Доўла – прафесія дапаможцы для маці

Не ўсе ведаюць прафесію з незвычайнай назвай – доўла.

Праца доўлы – падтрымліваць і дапамагаць жанчыне падчас цяжарнасці, родаў і пасляродавага догляду за нованароджаным і парадзіхай. Доўлы праходзяць навучанне эмоцыям і псіхічнаму здароўю, і яны могуць дапамагчы парадзіхам знайсці дадатковыя рэсурсы для задавальнення запатрабаванняў псіхічнага здароўя падчас цяжарнасці, родаў і пасляродавага перыяду. Мэта доўлы – дапамагчы сем’ям адчуваць падтрымку і інфармаванасць падчас цяжарнасці і пасля родаў.

Ёсць такая доўла і ў нашым горадзе. Сёння з задавальненнем пазнаёмім вас з Вольгай, прафесійнай сертыфікаванай доўлай і разбяромся, што гэта за праца, каму і навошта яна патрэбная.

Сама Вольга – маці чатырох дзетак і таму добра і не па чутках ведае і пра роды, і пра адчуванні парадзіхі, і пра боль і праблемы маладой жанчыны, маладой маці. І як кажа яна сама, у памагаючыя прафесіі людзі прыходзяць не проста так – часта яны закрываюць свае ўнутраныя праблемы, праз сваю асобную гісторыю і праз свае інтарэсы.

Спачатку Вольга марыла стаць хірургам. Але лёс не склаўся і яна пайшла вучыцца на псіхолага. Потым ажанілася, і калі зацяжарыла – апынулася ў брэсцкім клубе для цяжарных, які існуе да сея пары. І засталася там больш за 10 год. Як лектарка і вядоўца, распавядала і дапамагала будучым мамам найлепей падрыхтавацца да новай ролі ў сваім жыцці.
Нашае грамадства станоўча ставіцца да цяжарных жанчын – ім дапамагаюць, даюць месца, усміхаюцца і берагуць. А вось маладой маме шанцуе не так – на першае месца ставяць немаўля, а жанчына адсоўваецца на другі план – галоўным становіцца маленькі народжаны чалавек, а маці толькі неабходны дапамагаты. І гэта часам і балюча, і горка. То бок жанчына, якая прайшла праз фізічныя, псіхалагічныя і эмацыйныя змяненні і выпрабаванні не мае часу нават на маленькі адпачынак ці час на сябе.

Колі Вольга зацяжарыла ў трэці раз яна зразумела як істотна – правільна аднаўляцца і напаўняцца моцам і энэргіяй. Ужо тады яна абрала прафесію доўлы і пайшла вучыцца ў цэнтр перанатальнай падтрымкі ў Расеі. І атрымала сертыфікат.
Чацвёртая цяжарнасць – гэта быў час, калі ўсе атрыманыя веды Вольга спрабавала на сабе.

Зараз доўлы маюць магчымасць і навучацца, і пашыраць свае веды, і атрымліваць дыплом. Вольга мае такі – дыплом дзяржаўнага ўзору аб прафесійнай перападрыхтоўцы. Права на вядзенне прафесійнай дзейнасці ў сферы «Сацыяльная праца» па праграме «Пасляродавая доўла». Такая прафесія, хоць і не надта знаёмая, існуе ў нашай краіне. Доўла не лекарка, не педыятр, не псіхолаг. Гэта асобная прафесія пра індывідуальную дапамогу жанчыне ў родах і пасля іх.
Час, калі нарадзіўся маленькі чалавек – гэта час выпрабавання для маладой маці. Яна жыве ў рэжымешматзадачнасці, асабліва ў першыя месяцы пасля родаў. Мяняецца ўсё – жанчына яшчэ не адышла ад фізіялагічнай болі і наступства родаў, а ўжо кругласутачна трэба клапаціцца і пра малое, і пра мужа, і пра дом. Працы і клопатаў столькі, што жанчына забываецца на сябе і ставіць здароўе, свой знешні выгляд, сваё самаадчуванне на апошняе месца. А Вольга лічыць і мае рацыю, што калі маці шчаслівая, то і кожнаму члену сям’і хопіць увагі і клопату.

