Categories: Культура

Беларусь чакае турыстаў?

У апошнія некалькі гадоў у краіне актыўна мусіруецца тэма развіцця  “беларускага турызму”. На самым высокім узроўні папулярызацыю Беларусі як прывабнага турыстычнага рэгіёна называюць адной з галоўных дзяржаўных задач.

У сувязі з гэтым была прынятая нават адмысловая праграма развіцця турызму, дзе сапраўды гаворыцца аб тым, як і якімі спосабамі будзе дасягацца мэта па масавым прыцягненні замежных турыстаў у Беларусь.

Акультурванне гарадоў (спадзяемся, пазітыўныя змены ў абліччы Берасця заўважаюць усе берасцейцы), спрэчная і не заўсёды задавальняльная для гісторыкаў, але ўсё ж рэканструкцыя гістарычных аб’ектаў (Мірскі, Нясвіжскі замкі), стварэнне музеяў і цэлых комплексаў (дамы-музеі Т. Касцюшка, А. Міцкевіча, “Полацак – цэнтр Еўропы” і т.д.), а таксама планы па ўзнаўленню і рэканструкцыі ў Берасцейскай вобласці Косаўскага палаца, палаца Сапегаў і шматлікіх іншых аб’ектаў, дазваляюць паверыць у тое, што вось-вось у найбліжэйшай будучыні да нас ліне натоўп турыстаў, якія стаміліся ад еўрапейскага пафасу і раскошы, каб акунуцца ў самабытнасць нязведанага краю.

Берасцейскай вобласці ў гэтым плане таксама нададзена значнае месца. Па адзнацы адмыслоўцаў з Нацыянальнага агенцтва па турызме, наша вобласць для прыцягнення турыстаў выглядае зусім не бедна і вылучаецца як адзін з перадавых рэгіёнаў па насычанасці помнікамі гісторыі і культуры, музеямі ды і наогул па агульным узроўні інфраструктуры.

Добра, што не ўсе лясы ператварылі ў гаспадарчыя ўгоддзі, а аб’екты, якія захавалі адметнасць даўніны, мясцовыя ўлады пачынаюць разглядаць як помнікі гісторыі. Так у наваколлях Ружанскага палаца Сапегаў да нядаўняга часу мясцовыя жыхары пасвілі хатнюю жывёлу, а вакол размяшчаліся ўбогія гаспадарчыя пабудовы мясцовых жыхароў.

У сценах палаца Пуслоўскіх побач з Косавам моладзь актыўна ўжывала алкагольныя напоі, там жа пакідаючы тару і сімвалічныя надпісы класічнага зместу: “Маша – дура” і “Здесь был Саня с пацанами” на памяць пра сябе.

Але пакінем увесь негатыў з нагоды культурнасці нашага народа і здольнасці шанаваць сваё мінулае і даведаемся ў спецыялістаў і людзей, звязаных з турызмам, якім жа спосабам можна прыцягнуць замежнікаў у Беларусь.

Вось што кажа Яўген Вярэніч, галоўны спецыяліст турыстычнага сектара Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта:

“Беларусь, першым чынам, прыцягвае сваёй прыроднай складаючай: Белавежская пушча, шматлікія запаведнікі, а таксама ўнікальны нацыянальны складнік: школа народнай творчасці (ганчарства, бортніцтва), унікальныя архітэктурныя будынкі (сярэднявечныя замкі, сядзібы, палацы). Можна прыцягваць этнічных турыстаў, якія едуць наведаць свае мінулыя карані, гэта, першым чынам, палякі і габрэі. Зараз, калі еўрапеец едзе ў Беларусь, то гэта ў асноўным альбо паляўнічыя, якія прыязджаюць паляваць на зубраў і кабаноў, або таксама людзі, якія цікавяцца гісторыяй нашай радзімы, яе нацыянальным каларытам”.

Завітаем у некалькі берасцейскіх музеяў, каб даведацца, як часта туды наведваюцца замежнікі. У абласным краязнаўчым музеі і яго філіяле – Музеі выратаваных мастацкіх каштоўнасцяў – не надта хваліліся. Не так часта туды зазіраюць, як магло бы быць. Калі і прыязджаюць групы, то яны накіроўваюцца ў крэпасць і музей “Бярэсце”.

