На мінулым тыдні вядомы беларускі паэт, перакладчык, старшыня беларускага ПЭН-цэнтру чытаў вершы Чэслава Мілаша для міжнароднага праекта пад музычнае афармленне гурта “Рациональная диета”. Запіс рабіўся на адной з берасцейскіх студый гуказапісу цягам 2 дзён.
“Злавіць” Андрэя Хадановіча ў Берасці атрымалася акурат пасля запісу.
-Андрэй, адкуль узнікла ідэя чытання вершаў Чэслава Мілаша на розных мовах?
-Пачнём па парадку. 30 чэрвеня 2011 года Чэславу Мілашу споўнілася 100 гадоў. Чэслаў Мілаш – патрыярх польскай паэзіі, найбліжэйшы да Беларусі Нобелеўскі лаўрэат. Гэтая падзея супала яшчэ з адной, а менавіта: з 1 ліпеня Польшча пераняла прэзідэнцтва ў Еўрасаюзе. За 6 месяцаў ўлады Польшча хоча напоўніць гэты час нейкімі культурнымі падзеямі са сваім, польскім знакам. Для гэтага была б добрая моцная прамоцыя Мілаша ў розных краінах. І вось сярод іншага: міжнародных фестываляў, выпуску папяровых кніг, адной з разынак была прыдуманая аўдыё-кніга. У ёй акцёры чытаюць творы Чэслава Мілаша. Гэта 10 ідэнтычных па афармленні, але зусім розных па напаўненні аўдыёкніг па 60 хвілін кожная. Удзельнікі як краіны Еўрасаюзу, так і па-за саюзаўскія краіны, напрыклад, Беларусь. У Лондане, Мадрыдзе, Парыжы, Маскве, Кіеве, Токіа, таксама Менску – гэтая кніга мусіць быць прэзентаваная. Мае калегі даволі знакамітыя: у Парыжы вершы браўся чытаць Жэрар дэ Пардз’ё, у Лондане – Стывен Фрай , у Мадрыдзе – адзін з любімых акцёраў Педра Альмадовара, у Маскве – Сяргей Юрскі. У Менску да ўсёй гэтай кампаніі падмазаўся не акцёр, а перакладчык Андрэй Хадановіч. У аўтараў, дарэчы, ёсць вечная нязгода з акцёрамі: яны лічаць, што акцёры чытаюць няправільна, выдаюць лішні пафас і жэсты, а самога нерва паэзіі не адчуваюць.
-Ва ўсіх краінах гэта аднолькавая нізка вершаў?
-Самае прыемнае ў дадзенай сітуацыі тое, што праест – небюракратычны. У перакладчыка ёсць выбар, што чытаць. У мяне будзе 25 вершаў, з самых розных кніжак, самых розных перыядаў жыцця Мілаша. Ад 1945 года (самыя раннія, ваенныя вершы), да самых позніх (2003). Гэта каласальны ахоп інфармацыі. На дыску будуць чаргавацца тэксты проста начытаныя голасам перакладчыка і таксама з музычным афармленнем. Музыкі напісалі сапраўды аўтарскую музыку, а не проста фонавыя гукі. Гэтая музыка будзе адначасова суправаджаць маё чытанне.
-Вы самі выбіралі музыкаў?
-Так, і мне вельмі пашанцавала, што гэтыя таленавітыя людзі пагадзіліся. Гэта і Мілашу на карысць, і самім музыкам, думаю, цікава падтрымаць літаратурны праект. Гэта гурт “Рацыянальная дыета”, частка якога паходзіць з Берасця.Склад гурта наступны: саксафаніст-фагатыст Віталь Эпл, піяністка Вольга Падгайская, скрыпач Кірыл Крысця, віяланчэлістка Надзея Крысця і гітарыст Максім Вельветаў. Запіс рабіўся ў Берасці, што таксама сімвалічна: не ўсе цягаюцца ў сталіцу па натхненне, але і наадварот.
-Вы запісалі ўвесь дыск на 2 дні?
-Гэтаму дыску папярэднічала каласальная праца. Цягам тыдняў і месяцаў пісалася музыка. Збіраліся ў Менску і рэпетывалі.У верасні павінен з’явіцца першы наклад дыску. Прэзентацыя запланаваная на 8 верасня ў Менску на вялікай сцэне Музычнай акадэміі. Важна, што рэзентацыя адбудзецца падчас фестывалю “Вялікае княства паэзіі”, дзе збяруцца паэты з краін-нашчадкаў ВКЛ. Фестываль у гэтым годзе таксама будзе прысвечаны Мілашу.
P.S. “Кожная краіна павінна дбаць і выдаваць свае грошы на прапаганду сваёй культуры ў свеце. Прынамсі, тое, чаго скандальна мала робяць у Беларусі, робячы стаўку на хакей, біятлон і “Дажынкі”. А вось палякі, немцы, французы, скандынавы, славакі лічаць патрэбным шмат грошай і сіл укладваць у прапаганду сваёй культуры. Тады і цябе будуць у свеце ведаць”.