Разам с новым чалавекам, нараджаецца і новая мама, – лічыць Вольга. Ёсць мамы вельмі размеркаваныя, сталыя і ў сабе, і сваіх здольнасцях, яны ўпэўнена стаяць на сваіх нагах. Бываюць і іншыя – якія пакуль якія чакаюць на парады, не заўсёды ведаюць, як рабіць і што. Вось дзеля таго, каб дапамагчы жанчыне і падрыхтавацца да жыцця з маленькім пасля народзінаў дапамагае доўлы. Гэта не прафесійная медыцынская сястра, гэта не лекарка, якая будзе даваць нейкія парады. Гэта дапаможца, якая прах інфармацыйную, псіхалагічную, фізічную і нават цялесную падтрымку дапаможа пражыць не лёгкі перыяд. Вольга дапамагае і падтрымлівае парадзіху, вучыць, як арганізаваць працэс дапамогі блізкіх, як атрымліваць дапамогу і вучыць цялесным практыкам, каб не забывацца, што менавіта здаровая і шчаслівая маці – лепшы сябра сваёй сям’і.

Цяжарнасць, як кажуць, гэта не тры трыместры, а чатыры – менавіта першыя тры месяца пасля родаў – самыя складаныя. І калі ў гэты час правільна арганізаваць працу, дапамогу і падтрымку, жанчына паспяхова справіцца з новым статусам і новым выпрабаваннем і новай роляй. Доўла дапамагае сваім вопытам, як лепш абнавіць стан свайго арганізма,  прапаноўвае цялесныя практыкі, дапамагае расслабляцца і адчуваць свой арганізм, сваё цела.

Ёсць доўлы, якія валодаюць тэхнікамі масажу, і тады пасля родаў яны дапамагаюць жанчыне аднавіць цела. Гэта могуць быць падвязвання жывата для падтрымкі органаў малога таза ці для таго, каб хутчэй прыбраць жывот і прыйсці ў форму. Доўла можа падказваць простыя рэчы – як садзіцца або ўставаць без болю або як браць дзіця на рукі. Пасляродавыя доўлы даюць сем’ям інфармацыю і падтрымку па кармленні немаўлят, іх супакойванню і навыкам пераадолення цяжкасцей для маладых бацькоў. Яны таксама могуць дапамагчы з лёгкай працай па хаце, прыгатаваць ежу і дапамагчы ўцягнуць дзіця старэйшага ўзросту ў гэты новы вопыт. І галоўнае – дапамагчы жанчыне спраўляцца ў будучыні з праблемамі самастойна, без дапамогі доўлы.

Ёсць і такая цікавая практыка – спавіванне. Калі жаночае цела 9 месяцаў рыхтавалася да новай ролі, да нараджэння новага чалавека – яму будзе вельмі прыемна атрымаць “дзякуй”. Спавіванне – гэта своеасаблівае дзякуй для цела, вельмі прыемная шматгадзінная практыка. Гэта і ванна, і масаж, і арт-тэрапія для цела. Яна можа доўжыцца 5-6 гадзін. Спавіванне – як кропка для новага этапу – этапу, калі цяжарнасць скончана, трэба працаваць з целам надалей, каб яно напаўнялася і ветліва адказвала ўзаемнасцю). Спавіванне – гэта паслуга не толькі дзеля жанчын, якія толькі нарадзілі. Спавіванне падыходзіць для тых, хто пражывае зараз складаны момант у жыцці, ці то развод, ці то пераезд, новая праца, ці яшчэ нешта.

У Вольгі ёсць не толькі паслугі доўлы. Ёсць групавыя сустрэчы для цяжарных жанчын – пра гэта можна даведацца праз сацыяльныя сеткі. Зараз век інтэрнэт, век анлайн сустрэч, але сустрэчы афлайн і жывыя суполкі – гэта зусім іншыя адчуванні і іншыя вынікі.

Сусвет Вольгі – гэта яна сама і яе сям’я. Здаецца, яны ўжо не існуюць адно без другога. Прынамсі дзень Вольгі будуецца ў залежнасці ад сям’і, яе патрабаванняў і рэжыму. Сям’я – партнёрства, і не надта адрозніваецца ад бізнесу з пункту гледжання арганізацыі дня. Складаецца план, частка працы дзеліцца і перадаецца. Калі ўсе ўдзельнікі ведаюць, чым і калі займацца, хопіць часу і на працу, і на гульню, і на вандроўкі.

