Categories: Грамадства

Беларускія назіральнікі – пра выбары ў Грузіі (фота)

Вопытныя беларускія назіральнікі ад розных грамадскіх арганізацый у складзе Міжнароднай місіі пад эгідай  сеткі “Цэнтра плюралізму” ажыццяўлялі назіранне за парламенцкімі выбарамі ў Грузіі. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Прысутнасць беларускіх назіральнікаў на ўчастках для галасавання паўплывала на тое, што выбарчыя камісіі ўсё ж выконвалі закон, сумленна лічылі яўку і вынікі галасавання. Такое меркаванне выказвае адзін з назіральнікаў Вінцук Вячорка. Праўда, ён адзначае, што гэта не датычыць перадвыбарчай атмасферы, якая была крайне складанай. Нягледзячы на імідж Грузіі як дэмакратычнай краіны, беларусы бачылі “радзімыя плямы” адміністрацыйнага рэсурсу: вулічны кантроль выбарцаў, іх фільмаванне. Гэта можна расцаніць як ціск на выбарцаў. Былі і ўсякія іншыя рэчы: напрыклад, чарніла, якім пазначалі пальцы, хутка знікалі, калі не патрасеш бутэлечку.

Назіральніца Валянціна Свяцкая кажа, што можна пазайздросціць агітацыйнай кампаніі, якая праходзіла ў Грузіі: “Бо для Беларусі такая агітацыйная кампанія – фантастыка. Калі месяц апазіцыйныя тэлевізійныя каналы працавалі кругласуткава на сваіх кандыдатаў, калі свабодна праходзілі мітынгі і акцыі, на якіх не было паліцыі”. Сп. Свяцкая назвала гэтыя выбары ў Грузіі “марай беларусаў” і патлумачыла, чаму: “Па-першае, выбары праходзілі ў адзін дзень, па-другое, празрыстыя скрынкі і відэакамеры на ўчастках, па-трэцяе, запіс для галасавання на даму спыняецца за два дні да выбараў. У камісіях – прадстаўнікі ўсіх партыяў, вялікія паўнамоцтвы маюць назіральнікі, якія таксама прадстаўляюць розныя арганізацыі і партыі. Іх больш, чым сябраў камісіі”.

Беларускіх назіральнікаў таксама прыемна здзівіла, як людзі адстойвалі свой выбар. Пасля закрыцця ў 20 гадзін участкаў выбарцы абляпілі вокны выбарчага ўчастка і не сыходзілі, пакуль не даведваліся вынікаў выбараў, а гэта магло быць і ў тры гадзіны ночы. Грузіны не чакалі на канапах, што нейкая невялікая частка грамадства будзе бараніць іх інтарэсы.

Назіральніца з Брэстчыны Ірына Лаўроўская высока ацэньвае выбарчае заканадаўства Грузіі, дзе прапісана ўсё, што можа выключыць фальсіфікацыі, і найперш – адсутнічае датэрміновае галасаванне. Яна кажа, што, канешне, былі спробы “каруселі” і іншых фальсіфікацый, але старшыня выбарчай камісіі ўважліва ставіўся да заўвагаў назіральніка – і парушэнні ліквідаваліся. Упершыню на ўчастку, дзе назірала Лаўроўская, з 800 выбаршчыкаў прагаласавала 240 – а не 90%, як звычайна, калі бюлетэні дакідваліся на карысць “патрэбнага” кандыдата.

На думку Алеся Меха, які таксама быў у камандзе назіральнікаў за грузінскімі выбарамі, галоўнае не тое, якое выбарчае заканадаўства, а тое, як тыя ці іншыя людзі выконваюць выбарчы закон.

Трэба адзначыць, што грузінскія прыхільнікі дэмакратыі высока ацанілі назіранне Міжнароднай місіі сеткі “Цэнтра плюралізму”.

Крыніца: spring96.org

Marta

Recent Posts

Праца, якую мы выбіраем

Па якіх крытэрыях ацэньваецца патэнцыйны працаўнік? Не ў апошнюю чаргу па правільна складзеным рэзюме. Гэта…

2 гадзіны ago

Музыка Савелій – пра сябе і арганізацыю вулічнай музыкі Берасця

Савелій Савянок – вулічны музыка, саліст і электра-гітарыст гурта «Distortion». Сава рознабаковы, цікавы і шчыры…

1 дзень ago

Лекавыя травы пасяліліся ў берасцейскіх дварах

А вы ведалі, што ў берасцейскіх дварах пачалі з’яўляцца клумбы з лекавымі травамі? Паразмаўлялі з…

3 дні ago

Вулічны музыка Вадзім і яго вялікі рэпертуар кавераў

Вадзім – вулічны музыка з рэпертуарам больш за 1000 песень, а таксама вельмі творчы і…

6 дней ago

Віктар Арабейка – патомны кінолаг

Кім яшчэ можа стаць чалавек, у якога лепшым сябрам з дзяцінства быў сабака Пілот, у…

1 тыдзень ago

Доўла – прафесія дапаможцы для маці

Не ўсе ведаюць прафесію з незвычайнай назвай – доўла. Праца доўлы – падтрымліваць і дапамагаць жанчыне падчас цяжарнасці,…

1 тыдзень ago