Замежжа

Як паляцець у Мілан за 20 еўра?

У пашпарце праз месяц сканчаецца тэрмін дзеяння Шэнгенскай візы, а ўсе яе магчымасці не выкарыстаны. Што рабіць? Зразумела, што трэба ехаць у вандроўку! Практычныя парады для авантурыстаў.

Калі ўжо бліжэйшыя краіны-суседзі з ЕС вывучаны і не зусім цікавыя, то хочацца ехаць далей, глядзець і здзіўляцца краявідам “Старой Еўропы”. А што рабіць калі бюджэт абмежаваны, а сэрца так і прагне палёту? У такіх выпадках заўсёды можна прыдумаць бюджэтны варыянт!

Для мяне такім бюджэтным варыянтам стала вандроўка ў Італію на тры дні з пералётам з Катавіцы ў Мілан на самалёце.

Для Беларусаў звычайнае ўяўленне пра палёт на самалёце – гэта дорага! Так з Менска, напрыклад, у Прагу і назад будзе каштаваць мінімум 300 еўра. А вось сярод еўрапейскіх авіякампаній можна знайсці кошты на квіткі таксама за 300 еўра, а магчыма і за 20 еўра. Галоўнае ведаць як! І зараз, на ўласным, прыкладзе паспрабуем патлумачыць.

Пошук авіякампаніі

Спачатку трэба знайсці авіякампанію і падабраць аптымальны варыянт пералёту. У Еўропе вялікая канкурэнцыя  сярод авіякампаній ды і попыт на самалётныя перавозкі значна большы, чым у нашай краіне. Таму існуюць шматлікія кампаніі, якія спрабуюць перацягнуць да сябе кліентаў праводзячы розныя акцыі і прапаноўваючы пералёты па супер нізкім коштам. Найбольш вядомыя сярод такіх кампаній: Wizzair, Ryanair. Можна ў інтэрнэце пашукаць і іншыя, бо кожная авіякампанія мае свой сайт, на якім можна даведацца кошт на канкрэтны накірунак, забраніраваць пералёт і праз той жа сайт адразу і набыць. Толькі праглядаючы кошты на пералёты, трэба ведаць, што яны змяняюцца амаль кожны дзень як у бок павелічэння, так і зніжэння. У розныя дні на адзін і той жа кірунак кошты могуць адрознівацца на 100, 200 і нават 300 еўра.

Асабіста мне пашчасціла знайсці варыянт Катавіца (недалёка ад Кракава) – Мілан і назад Мілан – Катавіца коштам 40 еўра за пералёт у два бакі. Лепш за ўсё ажыццяўляючы браніраванне на сайце авіякампаніі ў раздзеле багаж пазначаць 0, браць з сабою заплечнік, які дазваляюць узяць на борт, бо аплата за багаж праводзіцца дадаткова і не зусім танная. Калі збірацца за мяжу на кароткі прамежак часу, то хопіць і заплечніка. Толькі абавязкова трэба пазнаёміцца са спісам дазволеных рэчаў у ручным багажы і правілам іх перавозу.

Падбор маршрута

Канкрэтна я карыстаўся сайтам www.wizzair.com. Спачатку рэгіструемся на ім, падбіраем напрамак. Найбольш танныя і актуальныя вылеты для Беларусаў з Кіева (Украіна), Варшавы і Катавіцы (Польшча), з Польшчы выбар напрамкаў большы. Нажаль з беларускімі аэрапортамі гэтая кампанія не працуе, таму адразу з Менска ці Берасця паляцець не атрымаецца. Падбіраем сабе варыянты пералётаў, запаўняем усе патрэбныя палі і даходзім да формаў аплаты: грашовы перавод альбо пластыкавая картка.

Аплата квіткоў

Гэты этап для мяне быў самы складаны і заняў для ўсіх удакладненняў і кансультацый у банках ажно два тыдні. Спачатку спрабаваў пералічыць грошы праз банк па рахунку-фактуры, якую выслалі аўтаматычна пасля замовы пералёта, але ні ў адным з банкаў прыняць такую аплату не змаглі. Пасля доўга дазнаваўся якой карткай можна аплаціць у інтэрнэце. Такім чынам у Беларусі толькі “БПС-Банк” робіць адмысловыя карткі для інтэрнэт аплатаў. Картка называецца Visa Virtuon каштуе восем тысяч, вырабляецца тыдзень. Абавязкова трэба замаўляць картку для аплат у еўра ці далярах. Пасля таго, як яе атрымалі, праз банк залічылі  патрэбныя грошы на карт-рахунак, можна спакойна замаўляць тур на самалёт і аплачваць яго, запаўняючы патрэбныя палі на сайце. Затым на e-mail прыходзіць пацверджанне, што пералёт аплачаны За некалькі дзён да вылета кампанія яшчэ і нагадае, што прыйшоў час збірацца ў вандроўку.

Перад вылетам

Перад выездам варта дазнацца дзе знаходзіцца аэрапорт, бо часцей за ўсё, як у Беларусі , так і ў іншых краінах Еўропы, яны знаходзяцца ў некалькіх кіламетрах ад горада. У нашым выпадку аэрапорт знаходзіўся за 60 км ад Мілана каля горада Бергама. Да катавіцкага аэрапорта з Катавіцы ехаць 50 хвілін, з Кракава паўтары гадзіны.

Google Maps, Букінг і іншыя інтэрнэт-сэрвісы дапамогуць больш дакладна спланаваць усе аспекты вандроўкі.

Поспехаў у планаванні адпачынку!

wizzair

Працяг “Прыгоды беларусаў у Мілане” чакайце ў хуткім часе.

Павел Белавус, dzedzich.org

0 Comments

Пакінуць адказ