DzeЦікава & Ко

Экскурсіі па Берасцейшчыне

Берасцейская экскурсаводка Таццяна захаплялася гісторыяй Беларусі з дзяцінства. Школьныя падручнікі з сухімі фактамі і чорна-белымі фотаздымкамі падаваліся ёй нецікавымі – увесь час мроілася, што сапраўдная гісторыя краіны недзе схаваная, зашыфраваная ці закапаная. Падавалася, што да яе трэба дайсці, адшукаць і разгадаць – менавіта гэтым жанчына займаецца цяпер.

Таццяна ладзіць экскурсіі па Берасцейшчыне, да яе звяртаюцца як прадстаўнікі беларускіх турфірм, так і асобныя людзі. Апроч таго, яна займаецца стварэнням аўтарскіх тэматычных экскурсій па Берасцю, дзе жыве і працуе большую частку жыцця. Не гледзячы на тое, што сама жанчына паходзіць з Гарадзенскай вобласці, Берасце стала для яе месцам, дзе яна пачуваецца цалкам як дома – пэўна, адсюль і жаданне паказаць горад ва ўсей ягонай своеасаблівай прыгажосці. На жаль, большасць турыстаў, трапляючы ў Берасце і наваколле, звяртае ўвагу на найбольш тыповыя і папулярныя лакацыі: крэпасць, алею ліхтароў, вуліцу Савецкую, Белавежскую пушчу… Таццяна лічыць, што такім чынам сам горад і яго сапраўдны дух застаюцца нібыта па-за межамі цікаўнасці.

 

Замест банальных славутасцяў савецкіх часоў, Таццяна паказвае розныя бакі Берасця, распавядае пра розныя гістарычныя перыяды і розныя дзяржавы, у складзе якіх знаходзіўся горад. Сярод любімых месцаў Берасця Таццяна называе, сярод іншага, раён польскай забудовы ў буфернай зоне паміж горадам і крэпасцю: вуліцы Ліванеўскага і Харужай, частка вуліцы Леніна. Прыкладам архітэктуры старога Берасця, які выдатна перадае асаблівы характар горада, Таццяна лічыць вуліцу Савецкіх пагранічнікаў. Яшчэ адна ўлюблёная лакацыя – аптэка Грынзберга на вуліцы Савецкай.

Па адукацыі Таццяна інжынер-будаўнік – таму нядзіўна, што менавіта архітэктурныя асаблівасці становяцца канцэптуальным цэнтрам яе экскурсій. Тым больш, што ў Берасці побач можна знайсці шмат архітэктурных стыляў і перыядаў: ад забудовы часоў Расейскай імперыі да канструктывізму. Асабіста для жыхароў горада Таццяна праводзіць экскурсію «Хронікі Брэст-Літоўска», прысвечаную лёсам берасцейцаў.

На думку Таццяны, асвета – гэта тое, што абараняе чалавека ад варварства. Вывучаючы сваю спадчыну, мы ствараем падмурак, які дапамагае нам выстаяць у цяжкія часы; абараняючы сваё, мы не паддаемся ўплывам зла. Акрамя таго, вывучэнне ўласнай гісторыі вучыць шанаваць чужую, з павагай ставіцца да іншых краін і культур. Таццяна падкрэслівае, што за апошнія гады цікаўнасць беларусаў да ўласнай гісторыі заўважна вырасла – людзі нарэшце зразумелі, што для таго, каб пабачыць прыгожы палац ці касцёл, не абавязкова ехаць кудысьці ў Еўропу: усё можна знайсці на сваёй зямлі.

 

Пакінуць адказ