У Музеі гісторыі горада Берасця распавялі, што замежнікі наведваюць яго ў асноўным улетку, калі наступае пара адпачынкаў. Прыязджаюць госці з Нямеччыны, Польшчы, бываюць з Англіі, прыязджаюць і з Расеі, але часцей увесну, падчас святкавання Дня Перамогі. У асноўным гэта людзі, якія прыехалі менавіта пазнаёміцца з Беларуссю, і, часткова, людзі што прыязджаюць у родныя месцы, звязаныя з іх продкамі.

З 2006 года ў Берасці працуе Турысцка-інфармацыйны цэнтр. На жаль, не шмат хто з берасцейцаў і гасцей горада ведае пра яго. Цэнтр размешчаны на першым паверсе гатэля “Інтурыст” па праспекце Машэрава. Менавіта там цалкам бясплатна кожны жадаючы можа атрымаць самую поўную інфармацыю аб славутасцях Беларусі і Берасцейшчыны.

Як паведаміла дырэктарка берасцейскага філіяла Нацыянальнага агенцтва турызму Наталля Міхальчук, у турысцка-інфармацыйны цэнтр у сярэднім звяртаецца да 300 турыстаў. Сёлета, за час тэатральнага фэсту “Белая Вежа”, цэнтр абслужыў каля 2000 чалавек. Ён і створаны, у асноўным, для замежных гасцей, але калі прыходзяць беларускія турысты, то там дапамогуць вызначыцца з выбарам турфірмы, якая арганізуе ваш адпачынак.

Усё ж галоўнай візітоўкай Берасця па-ранейшаму з’яўляецца крэпасць. У савецкія часы туды ехаў увесь СССР, ды і зараз няма і дня, каб па тэрыторыі мемарыяла не шпацыравалі турыстычныя групы.

Да 1000-годдзя Берасця крэпасць, па задумцы архітэктараў разам з кіраўніцтвам горада, павінна стаць буйным турыстычным комплексам краіны. За 10 гадоў тут збіраюцца ўзнавіць Берасцейскі замак з рамесным дваром, карчмой, млыном і броварам, стварыць Нацыянальны музей тэхнікі, музей узбраенняў і пашырыць музей абароны Берасцейскай крэпасці, узвесці макет сярэднявечнага горада ў маштабе 1:5 і правесці кансервацыю комплексу Бернардынскіх кляштараў 17-18 стагоддзяў.

І яшчэ, мае суразмоўцы ў гутарцы з сумам казалі, што Беларусь зможа стаць па-сапраўднаму турыстычнай краінай толькі пасля таго, як аб самой краіне пабольш даведаюцца ў свеце і перастануць уяўляць нас, як частку Расеі.

Для гэтага неабходныя не толькі пазітыўная рэклама краіны на сусветным узроўні, але і больш актыўная знешняя палітыка дзяржавы. Бо што хаваць, для большасці еўрапейцаў Беларусь па ранейшаму асацыюецца з Чарнобылем, СССР і асобай прэзідэнта Лукашэнкі, як “апошняга дыктатара Еўропы”.

Алесь ЖОЛУД

dzedzich

Recent Posts

Яўгенія Гадун: актрыса і рэжысёрка Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы

Тэатр – месца нараджэння эмоцый і сапраўднай магіі. У свеце мастацтва, дзе кожны крок –…

1 тыдзень ago

Натхненне на старонках: стваральніца кніжнага клуба аб важнасці зносін і літаратуры

У эпоху лічбавых тэхналогій, калі зносіны зводзяцца да паведамленняў у мэсэнджарах і пастам у сацыяльных…

2 тыдні ago

Выстава актуальнага мастацтва “Фаза: Самасць”

“Працы вельмі асабістага характару ўразаюцца ў сцены завадскога будынка і даюць гледачу магчымасць падумаць аб…

4 тыдні ago

Раслінны квэст ад Кірыла Кветкі і Іў Рашэ

Да 1005-годдзя Берасця Кірыл Кветка сумесна з Іў Рашэ арганізаваў цікавы квэст. Яго сутнасць у…

1 месяц ago

Ноч музеяў 2024 у Берасці: незабыўныя ўражанні і ўнікальныя экспанаты

Сёлета Берасце зноў далучыўся да міжнароднай акцыі "Ноч музеяў", якая прайшла 18 мая. Мерапрыемства, якое…

3 месяцы ago

Гісторыя кінатэатраў Берасця: Ад першых паказаў да сучаснасці

Берасце, вядомы сваімі гістарычнымі і культурнымі помнікамі, таксама мае багатую гісторыю кінатэатраў, якія адыгрывалі важную…

3 месяцы ago