове – “róża” – паказвае на этымалагічнае “о” ў гэтым слове, якое толькі ў выніку уласцівых менавіта польскай мове фанетычных працэсаў пачало вымаўляцца як “у”.
Чаму ж у беларусаў прыжыўся гэты паланізм? Адной з прычын можа быць тое, што ў расейскай мове слова “рожа” значыць “хара”. Любому хвораму на комплекс нацыянальнай ніжшыні гэтага даволі каб ужываць “больш культурнае” “ружа”.
А беларускі народ ужывае слова “рожа” без усякіх комплексаў, звяртаючыся да Божай Маці ў сваёй рэлігійнай песні:
“Астрабрамска Маці Божа,
Ты – прачыста майска рожа…”
І нам нішто не павінна замінаць ужываць гэтае слова на сваім натуральным месцы.
Жыд
Слова “яўрэй” – гэта чысты русіцызм. Памятаю, мая бабуля вымаўляла яго з нейкаю натугаю ў голасе, неяк прыблізна так: “ев’рэй”, а па-простаму ўжывала слоў (з сімпатыяй да гэтага народа) “жыд”, “жыдоўка”, “па-жыдоўску”.
Слоўнік Яна Станкевіча падае словы: “жыд”, “жыдок”, “жыдзіца” (жанчына яўрэйскай нацыянальнасці), “паўжыдак”, “жыдзіла” (з пазнакай “пагардлівае”).
Слова “жыд” нагэтулькі пашыранае на ўсёй этнічнай тэрыторыі беларускай, што, здаецца, няма патрэбы гэтую пашыранасць, як і беларускасць яго даводзіць. Тут ужо прычына незамацавання слова “жыд” як літаратурнай нормы крыху іншая. У гэтым выпадку ўжыванне гэтага слова у дадатак часта запынялася рознымі занадта разумнымі рэдактарамі-карэктарамі.
Хрэстаматыйны ўжо прыклад – адмова уключыць верш Купалы “Жыды” ў чарговы зборнік вершаў з-за “непаліткарэктнай” назвы. Цікава, што ў украінцаў сітуацыя падобная (бо былі падобныя гістарычныя ўмовы) – і яны намагаюцца вярнуць сабе сваё спрадвечнае слова “жид” замест “єврей”.
Апошнія гады ў некаторых беларускіх выданнях можна сустрэць словы “габрэй”, “гэбрай”, “габрай”. Але калі “яўрэй” – русіцызм, то вышэйпададзеныя словы – гэта чыстыя карыкатуры, штучныя інтэлігенцкія наватворы, стылізаваныя пад беларушчыну, і ад гэтага яшчэ больш шкодныя.
Але можна заўважыць, што і слова “жыд”, дзякуй Богу, ўсё часцей сустракаецца на старонках перыядычных выданняў.
Будзем спадзявацца, што яно запануе ўрэшце ва ўсёй беларускай мове.
Дзярмо
Яшчэ адным цікавым словам ёсць слова э-э… “дзярмо”. Нічога смешнага тут няма. Дзярмо (або дзярно) – гэта дзёран, дзірван. Адзін з вершаў Уладзімера Жылкі пачынаецца так:
“Бяспынна, глуха процьма часу
Глытае хараство і моц.
Заход бяздушным, светлым пасам
Адзначыў свежае дзярмо.”
У сваім лісце ад 24.06.1924 да Антона Луцкевіча Жылка “апраўдваецца” так:
“Між іншым “дзярмо” і ёсць “дзярмо”. Так я чуў на Навагрудчыне і сустрачаў, калі не мыляюся, у Шэйна, і чаму б так не пакінуць у зборніку? Мая вялікая просьба – быць да аўтара ласкавым, і калі што і не так, калі што спрэчна, то вырашаць на карысць пісакі.”
Аднак у некаторых выданнях (Пожні. с. 50; Творы. с. 45) гэтае слова ўсё ж замененае на “дзярНо”, насуперак рыфме (з словам “моц”, якая вымагае якраз формы “дзярмо”). Пазбаўляймася забабонаў у дачыненні да гэтага беларускага слова.
Коратка яшчэ пра колькі слоў.
“Прыбор” – у беларускай мове гэтае слова значыць “аздоба”, “упрыгожанне”, і гэта пры тым, што само слова “ўпрыгожваць” гэта калька з расейскай мовы (“у” + “крашать”). Дык ясна, што лепей ужываць “прыбор”, “прыбіраць”.
“Харошы” – замест яго ў нас ужываюць часцей “прыгожы”. І гэта дзіўна, бо словы “харошы”, “хараство”, “харашыня” нашмат больш пашыраныя. Часцейшаму ўжыванню мабыць зноў жа замінае, на жаль, тое, што ў расейскай мове слова “хороший” мае значэнне “добры”, і пры шырокім распаўсюджанні ў нас расейскай мовы сэнс гэтага міжмоўнага пароніма можа зацямняцца.
“Пазорны” – гэта значыць “харошы з выгляду”, “пазорная дзяўчына” – гэта камплімент. Вельмі пашыранае слова: зафіксавана ў слоўніках Шатэрніка, Насовіча, у творах Крушыны, таксама на Вілейшчыне, Случчыне, Ігуменшчыне. І чаму яно не зрабілася нарматыўным? Проста дзіўна. Мабыць і тут не абышлося без “ускоснага ўплыву” расейскай мовы.
Які будзе вывад з напісанага? Здаецца, мірнага сужыцця беларускай і расейскай моў дасягнуць нельга ў прынцыпе. Так што ці мы, ці яны. Слова “кампраміс” трэба забыць. А на чый бок стаць – хай вырашае кожны для сябе сам.
Юрка Агіевіч
Ды ўжо, магутна наша беларуская мова! Артыкул выклікаў дадатныя эмоцыі,а галоўнае аўтар адгадаў пасля якога слова рот машынальна расцягнуўся ва ўсмешку)))
В нас, на Західній Україні також до недавна вживали слово жид, жидівка. І це не вважалося образливо. Навіть Іван Франко в своїй передмові до казки “Лис Микита” вживав вирази на кшталт жидівські казки, легенди тощо.