Моладзь

Ці ёсць жыццё пасля размяркухі?

Нядаўна я апынулася па іншы бок бар’ера, які аддзяляе тых хто вучыць, і тых, каго вучаць. Таму распавяду будучым маладым спецыялістам, як тут жывецца.

Не сакрэт, што выпускнікам большасці спецыяльнасцяў “педагагічнага” універсітэта лёс рыхтуе працу з дзецьмі. Гэта страшна, я ведаю. Але не трэба тэрмінова жаніцца, падрабляць даведкі аб прафнепрыдатнасці , кідацца ў вакно і ісці на іншыя крайнія захады, каб пазбегнуць размеркавання.

Два гады ў няволі сапраўды можна перажыць. Нават калі ты не выносіш дзіцячыя крыкі і пастаянныя капрызы і зусім не ведаеш, аб чым размаўляць з гэтымі іншапланецянамі, — павер, пад час сваёй працы ты знойдзеш шмат станоўчых момантаў. Вось некаторыя з іх…

Гульні

Я ужо нават забылася, калі апошні раз па-сапраўднаму гуляла. “Кракадзіл” на п’янцы ў інтэрнаце ці “даганялкі” падчас флірту са сваім хлопцам – не лічацца.

З дзецьмі можна гуляць у хованкі, у класікі, ці “сядзячыя” гульні падчас урока (асацыяцыі, лагічныя ланцужкі, адгадайкі і інш.). Паверце, гэта вельмі весела: дзеці гуляюць насамрэч, забываюць пра ўсё і поўнасцю пераносяцца ў свет гульні . Нават старшакласнікі. Вядома, табе столькі радасці не даставіць перамагчы Васю Пупкіна, як Машцы Сідаравай, але пазітыўнымі эмоцыямі ты зарадзішся. Галоўнае – гуляй па-сапраўднаму і не строй з сабе “сур’ёзнага занятага чалавека”.

(Вядома, тых, хто жыве з маленькім брацікам ці сястрычкай, ад гульняў ужо вароціць – ім можна забыць пра гэты пункт)

любімая гераіня дзетак

Даведацца пра апошнія тэндэнцыі

Ты ведаеш, хто такія Джэйкаб і Бэла? А Нарута і Сакура? Ну вось – ты зусім адстаў ад сучаснасці. Увесь мозг    маладога пакалення захапілі вампіры і анімэ.

Аказваецца, што калі раней дзяўчынкі марылі пра Прынца і алыя  ветразі, то зараз яны мараць, каб іх пакусаў вампір.

Малыя, якія спяць на уроке ангельскай мовы, вам без праблемаў  назавуць десяткі японскіх словаў. А тыя, што з гісторыі Беларусі ведаюць толькі казку пра князёўну Рагнеду, вам  раскажуць столькі цікавага пра японскую культуру! А калі ты знойдзеш хоць адзін сшытак, дзе не былі б  намалеваныя лупатыя чалавечкі з каляровымі валасамі – то ты шчасліўчык.

Проста дзіўна: раней я пра ўсе гэтыя рэчы нават не падазравала, хоць лічыла сябе са школьнікамі амаль аднім  пакаленнем!

(Зноў жа, пункт не працуе для тых, у каго дома жывуць дзеці)

Рэалізацыя ўласных магчымасцяў

Канешне, калі ты добра навучыш дзяцей вычытаць і памнажаць, шчасця табе не прыбавіцца. Але ў цябе ёсць унікальная магчымасць паўплываць на станаўленне новай асобы.

Галоўнае тут – знайсці падыход і НЕ НАШКОДЗІЦЬ! Ты можаш дазваляць дзецям рабіць самастойны выбар, у той час, калі уся школа патрабуе ад іх строга выконваць загады. Ты можаш паказаць ім некалькі падыходаў да праблемы, калі школа вучыць, што ёсць толькі адзін правілны адказ.

Ты можаш адносіцца да іх, як да роўных, калі школа вучыць іх падпарадкоўвацца і прыніжацца.

(Забыць, калі ты працеш у класе малалетніх бандытаў)

Вера ў будучыню

Ты упэўнены, што хутка нашу планету будуць насяляць слабыя і злыя істоты, якія будуць думаць толькі пра забаўкі, размаўляюць аднімі матамі і насіць трусы на галаве? Запэўніваю цябе, не усё так безнадзейна.

Сярод пакалення будучыні шмат талантлівых, разумных і прыгожых маленькіх людзей. Многія з іх умеюць самастойна думаць, бачыць несправядлівасць свету і яго хараство, маюць высокія памкненні.

Няхай яны яшчэ неадказныя, легкадумныя, часам жорсткія, бо ў іх яшчэ мала вопыту для фарміравання уласных маральных прынцыпаў. Некаторыя з узростам стануць яшчэ горшымі, але многія будуць нашмат лепшымі за нас.

Альбіна Трус


0 Comments

Пакінуць адказ