DzeЦікава & Ко

“Біржа моладзевых ініцыятыў” – 2012

24 маладых берасцейцы узялі ўдзел у адукацыйным праекце “Біржа моладзевых ініцыятыў – грамадскія лідары”, арганізаваным фондам “Шчаслівае дзяцінства” і АРР “Дзедзіч”. Першае мерапрыемства праекта прайшло ў вёсцы Мотыч пад Люблінам.

Наша вандроўка пачалася з Тэрэспаля, дзе нас сустрэў аўтобус і мы хуценька заняўшы свае месцы паехалі ў напрамку Любліна. Кожны займаўся ў аўтобусе сваімі справамі, хтосьці чытаў кнігу, хтосьці спаў, а хтосьці знаёміўся з новымі сябрамі.

Нарэшце мы прыехалі! Месца было прыгожае і ўтульнае. Вялікі дом, месца для вогнішча і нават козы і поні, якія проста гуляюць па двару. Першым хто нас сустрэла была Сара, якая пачала на нас скакаць і лізаць нам далоні. Але не пужайцеся, – гэта ўсяго толькі сабака, які павінен  быў вось – вось нарадзіць некалькі маленькіх шчанят. Але забягаючы наперад хачу сказаць, што цуда нараджэння нам так і не ўдалося пабачыць.

Мы хуценька расклалі рэчы па ўтульных пакоях і селі за стол, дзе нас чакаў смачны абед прыгатаваны пані Юстынай. А пасля мы пазнаёміліся з фондам “Шчаслівае дзяцінства” і з мэтамі праекту, які нас чакае.

Нават у дзень прыезду нашы трэнеры нас не пашкадавалі, ішла актыўная вучоба, на якой мы атрымалі элементарныя веды пра грамадзянскую супольнасць. Пасля вячэры наш трэнер Марта правяла цікавыя інтэграцыйныя гульні з дапамогай якіх удзельнікі праекту змаглі пазнаёміцца і наладзіць паразуменне ў сваіх міні групах.

У пятніцу, на другі дзень, нас чакала вельмі насычаная праграма. У першую палову дня мы сустракаліся з грамадскай арганізацыяй FIM, прадстаўнікі якой распавялі нам, чым яны займаюцца і з якой мэтай дапамагаюць асяроддзю.

Пасля гэтага каардынатар праекта з польскага боку, пан Ян Федзірка правёў нас па старой частцы горада, мы мелі магчымасць пабачыць Рынкавую плошчу і Люблінскі замак. Ну і канешне ўсіх уразіла капліца ХІІІ ст. з арыгінальнымі фрэскамі.

У Мотычы нас чакаў абед і пасля кароткага адпачынку мы зноў былі гатовы атрымліваць веды. Расповед быў пра мэнэджмент увогуле і пра тое, як пісьменна арганізаваць грамадскую ініцыятыву. Напрыканцы дня быў беларускі вечар. Кожная каманда падрыхтавала розныя гульні на беларускую тэматыку, а адна каманда  нават прачытала верш.

Субота была поўнасцю занятая вучобай. Мы вучыліся рыхтаваць прапановы ініцыятыў на Біржу, ствараць сваю Фірму і размяркоўвалі ролі ў сваёй групе. У нас быў час падрыхтаваць некалькі ўласных ініцыятыў, якія вечарам былі здзейснены. Кожны мог  выбраць забаву па густу. Амаль усе дзяўчыны пабеглі плясці косы, а хлопцы пачалі кідаць змятую паперу ў сметніцу, хтосьці мог паўдзельнічаць у арыентаванні па мясцовасці, альбо памаляваць на асфальце. Ініцыятыў было так шмат, што моладзь часам  не ведала ў чым паўдзельнічаць. Дзень скончыўся вогнішчам з гульнямі і смачнай каўбаскай.

Чацвёрты дзень быў не менш захапляльным. Мы патрапілі ў вельмі прыгожы горад Казімеж-Дольны, які змяшчаецца на беразе Віслы і мае сваю крэпасць. Наступным пунктам быў горад Наленчув, дзе змяшчаецца маляўнічы парк з рознымі старымі дрэвамі і ўтульнымі кавярнямі.

Усе, канешне, стаміліся ад такой насычанай праграмы, але вучоба ёсць вучоба. Пасля сытнага абеду зноў уважліва слухалі нашага трэнера, які вучыў нас правільна карыстацца модулем інтэрнэт-Біржы. Спачатку цяжкавата было зразумець што і за чым ідзе, але дзякуючы раздрукоўкам усё хутка стала зразумела. У апошні поўны дзень зрабілі развітальны вечар і берасцейскія дзяўчыны з задавальненнем накармілі ўсіх смачнымі дранікамі.

Пяты дзень – дзень ад’езду. Але перад гэтым нас чакала яшчэ вучоба, вучоба і яшчэ раз вучоба. Мы ўдасканалілі свае навыкі карыстання модулем інтэрнэт Біржы і атрымалі веды ў вобласці выкарыстання інтэрнэт-прылад у электронным бізнесе. Пасля пан Ян раздаў нам ацэначныя анкеты ў якіх мы мелі магчымасць пазначыць недахопы і станоўчыя моманты адукацыйнай праграмы.

Ну і канешне апошні абед ад пані Юстыны. Не менш смачны, чым усе астатнія. Не паспелі мы аддыхацца пасля ежы, як пасігналіў наш аўтобус і мы павінны былі развітацца з Мотычам. Усе хуценька пабралі свае рэчы з пакояў і закінулі іх у наш транспарт. Вельмі шкада было развітвацца з такім утульным месцам. Ды і ўдзел у такой адукацыйнай праграме быў вельмі карысны для нас. Сачыце за нашымі інцыятывамі! Мотыч, да сустрэчы!

 

Пакінуць адказ