Як прафесійная доўла, яна ведае, як істотна адпачываць, мець час на сябе. І практыкуе амаль усе практыкі на сабе. Сябруе, даглядае сябе, жыве цікавае жыцце і напаўняе сябе энергіяй, сваю сям’ю і людзей побач. Прынамсі, як і любая жанчына, не паспевае зрабіць усё, нават не пытайцеся пра такое пытанне. Яна даўно вырашыла для сябе, што галоўнае – не ўсё паспець. Галоўнае – паспець зрабіць істотныя рэчы. А гэта – правесці час з сям’ёй, адпачыць і падурэць з дзецьмі. Галоўнае – галоўным рэчам.

На жаль, пакуль гэтая прафесія не вельмі распаўсюджаная, у горадзе такіх спецыялістаў – па пальцах адной рукі пералічыць можна. І Вольга лічыць сябе не толькі першапраходцам, але і адчувае велізарную адказнасць за тое, каб надалей да гэтай прафесіі адносіліся сур’ёзна і з павагай. А таму – падыходзіць да працы з усёй адказнасцю.Вось што лічыць Вольга сваёй місіяй:
Мая місія – паказаць максімальна вялікай колькасці дзяўчат, што быць мамай можа і павінна прыносіць радасць. Так, гэта складана, але гэта і шчасце, і новы вопыт, які і можа і павінен быць прыемным, утульным і бяспечным. Галоўнае – акружыць сябе падтрымкай і клопатам. Я за жаночае здароўе і шчаслівы перыяд мацярынства. Шчаслівая мама – шчаслівае дзіця і шчаслівае асяроддзе. Такая маці навучыць і сваю дачку ў будучыні быць добрай і правільнай маці для сваіх дзяцей.

Дзіця – гэта цуд. І быць мамай – цуд так сама. Таму цуд мае быць прыемным, лёгкім і шчаслівым!

І невялічкі бліц з пытаннямі і адказамі:
1. Кава ці гарбата?
Гарбату піць, а каву ўдыхаць
2. Кот ці сабака?
Сабака
3. Экстраверт ці інтраверт?
Экстраверт
4. Дом ці кватэра?
Дом
5. Адпачынак на моры ці ў гарах?
Актыўны ў гарах каля мора
6. Сава ці жаўрук?
Жаўрук
7. Кніга ці кіно?
Кніга – для сябе, кіно з сям’ёй
8. Любімае месца ў Берасці?
Там, дзе дом
9. Жыццёвае крэда?
Бог ёсць каханне.

 


  • Калі вам хочацца дазнацца больш пра паслугі доўлы ці проста цікава паглядзець за шляхам шчаслівай сям’і з чатырма дзецьмі раім падпісацца на інстаграм старонку Вольгі.
Ulyana

Recent Posts

Музыка ў сэрцы: гісторыя вулічнай спявачкі Наталлі

Для Наталлі кожны акорд, кожная нота – гэта магчымасць падарыць людзям радасць і натхненне, што…

17 гадзін ago

Маміна ежа. Нутрыцыёлаг распавядае, што есці, каб пазбегнуць хвароб

Мы ёсць тое, што мы ямо. Так, вельмі знаёмы выраз, але не меней ёмкі. Наша…

20 гадзін ago

Фота, якія дапамагаюць жывёлам знайсці дом

Праект Pet-à-Porter ў Берасці – гэта інтэрнэт-пляцоўка, якая дапамагае сустрэць жывёлу і будучага гаспадара. Фатографы,…

2 дні ago

Як жывецца тым, у каго ўжо ёсць сабака?

Жывёлы, на наш погляд, не толькі сябры чалавека, але і істоты, якія значна паляпшаюць нашае…

2 дні ago

Праца, якую мы выбіраем

Па якіх крытэрыях ацэньваецца патэнцыйны працаўнік? Не ў апошнюю чаргу па правільна складзеным рэзюме. Гэта…

5 дней ago

Музыка Савелій – пра сябе і арганізацыю вулічнай музыкі Берасця

Савелій Савянок – вулічны музыка, саліст і электра-гітарыст гурта «Distortion». Сава рознабаковы, цікавы і шчыры…

7 дней ago