Адукацыя

Пачаўся прыём заяў для навучання ў Гданьскім беларускім ліцэі

Пачаўся прыём заяў для навучання ў Гданьскім беларускім ліцэі (Польшча), адкрыццё якога запланавана на 1 верасня гэтага года, паведаміў дырэктар былога Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.

Сярод ініцыятараў стварэння новай дзяржаўнай польскай агульнаадукацыйнай навучальнай установы з гуманітарным ухілам, дзе ўсе прадметы будуць выкладацца па-беларуску, — Таварыства беларускай школы, Клуб каталіцкай інтэлігенцыі Варшавы і Звяз школ інжынерыі навакольнага асяроддзя Гданьска. Гэтую ініцыятыву падтрымалі мэр Гданьска Павел Адамовіч і віцэ-мэр горада Мацей Лісіцкі, а таксама міністр адукацыі Польшчы Катажына Хол.

Каля 80 вучняў з Беларусі і Польшчы будуць вучыцца тры гады па праграме, якая адпавядае курсу навучання ў 8—11-х класах сярэдняй школы Беларусі. На пачатку мяркуецца спалучаць формы стацыянарнага і хатняга навучання, у залежнасці ад жадання бацькоў і навучэнцаў. Выпускнікі ліцэя будуць атрымліваць адукацыю ў адпаведнасці са стандартамі, прызнанымі ў Польшчы і Еўразвязе.

Стварэнне Гданьскага беларускага ліцэя Колас матываваў сённяшняй сітуацыяй ў Беларусі, адсутнасцю ў краіне зарэгістраванага ліцэя з беларускай мовай навучання, а таксама новаўвядзеннямі ў беларускае заканадаўства, якія скарачаюць магчымасці самастойнага атрымання сярэдняй адукацыі.

Колас рэкамендуе жадаючым паступіць на курсы беларускай мовы, літаратуры і гісторыі, якія працуюць пры мінскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны па аўторках і серадах з 16.00. Па выніках сумоўя, якое будзе праводзіцца падчас навучання на курсах, вырашыцца пытанне аб залічэнні абітурыентаў у Гданьскі беларускі ліцэй.

Паводле: http://by.belapan.com/

Пакінуць адказ