Categories: Тэзаўрус

Будзьма? Будзьма!

Дзеясловы загаднага ладу з канчаткам -ма (-мо), уласцівыя асабліва гаворкам поўдня і захаду Беларусі, шырока ўжываліся ў літаратурнай мове 1910–1920-х, калі стваралася «Новая зямля».

«Кіньма жа думкі аб долі гаротнай», пісаў, напрыклад, Багдановіч.

У нас любяць паўтараць выказванне сусветнай славутасці, што наша мова ў найбольшай чысціні захавала агульнаславянскае, спрадвечнае. А як даходзіць да рэальнай патрэбы прызнаць нарматыўнасць якога-небудзь спецыфічнай беларускай моўнай з’явы, то хутчэй спяшаемся аднесці іх да ўстарэлых або дыялектных.

Гэтак Павел Шуба ў дапаможніку для студэнтаў «Сучасная беларуская мова. Марфаналогія. Марфалогія» (1987) узяў ды абвясціў форму на -ма: хаваймася, ежма, станьма, дайма — «дыялектнай». Гэта была форма русіфікацыі: выцясняць з нормы ўсе граматычныя формы, што не супадалі з расейскімі.

Нягледзячы на такія спробы, пісьмова-літаратурная івусна-гутарковая практыка беларускага народа збольшага захавала спрадвечнабеларускія выразы, у тым ліку для выказвання загаду, пажадання, просьбы. І што надта важна, гэтае зберажонае, захаванае ўсё часцей бярэцца да ўжытку.

Людзі! Ратуйма нашых дзяцей (Маладосць. 1994. № 6).

Усё на свеце павучальна. Не лянуймася вучыцца (Звязда.15.10.1993).

Не спяшаймася секчы (Мінская праўда. 20.09.1990).

Не забываймася, што Ісламская рэвалюцыя таксама доўжылася амаль паўтара года (Наша Ніва. 24.06.2009).

Лунае высокае рэха: яднаймася! (Н.Мацяш).

Ну, браткі-беларусы! Павіншуймася і з гэтай нагоды (Н.Гілевіч).

Згадайма такія цэнтры, як «Менск», «Полацк» (В.Скарабагатаў).

Загляньма ў раздзел [кнігі]… (Л.Корань).

Спяшаймася! Пойдзем лесам да ракі (М.Лынькоў).

Станьма, брацця, у шых паходны (Алесь Гарун).

Варта адзначыць: форма загаднага ладу з канчаткам -ем (-эм) таксама правільная і беларуская, і ўжываць яе зусім нармальна.

У сваім доме навядзем парадак самі (ЛіМ. 17.05.1991).

Але набярэмся смеласці і… спусцімся ў лёхавую частку дома (Звязда. 14.01.1992).

Зберажэм усё роднае (Беларуская мова і літаратура ў школе. 1991. № 1).

Азірнемся, напрыклад, на Польшчу (Крыніца. 2001. № 3).

Бярэмся, унучак. Пакуль той рух, пакуль паз’язджаюцца… дык мы і зробім яшчэ сёе-тое (Ф.Янкоўскі).

Але зірнем з дарогі ўправа (Якуб Колас).

У некаторых дзеясловаў формы 1-й асобы множнага ліку абвеснага і загаднага ладу супадаюць: рэжам, спяваем, прысядзем. Гэтыя дзеясловы ўтвараюць таксама формы загаднага ладу з дапамогай канчатка -ма: рэжма, спявайма, прысядзьма.

Дзеяслоўныя формы з канчаткам -ма — патрэбныя, адметныя, яны вызначаюць самабытнасць роднай мовы і служаць захаванню яе сістэмы.

Таму на заканчэнне хочацца пераадрасаваць усім нам, носьбітам і захавальнікам роднай мовы, словы Янкі Купалы:

Дык любімася, суседзі,
Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
Адной нашай маткі.

Крыніца: nn.by

Фота: generation.by

Darya

Share
Published by
Darya

Recent Posts

Праца, якую мы выбіраем

Па якіх крытэрыях ацэньваецца патэнцыйны працаўнік? Не ў апошнюю чаргу па правільна складзеным рэзюме. Гэта…

2 дні ago

Музыка Савелій – пра сябе і арганізацыю вулічнай музыкі Берасця

Савелій Савянок – вулічны музыка, саліст і электра-гітарыст гурта «Distortion». Сава рознабаковы, цікавы і шчыры…

4 дні ago

Лекавыя травы пасяліліся ў берасцейскіх дварах

А вы ведалі, што ў берасцейскіх дварах пачалі з’яўляцца клумбы з лекавымі травамі? Паразмаўлялі з…

6 дней ago

Вулічны музыка Вадзім і яго вялікі рэпертуар кавераў

Вадзім – вулічны музыка з рэпертуарам больш за 1000 песень, а таксама вельмі творчы і…

1 тыдзень ago

Віктар Арабейка – патомны кінолаг

Кім яшчэ можа стаць чалавек, у якога лепшым сябрам з дзяцінства быў сабака Пілот, у…

2 тыдні ago

Доўла – прафесія дапаможцы для маці

Не ўсе ведаюць прафесію з незвычайнай назвай – доўла. Праца доўлы – падтрымліваць і дапамагаць жанчыне падчас цяжарнасці,…

2 тыдні ago