Грамадства

Незалежная журналістка скардзіцца старшыні Вярхоўнага суда

Фотакарэспандэнт Мілана Харытонава аспрэчвае раней вынесенае рашэнне суда першай інстанцыі  і вызначэнне калегіі па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда ў справе абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Паводле Праваабарончага цэнтра “Вясна”

Сёлета 20 сакавіка суд Маскоўскага раёна Брэста адмовіў Мілане Харытонавай у задавальненні пазову, які яна падала супраць карэспандэнта дзяржаўнай газеты “Брестский вестник” Уладзіміра Міневіча, які змясціў на адным з мясцовых інтэрнэт-парталаў абразлівыя каментары на адрас незалежнай журналісткі. Падставай для адхілення пазову суд прызнаў высновы лінгвістычнай экспертызы, з якіх вынікала, што ніякіх абразаў у допісах карэспандэнта “Брестского вестника” не было: ён хоць і выказваў негатыўныя меркаванні, але карыстаўся сваімі канстытуцыйнымі правамі. Пазней калегія па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда сваім вызначэннем ад 6 мая пакінула касацыйную скаргу Міланы Харытонавай без задавальнення, а рашэнне суда першай інстанцыі – без зменаў

У сваёй скарзе на імя старшыні Вярхоўнага суда РБ незалежная журналістка называе рашэнне суда першай інстанцыі і вызначэнне калегіі абласнога суда незаконнымі і неабгрунтаванымі, просіць запатрабаваць з суда Маскоўскага раёна г.Брэста матэрыялы згаданай грамадзянскай справы, вынесці пратэст і накіраваць справу на новы разгляд.

Крыніца: spring96.org

Пакінуць адказ